У папярэдніх частках сумеснага праекта часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!” мы праплылі па Прыпяці , вывучылі характар і гаворку палешукоў, а цяпер настаў час Альманскіх балот, аднаго з самых загадкавых месцаў Беларусі.
Рассталіся мы на тым, што паход у Альманскія балоты трэба абдумаць, абмеркаваць, і гэта праўда: дайсці да палігона з боку Століна і вёскі Альманы практычна немагчыма: і далёка, і прапашча. Заходзіць у балота з боку палігона? Там пажар, там МНС і бомбы рвуцца.
— Як я вас пушчу? Ужо было сем выбухаў, а калі нешта магутнае выбухне? Хто за вашыя трупы будзе адказваць? — прыкладна так з намі размаўлялі ва ўсіх інстанцыях. Нагадаю, што лета-2015 у Беларусі экстрэмальна спякотнае, засуха, таму дзейнічае забарона на наведванне лясоў. А паход у падпаленыя тарфянікі, начыненыя выбухоўкай, — самі разумееце, нікому не хочацца браць адказнасць. Але дзякуй Дар’і Мікалаеўне Ляпешка, прэс-сакратару Міністэрства лясной гаспадаркі: дабро атрымана, нам будуць дапамагаць леснікі. У іх суправаджэнні паход адбудзецца.
— Адкуль бомбы? — спытае дапытлівы чытач, і я яму раскажу. З пачатку 60-х на тэрыторыі Альманскіх балот дзейнічаў авіяцыйны “Мерлінскі палігон”. Некалькі дзясяткаў гадоў балота шпігавалі снарадамі і бомбамі, зразумела, што ўзарваліся не ўсе. Пры гэтым ходзяць упартыя чуткі, пацверджаныя некаторымі фактамі, што ў балотах праводзіліся і ядзерныя выбухі: палігон нібыта арганізавалі як “прыкрыццё” першых ядзерных выпрабаванняў. У пачатку 60-х у гэтай мясцовасці было зафіксаванае павышэнне радыеактыўнага фону, і адразу ж быў арганізаваны палігон, таму версія цалкам праўдападобная.
Можа, мясцовыя нам нешта раскажуць? Пакідаем прычэп-дачу на базе і імчымся ў вёску Рубель.
У вёсцы нас чакае Аляксандр Пашкевіч, наш Сталкер-праваднік. Настроены рашуча і пазітыўна: хацелі палігона і Альманскіх балот— будуць!
Дарога да Альманскіх балоты ад вёскі Рубель не салодкая, на легкавой машыне можна не спрабаваць праехаць.
— Засуха! Раней тут і на трактары было не праскочыць, а цяпер вады няма. Высахла ўсё, вось і гарым…
У лесе на ўскраіне балотаў у паляўнічай хатцы сустракае Мікалай, памочнік па агульных пытаннях, ён жа скарбніца інфармацыі па балоце і па жыцці.
— Палігон? Палігон у нашым дзяцінстве быў як цяпер дзецям інтэрнэт, адзіная забава. Памятаю, кароў пасеш, бамбавік возьме нізка-нізка, каровы ўроссып. Бамбілі днём і ноччу, асабліва прыгожа было ноччу: асвятляльныя ракеты запусцяць, светла над балотам, нібы паўночнае ззянне. Грукатала так, што дрыжалі шыбы ў дамах, але мы прывыклі.
Ці быў ядзерны выбух да палігона? Ніхто дакладна не ведае. Некаторыя людзі кажуць, што нешта пайшло ў вайскоўцаў не так, і яны былі вымушаныя скінуць у Альманскія балоты некалькі бомбаў, штосьці ў іх там здарылася, вымушаная сітуацыя. Праўда гэта ці не, хто яго ведае. Адно магу сказаць дакладна: высялялі людзей хутка. Тут жа раней заселеная тэрыторыя была, мерлінскія хутары, людзі жылі. Выселілі ўсіх умомант: вайскоўцы прыехалі, людзей-рэчы пагрузілі і ўсё. Тады да двух асабліва не лічылі.
Па пацверджанне далёка хадзіць не трэба: варонкі ад авіябомбаў хоць і зараслі, але добра прыкметныя. Але таксама прыкметныя і сляды пражывання людзей: грэблі, рэшткі дарог.
