Як адкрыць антыкавярню і не закрыцца праз год, як здабыць папулярнасць і завабіць у гарадскую крэатыўную прастору наведнікаў на ўсе імпрэзы – пра гэта спрачаліся, дзяліліся досведам і сумневамі ў Мазыры на ток-шоў грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Ток-шоў мела назву “Крэатыўны горад: прастора для ўсіх” і было прысвечанае ўсім лакацыям, якія ствараюць энтузіясты ў сваіх гарадах: саматужна, не чакаючы ініцыятывы гарадскіх уладаў, а часцяком і вымагаючы ад уладных прадстаўнікоў чыннага ўдзелу. Гэта і антыкавярні, і арт-прасторы, і крэатыўныя кластары, і лофты – усё, што змяшчае людзей цікаўных і гатовых дзяліцца ведамі, плёнам творчасці, а таксама тых, хто балансуе паміж творчасцю і бізнесам, робячы створаную імі крэатыўную прастору галоўным заняткам у жыцці і крыніцай прыбытку.
Экспертамі выступілі Аляксандр Баранаў з Мазыра – гаспадар “Даліны Анёлаў”; Яўген Меркіс – гісторык, краязнаўца, стваральнік урбаністычнай ініцыятывы Smart Гомель; Уладзімір Булаўскі з Віцебска – стваральнік арт-прасторы Віцебск4ME, арганізатар культурніцкіх падзеяў.
Манастыр белых манахаў, запалкавая фабрыка “Маланка”, мэблевая фабрыка “Мазырдрэў”
“Даліна Анёлаў” – арт-прастора ў Мазыры, якая гасцінна прыняла спікераў і наведнікаў, – мае такую назву невыпадкова.
Пра неверагодную гісторыю гэтай лакацыі распавёў чалавек, які выратаваў яе ад знікнення – набыў за 13 базавых велічынь каля года таму. Так Аляксандр Баранаў узяў пад сваю адказнасць велізарныя плошчы і тузін будынкаў рознай ступені гістарычнай каштоўнасці – ад старажытнага кляштара да фабрычнай прахадной.
Анёлы – гэта прадстаўнікі даволі рэдкага ордэна Белых манахаў, так іх называлі мясцовыя жыхары за белае адзенне. Прытулак манахаў, які размясціўся ў прыгожым месцы над Прыпяццю, напаткаў той самы сумны лёс, як і іншыя культавыя пабудовы за савецкім часам. Варта згадаць толькі дзве назвы, каб цалкам уявіць, што сёння з сябе ўяўляе лакацыя цяперашняй арт-прасторы: запалкавая фабрыка “Маланка” і фабрыка мэблі “Мазырдрэў”. Апошняя збанкрутавала яшчэ ў 2011 годзе, і на тэрыторыі колішняга кляштара панавала запусценне.
– Я проста вырашыў, што нельга гэтае месца пакінуць руйнавацца, яго трэба выратаваць! – адказвае Аляксандр Баранаў на пытанне аб тым, што падштурхнула яго набыць Даліну анёлаў.
Зона не/адчужэння: цяжкая дыскусія ў Мазыры
Незвычайная гісторыя гэтага месца ўражвае і заварожвае, аднак пераход да сённяшняга дня ізноў выклікае спрэчкі. На пытанне вядоўцы імпрэзы Андрэя Стрыжака аб тым, ці змяніўся Мазыр пасля таго, як у ім з’явілася арт-прастора “Даліна Анёлаў” мясцовы актывіст Дзяніс Рабянок адказвае адназначна станоўча:
– Так, Мазыр змяніўся! Найлепшы тэатр Беларусі прыехаў да нас са спектаклем “Радзіва Прудок”, і спектакль адбыўся бясплатна. Які яшчэ горад Беларусі можа пахваліцца такой падзеяй? Як на мяне, то “Радзіва Прудок” у Мазыры – гэта адназначна гістарычная падзея.
З ім пагадзіўся і Аляксандр Баранаў. Змены ў Мазыры адбыліся не толькі ў новай арт-прасторы, але і ва ўсім горадзе па яе з’яўленні:
– Каля мазырскага замка ў цэнтры горада з’явіліся вулічныя музыкі. У горадзе тады гучалі розныя ідэі і чуткі: маўляў, з’явіліся яны не без падказкі чынавенства, а матывацыя была ў іх такая: “Калі тыя ў “Даліне Анёлаў” могуць усё рабіць бясплатна, то чым мы горшыя?”