Пільнае “гугленне” таго, што адбывалася на палігоне, пацвярджае меркаванне мясцовых жыхароў. Пра нейкае здарэнне і вымушаны выбух у Альманскіх балотах выказваюцца некалькі людзей. Іншыя кажуць пра тое, што вайскоўцам трэба было проста пазбавіцца ад бомбаў з ядзерным зарадам састарэлай канструкцыі. Пакуль няма рассакрэчаных дадзеных, можна абмежавацца наступным: дыму без агню не бывае.
За размовамі ідзе час. Аляксандр між тым цямніць і цягне: хлопцы, пешшу не раю ісці. Ну навошта вам? Заблукаеце ці яшчэ што. Я, кажа, ужо патэлефанаваў мясцоваму генію на самаробным балотаходзе, праедзем па Альманскіх балотах з ветрыкам. Заадно і свае ўчасткі лесу пагляджу, ці ёсць там людзі, як сітуацыя з пажарамі. Таму чакаем гуру на балотаходзе, гуляем вакол хаткі.
У Альманскіх балотах пацешыць сябе лёгка: ад хаткі адышоў, чарапаху знайшоў.
Знаёмцеся, балотная чарапаха, занесеная ва ўсе Чырвоныя кнігі, свабодна поўзае па Альманскіх балотах.
Тут на сцэне з’яўляецца “Оптымус Прайм” “рублёўскай” зборкі, тварэнне мясцовага механіка Вовы. Самаробны трактар-балотаход з агрэгатамі, знятымі з мішэняў Альманскага палігона.
— Раздатка ад БРДМ… Хлопцы знялі, ім, аказалася, не патрэбна, — так Вову падарылі, ён якраз моцную для трактара шукаў.
Пасля невялікай нарады Уладзімір паведаміў, што ведае адно месца, дзе яшчэ засталіся БТРы. А ўвогуле, антапрагенны фактар ачысціў палігон ад металалому.
— Вам трэба было ў годзе 1995-м прыязджаць! Тады ўсяго тут было: самалёты стаялі, танкі, БМП, БРДМ, ГАЗы, ЗІЛы, усяго навалам. Тэхніка ў асноўным спісаная, патрапаная — але былі і амаль новыя машыны, толькі без акумулятараў яны стаялі. У адной вёсцы да гэтага часу выкарыстоўваюць ГАЗ-63, які ў 90-я прыгналі з палігона. І, сур’ёзна, у пачатку 90-х на дыскатэку на танку прыехалі хлопцы, яны яго завялі, ездзіць пасля войска ўмелі, прыехалі пафарсіць.
Вось тады быў час! Украінцы першымі зразумелі, што да чаго, пачалі самалёты выцягваць, у іх шмат каштоўнага было. А там ужо ўсе падцягнуліся: на метале з Альманскага палігона да гэтага часу многія жывуць. Некаторыя ўстановы так план па металалом рабілі гэтым ваенным жалезам.
Словы лёгка пацвярджаюцца інтэрнэтам: фота з экспедыцыі, якая адбылася некалькі гадоў таму. Паўразабраныя каркасы ваеннай тэхнікі, снарады: Альманскія балоты нафаршаваныя жалезам, як навагодняя гусь.
Група крыві на рукаве, настрой баявы, на самаробным балотаходзе з ваеннай “раздаткай” мы сыходзім у лес.
Аўтар балотахода саромеецца, закрывае твар чарніцамі, але Аляксандр з Мікалаем патрабуюць зрабіць яго галоўным канструктарам МТЗ.
— Колькі гадоў працуем, а трактара добрага для леснікоў пакуль ніхто не зрабіў, каб па балотах хадзіць. Пажар здарыўся на балоце, “Уралам” да яго не даедзеш, звычайным трактарам таксама не падыдзеш. Дык мы Вову просім, грузім у кузавок бочкі з вадой, ставім кампрэсар — вельмі ратуе яго “трактарэц”.
Як аўтамабільны журналіст са стажам скажу шчыра: добрая інжынерыя. Усё прадумана, усё акуратна. Пры гэтым: ломкая рама а-ля “Кіравец”, дызельны матор Volkswagen 1,6, шыны ад “КрАЗа”, нарэзаныя ўручную, і фантастычная праходнасць.
Вага невялікая, ціск на грунт маленькі, ехаць можна там, дзе не пройдзе чалавек.
Пасля першых пяці кіламетраў стала зразумела, чаму Аляксандр не хацеў ісці пешшу: засуха на Палессі, а ў Альманскія балоты вады столькі, што “трактарэц” у некаторых месцах плыў, а не ехаў. Прычым гэта толькі пачатак шляху, а Альманскія балоты — гэта 94 тысяч гектараў, роўна 3 гарады Мінскі з прамзонай, таму на “трактарцы” мы ўбачым значна больш. Ды і Аляксандр агледзіць увесь свой лес.
”Трактарэц” і праўда па старых сцежках едзе як месяцаход: шынам не страшныя праколы, пры гэтым агульная вага канструкцыі мінімальная, рама “ломіцца”, шырк-шырк, чалавек правальваецца, а “трактарэц” едзе.
— Ён яго два ці тры гады тут па балотах мучыў! Зломіцца нешта, Вова зноў цягне трактар у гараж, думае, чаму зламалася, ліквідуе прычыну, эксперыментуе з агрэгатамі…
Пакуль Антону ў кабіне чытаюць лекцыі па матчастцы, у мяне аглядная экскурсія па Альманскіх балотах і Мерлінскім палігоне.
— Былі тут і няшчасныя выпадкі, тут увесь былы сацыялістычны блок лётаў, дык лётчык, па-мойму, з Чэхіі разбіўся. За верхавіны дрэў зачапіўся і ўсё. Але лётаць, зразумела, не перасталі. Аэрапорт і база ў іх у Лунінцы былі, там замежнікаў больш было, чым цяпер у Мінску. Глядзі, глядзі, галінкай вока не выкалі! — усё ж сафары па Альманскіх балотах патрабуе пэўнай акуратнасці, не радыяцыяй сябе заб’еш — дык галінкай.
Калі хто-небудзь думае, што балота — гэта глухое месца, то памыляецца: у балоце “дзвіжуха” — як у партызанскім лесе. Цені знікаюць апоўначы, але яны ёсць: “журавіннікі” разбіваюць лагеры, уладкоўваюць восеньскае жытло. Браканьеры ўсіх абыходзяць бокам, турысты ўцякаюць ад леснікоў, леснікі бегаюць за турыстамі, украінцы шукаюць, дзе б дрэва спілаваць, памежнікі глядзяць, каго б затрымаць: Альманскія балоты ўяўляюць сабой велізарнае “партызанскае” месца, дзе няма выпадковых людзей, але яны там ёсць.
Паступова па меры прасоўвання заканчваецца лес. Гэта значыць, што пачынаецца самае суровае балота. Кволыя дрэўцы і тонкі шарон з каранёў пад нагамі.
— Дурань Вова, — каментуе Аляксандр, — я ж яму казаў, захраснеш…
Мы скандуем “Вова, гані”, таму што клыпаць па балоце ўжо перахацелася, а да “спецпалёў” палігона мы так і не дабраліся.
Вова гоніць, на прыпынках прагназуючы нядрэнны ўраджай журавін у гэтым годзе. Я ж канстатую наступнае: знікае выдатны турыстычны аб’ект. Вандроўка па Альманскіх балотах — сафары, не горшае за хэмінгуэеўскія падарожжы па Афрыцы. Галоўнае — даць спажыўцу якасны прадукт: замовіць у Вовы пасажырскую версію балотахода месцаў на дзесяць, распрацаваць маршрут і зноўку зацягнуць у балота некалькі пабітых танкаў.
Для замежніка візіт на калісьці засакрэчаны савецкі палігон, ды на такім транспарце, ды па такім балоце — сам бы з Мінска панёсся на такую прыгоду, без размоваў.
Найлепшае, што можна было зрабіць у 90-я, — закансерваваць палігон, абнесці калючым дротам і забараніць расцягваць “экспанаты”. Цяпер быў бы атракцыён сусветнага ўзроўню: і балота, і радыяцыя, і бомбы, і снарады, і танкі, і самалёты.
Такі турыстычны аб’ект зрабіць яшчэ не позна: на складах ваеннай тэхнікі шмат, можна зноўку перацягнуць.