Дарэчы, на пытанне аб самаакупляльнасці “Даліны Анёлаў” гаспадар адказвае адмоўна:
– Ніякай самаакупляльнасці. Гэта не бізнес! Са сваёй кішэні будзем плаціць арэнду і іншае. А калі не будзе грошай, давядзецца ехаць у Польшчу на заробкі.
“Даліна Анёлаў” існуе ў Мазыры першы год. І хочацца, каб першы, выпрабавальны, год паказаў жыццяздольнасць гэтай прасторы.
Атрымліваецца не ва ўсіх. Сумны досвед – і высновы, якія абнадзейваюць
Аповед Яўгена Меркіса быў вельмі цікавым, аднак не такім аптымістычным, бо расказвалася пра досвед Гомеля, які перажыў цэлы бум антыкавярняў і крэатыўных прастораў, але ў выніку поле, якое так густа засявалася, значна парадзела. Аднак Яўген Меркіс не бачыць у гэтым нічога трагічнага:
– Гэта проста бізнес. Гомель – вялікі горад, і нічога дзіўнага, што модная ідэя антыкавярняў знайшла шмат ахвочых паспрабаваць яе ажыццявіць. У адзін момант з’явілася вельмі шмат крэатыўных прастораў – і гэта спарадзіла канкурэнцыю. І хто сапраўды не змог прапанаваць наведнікам прывабных умоваў, хто не вывучаў рынак, хто разлічваў на хуткі прыбытак – той знік. Засталіся пераможцы.
Так, напрыклад, як від зніклі амаль адразу пасля з’яўлення каворкінгі, хаця жыхары Гомеля дагэтуль скардзяцца, што такіх установаў у горадзе не стае: іх уладальнікі проста не здолелі наладзіць бізнес, не ўкладаліся ні ў рэкламу, ні ў развіццё, а проста паставілі сталы і крэслы ў непрывабных “голых” пакоях.
Цяпер усе самыя значныя крэатыўныя прасторы сканцэнтраваліся ў цэнтры Гомеля. Скіраванасць у іх самая розная: гэта і вагончык-кавярня “Cup of Peacе”, чые імпрэзы выклікалі незадаволенасць гарвыканкама, бо былі значна папулярнейшыя за зладжаныя афіцыйна, і прастора “Паветра”, у першую чаргу прызначаная для мастакоў.
Беларускі Твін Пікс: дзівосы і жахі Рудабелкі
Ёсць у Гомелі і крэатыўныя прасторы вузкатэматычнай скіраванасці. Сярод такіх варта адзначыць Таварыства беларускай мовы. Але вузкая тэматычнасць засталася ў мінулым; цяпер у раскладзе гомельскай філіі ТБМ – і шведскія гурткі, і праваабарончыя кінапрагляды, і нават курсы ўкраінскай мовы.
Аднак адна гісторыя з крэатыўнымі прасторамі Гомеля сапраўды змушае засмуціцца. Гэта гісторыя антыкавярні “Флэт”:
– Першапачаткова “Флэт” размясціўся ў будынку збанкрутаванага аўтарамонтнага завода. Гаспадар Эльдар Аліеў здолеў прывабіць самых розных наведнікаў, і ў прасторы віравала жыццё. Аднак умовы побыту – адсутнасць вады і ацяплення – змусілі шукаць іншае памяшканне. “Флэт” пераехаў у значна лепшае месца – памяшканне ў гатэлі “Надзея”, у цэнтры горада, утульнае і ёмістае. Папулярнасць “Флэта” тады дасягнула такіх маштабаў, што, бывала, тры сустрэчы адбываліся ў адзін час. Аднак радасць была нядоўгай: арандадаўцы паказалі сквапнасць і заламілі такія касмічныя цэны за арэнду, што Эльдар Аліеў вымушаны быў згарнуць усю сваю дзейнасць у Беларусі і вярнуцца дадому ва Украіну.
Колішнія супрацоўнікі “Флэта”, аднак, падхапілі сцяг, які выпаў з рук былога гаспадара, і стварылі ўласную крэатыўную прастору з красамоўнай назвай “Каўчэг”. Яна паспяхова існуе ў Гомелі.
Наведнікі імпрэзы пагадзіліся, што галоўнай памылкай гаспадара “Флэта” было тое, што ён пачаў супрацу з дзяржаўнай установай, якая была зацікаўленая толькі ў тым, каб працаваць як мага меней. Цяпер памяшканне былой прафсаюзнай бібліятэкі, якую займаў “Флэт”, стаіць пустое, і іх гэта, відаць, задавальняе.
Аднак з такім падыходам катэгарычна не згодны Уладзімір Булаўскі.
Станоўчы досвед, парады і высновы
Уладзімір Булаўскі з Віцебска – гэта той “мастацкі кіраўнік з народа”, якому ўдалося наладзіць плённую супрацу з мясцовым чынавенствам. Якім чынам? Уладзімір Булаўскі сцвярджае, што галоўнае – прапанаваць штосьці карыснае абодвум бакам. Так, у мастацкіх, краязнаўчых, турыстычных аддзелах розных выканкамаў ёсць свае планы “мерапрыемстваў” – то чаму б не правесці свае імпрэзы пад эгідай горада?
– Не люблю падзел на “мы” і “яны”, супрацьпастаўлення “мы і ўлады”: мы жывём у адным горадзе, – удакладніў Уладзімір Булаўскі.
Сабраць спікераў з такім розным досведам было добрай ідэяй, прынамсі для плённай дыскусіі, бо ў кожнага быў свой погляд на вырашэнне праблемы. І з гэтай гутаркі можна было вынесці шмат ідэяў.
Напрыклад, ідэяў аб тым, як стварыць супольнасць людзей вакол крэатыўнай прасторы. Прагучалі парады пускаць да сябе вельмі розныя групы: і эколагаў, і евангелістаў. Бо адны прыйдуць на сваю імпрэзу, а потым – на імпрэзу да суседзяў. Досвед, напрыклад, Гомеля паказвае, што такія прасторы фармуюцца, і нават гарвыканкам мусіць з імі лічыцца.
Яўген Меркіс прывёў у прыклад тое, як вузкатэматычныя прасторы, такія, як ТБМ, таксама стварылі кам’юніці, пускаючы да сябе вельмі розныя гурткі: і беларускай, і англійскай, і ўкраінскай мовы. І гэтая прастора стала самападтрымлівацца: наведнікі ў стане самастойна падрыхтаваць памяшканне і імпрэзу, а з кіраўнікоў знятая частка адказнасці.
Абмеркавалі таксама разам з залай, улічваючы пажаданні, якія гурткі можна зладзіць у “Даліне Анёлаў”. Згадалі, напрыклад, шведскія гурткі, дзе ўдзельнікі навучаюць адно аднаго.
Рэчыца: лечыцца ці не лечыцца?
Наведнікі імпрэзы паскардзіліся на неактыўнасць жыхароў Мазыра, спаслаўшыся на менталітэт рэгіёна, праз які людзі не надта актыўныя.
Гэта лёгка аспрэчыў Уладзімір Булаўскі:
– Рэгіянальны менталітэт – гэта перажытак далёкага мінулага. Калі вы выходзіце ў інтэрнэт, вы ўжо не жыхар рэгіёна, вы роўны чалавек у сусветнай супольнасці. Магчыма, не ўсе ў Мазыры пакуль усвядомілі гэта. Аднак не варта адчайвацца, бо праз такое самаўспрыманне праходзілі ўсе гарады, у першую чаргу Мінск.
Спрабуючы патлумачыць нізкую актыўнасць гараджан, людзі спасылаліся і на асабісты прыклад, які адзіны можа спрацаваць, і на адсутнасць культуры бавіць час па-за домам.
Мадэратар Андрэй Стрыжак, аднак, дадаў аптымістычнасці ў гутарку, параўнаўшы сённяшні дзень з сітуацыяй дзесяцігадовай даўніны:
– Я гэта ўсё параўноўваю з 2001 годам, у якім мы б з вамі сядзелі не тут, а ў пастарунку, бо ўціскаліся ўсе актыўнасці. Але час змяніўся. Так, пакуль не ўсе разумеюць, як гэта нехта можа нешта рабіць не для сябе, не дзеля грошай, але, мяркуючы па колькасці крэатыўных прастораў, змены кардынальныя.
Яўген Меркіс распавёў пра шляхі, якімі можна распаўсюджваць інфармацыю пра “Даліну Анёлаў”; пра магчымасць завабліваць маладыя музычныя гурты, радыя выступіць дзе заўгодна; пра тое, што наведнікам не варта ўскладаць раскрутку мазырскай арт-прасторы толькі на гаспадара Аляксандра, трэба і самім распаўсюджваць інфармацыю паўсюль, дзе можна.
– “Будзьма” створаная для таго, каб падтрымліваць грамадскія ініцыятывы на месцах, і ў цёплай кампаніі ў халодным памяшканні нарадзілася шмат ідэяў, якія могуць разварушыць горад. Мы тут, спадзяёмся, не апошні раз. Разам да справы – і мы самі зробім сваё жыццё лепшым, – падсумаваў вядоўца.
Югася Каляда, budzma.by