Антрапагеннай нагрузкі можна не баяцца: людзі і так ходзяць і ездзяць па балоце. Можна выкарыстаць ужо пратаптаныя сцежкі.
Паглядзіце: класічная “журавінавая” сцежка. Ляжаць кладачкі, бярвенні, восенню тут будзе пешы аўтабан. І замест мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі можна проста манетызаваць кладачкі, такі турыстычны аб’ект знікае.
Мы паміж тым на “трактарцы” выскокваем на сухое месца — паводле легендаў, на месцы Альманскіх балот было мора Герадота, і да гэтага часу ў ваколіцах знаходзяць якары і рэшткі караблёў. Тут, “на выспачцы”, павінныя быць абяцаныя Вовам БТРы, але нічога няма, пуста!
Усё, што ад засталося ад ваеннай тэхнікі.
— Засуха! Бачыш, нават “Амкадорам” змаглі сюды заехаць, калупалі будзь здароў. Раней сюды ніяк не даехаць было, вось БТРы і стаялі. А тут не ведаю хто папрацаваў, можа, вайскоўцы, можа, яшчэ якая арганізацыя. Але дакладна не прыватніка рук справа, куды прыватнік БТР здасць, падсудная ж справа.
Нам застаецца канстатаваць, што ў чэрвені 2015 года на былым Мерлінскім палігоне амаль нічога не засталося: засуха справакавала новы вываз мішэняў. Тое, што засталося, — дзіцячы лепет і дзіцячы сад.
Дзе-нідзе ляжаць яшчэ рэшткі самалётаў, але гэта фрагменты, а па расказах відавочцаў, стаяла тут цэлая авіяфлатылія калісьці.
— Ты бачыш, як зямлю вярнулі! Цэлую траншэю выкапалі!
Ганебны фінал: танкаў няма, падае ноч, на небе выключаюць святло.
На гэтым наша экспедыцыя раздзяляецца: праваднікі едуць дадому да жонак, папярэдне адабраўшы ў нас запалкі. А ў экспедыцыі “дыван — кветкавая паляна”, начуем на сухім астраўку, назад выбіраемся пешшу.
На нагах стары паходны абутак. Адзенне: доўгі рукаў і доўгая калашына, перавязаныя вяровачкай, каб не трапіў клешч і яшчэ якая гадасць, стартуем.
Самы папулярны час для прагулак па Альманскіх балотах — позняя восень, калі зямлю за ноч падмарожвае, і па намарожаным шарану значна лягчэй ісці. Але ў засуху таксама нядрэнна.
Як і пісаў, структура Альманскіх балот: то вышыня, то нізіна. Дно старога мора, няйначай.
“Дык мы з дзяцінства памятаем: у балоце стары драўляны карабель стаяў. Згарэў потым пры пажары”, — успамінаюцца словы Аляксандра і Мікалая.
Вельмі хутка кожны ўдзельнік абзавёўся палкай, яна проста неабходная для “прамацвання” балота. Кожны крок спачатку прамацваеш, потым робіш.
Класічнае балота: з выгляду лужок, ёсць траўка, але ў гэтым лужку можна загразнуць сур’ёзна і надоўга.
Але нават такі дзікі край больш-менш акультураны: часта сустракаюцца прасекі і высечкі. Яны залітыя вадой, і калі неглыбока, значна прасцей ісці па іх, чым прадзірацца скрозь густы лес. Але, гуляючы па Альманскіх балотах, можна няўзнак зайсці на тэрыторыю Украіны: навігатар з прывязкай да мясцовасці не будзе лішнім
Калі так здарыцца, лепш мець з сабой і “пластыкавыя грошы” ў выглядзе карткі: у вадзе не тонуць, працуюць і за мяжой, дзякуй “Альфа-Банку” за выдадзеную экспедыцыі картку.
Блукаючы такімі прасекамі, зноў прыходзіш да думкі пра турызм: выдатнае беларускае сафары.
У кагосьці горы, у кагосьці мора, а ў нас яшчэ засталіся выдатныя балоты, дзе можна пераадольваць і адчуваць сябе пераможцам. Арганізаваць групы, выдаць праваднікоў — і калі ласка, праходзьце ініцыяцыю Беларуссю.
Праз гадзіны дзве-тры такой прагулкі цела пачынае падказваць, што спортам трэба займацца, і балоты, як ні круці, што тыя ж горы: патрабуюць падрыхтоўкі.
“Балота як возьме нагу… зацягне ўсяго. Душу зацягне…” — Іван Мележ, “Людзі на балоце”.
Пачынаем рабіць прыпынкі: нават сабачкі замарыліся. Таму для аматараў прыгод у Беларусі таксама ёсць месцы, важна толькі падрыхтаваць інфраструктуру: калі б не дазвол, штраф за такі паход — да 25 базавых велічынь.
Далей прасекамі паўзём: крыху спатыкнуўся — і зноў па калена.
Усё! Вярнуліся ў хатку леснікоў! Пра тое, што пешы тур быў не з лёгкіх, кажа выгляд сабакі на фота. Пры гэтым добра прайшліся. Не ведаю, ад каго залежыць рашэнне, але ўсё апісанае вышэй трэба ператвараць у турыстычны маршрут. Калі дадаць некалькі танкаў на палігон, атрымаецца добрая экскурсія для замежнікаў, а не проста паездкі па замках. Дарэчы, свае прапановы можаце адпраўляць на сайт www.belarusn.by, хлопцы зрабілі цікавы праект маршрутаў па краіне. Трэк па Альманскіх балотах трэба абавязкова туды дадаць: вельмі раю мясцовым леснікам заняцца пытаннем і арганізаваць сафары па-беларуску.
Самастойныя паходы не раю: радыеактыўныя плямы, неразарваныя снарады, рызыка пажару і штраф 25 базавых. Без правадыроў не лезьце.
А ў нас фінальная вячэра, true, local, па-беларуску.
Каўбаса самаробная, агуркі-памідоры мясцовыя, “рублёўскія”: здаецца мне, што леснікі ў гэтай краіне могуць быць апорай якаснага турызму.
Імчым далей: бярэм курс на вёску Альшаны, якая сваёй працай даказвае, што можна ў Беларусі жыць, і жыць нядрэнна. Працяг будзе!
P.S.
Радыяцыя і Мерлінскі палігон
У 1961 годзе ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці паблізу мерлінскіх хутароў адбылася рэзкая ўспышка радыеактыўнасці. Здарэнне зафіксавала шведская станцыя сачэння. Згодна з картай МАГАТЭ, у 1962—1963 гг. у Еўропе быў зафіксаваны ўсплёск утрымання цэзію ў атмасферы.
У 1961 і 1962 гадах з тэрыторыі Альманскіх балот выселілі некалькі тысяч чалавек, жыхароў мерлінскіх хутароў, тады ж быў створаны авіяцыйны палігон для краін — удзельніц былой Варшаўскай дамовы.
У 1974 годзе ў Маскве ў выдавецтве “Атомиздат” была выпушчаная кніга “Глабальныя выпадзенні цэзію-137 і чалавек”. Тыраж — 1650 асобнікаў. Змяшчалася яна толькі ў службовых бібліятэках. Праз некаторы час пасля выхаду кнігу пачалі канфіскоўваць з бібліятэчных фондаў. Згодна з дадзенымі гэтай кнігі, найбольш забруджанымі цэзіем былі Столін, Пінск, Давыд-Гарадок.
Большая частка гэтай кнігі — вынік даследавання ў 1968—1972 гг. глебы, расліннасці і прадуктаў харчавання на тэрыторыях, якія прылягаюць да Альманскіх балот. З дыяграм і табліц гэтага дакумента бачна, што ўзровень цэзію-137 у канцы 1968 года ў раёне палігона быў вельмі высокім.
У “Народнай газеце” ў 1991 годзе быў апублікаваны артыкул Аляксея Дуброўскага з назвай “Дачарнобыльская радыяцыя”, у якой сцвярджаецца, што тэрыторыі, прылеглыя да Альманскіх балот, былі забруджаныя і да Чарнобыля.
Уся вышэйпрыведзеная інфармацыя здабытая з інтэрнэт-крыніц і журналісцкіх матэрыялаў. Афіцыйнага пацверджання ёй няма.
Тэкст: Дзмітрый Навіцкі
Фота: Антон Шаўковіч, Вадзім Заміроўскі, orientir.by
Партнёры праекта:
Інфармацыйныя партнёры: