Ёсць старая беларуская казка. Адзін чалавек, насуперак жорсткаму звычаю, пашкадаваў старога бацьку і не пакінуў яго паміраць у лесе — схаваў дома ў каморцы. А калі здарыўся голад, толькі парады мудрага старога выратавалі ад смерці ўсю вёску. Пасля таго нямоглых бацькоў больш не вывозілі ў лес, а даглядалі і шанавалі да самай смерці. У якім эпізодзе гэтага сюжэта сёння жыве беларускае грамадства? Як мы ставімся да пажылых людзей? Навошта чалавеку ва ўзросце ўніверсітэт? Ці ёсць жыццё на пенсіі? Хто сёння ў Беларусі дбае пра пажылых? Што будзе з нацыянальнай эканомікай, калі пенсіянеры дружна сядуць на лаўкі ля пад’езда? Чаму мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб пажылыя людзі не страчвалі цікавасці да жыцця і жадання дзейнічаць? Абмяркоўваем з Вітаўтам і Ланай Руднікамі, заснавальнікамі “Універсітэта залатога веку”, праграмы сацыяльнай, інтэлектуальнай і фізічнай актывізацыі пажылых людзей. Чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”
В.Р.: Мне некалькі разоў даводзілася сустракацца ў Польшчы з арганізатарамі і слухачамі так званых “універсітэтаў 3-га ўзросту”. Назіраючы ў час такіх сустрэч за пажылымі палякамі, я здзіўляўся таму, што ў людзей такога ўзросту, аказваецца, можа быць такая прага да навучання, спасціжэння новага, камунікацыі, падарожжаў… Маладыя людзі, што таксама там прысутнічалі, былі, як і я, проста ў захапленні. Дарэчы, пажылыя беларусы, трапляючы на такія сустрэчы, хочуць браць прыклад з польскіх аднагодкаў, удасканальваць сваё жыццё: падарожнічаць, развівацца, клапаціцца пра сябе, сачыць за ўласным здароўем… Яны бачаць, што паўнавартаснае, насычанае жыццё на пенсіі можа працягвацца. Проста для нас, беларусаў, гэта абсалютна нязвыкла.
— А адкуль у нас стэрэатып, што выйшаў на пенсію — і жыццё скончылася?
В.Р.: Па-першае, нашы людзі матэрыяльна забяспечаныя горш за сваіх аднагодкаў на Захадзе. Прынамсі ў Польшчы многія пенсіянеры могуць дазволіць сабе падарожнічаць па сваёй і суседніх краінах. Усебакова ацаніць матэрыяльнае становішча беларускіх пенсіянераў няпроста. Так, 70% нашых патэнцыйных навучэнцаў у анкетах ацанілі свой узровень забяспечанасці як “задавальняючы”, вельмі мала хто — як “дрэнны”. Але ж аднаму чалавеку дастаткова пенсіі ў 2 мільёны рублёў, а для другога гэта мізер. Адно ведаю дакладна: большасць пажылых людзей у Беларусі шмат у чым сабе адмаўляе. Матэрыяльнае становішча іх вельмі моцна абмяжоўвае.
Л.Р.: Сумна, але нашы пажылыя людзі, прапрацаваўшы ўсё жыццё, зарабілі сабе ў найлепшым выпадку на хлеб і малако. Ну, яшчэ каб дапамагчы дзецям, якія таксама не шыкуюць. Дарэчы, гэты нібыта абавязак дапамагаць дарослым дзецям таксама прывязвае пажылых людзей да ўмоўнай лаўкі ля пад’езда, да кватэры, да гадавання ўнукаў.
— Атрымліваецца нейкае спажывецкае стаўленне да пажылых людзей. Але як і калі яно ўзнікла? Што гэта — маладыя зусім расслабіліся ці сапраўды ўсё так дрэнна, што без дапамогі бацькоў-пенсіянераў не абысціся?
Л.Р.: На маю думку, гэта феномен яшчэ савецкага грамадства, у якім чалавек ніколі не меў дастаткова матэрыяльных сродкаў, каб рабіць тое, што яму хацелася б. Нашы бацькі і дзяды ўвесь час мусілі дбаць пра выжыванне — у той час пытанне і для маладых, і для пажылых людзей стаяла менавіта так. А разлічваць яны маглі толькі на сябе і сваіх блізкіх. Так і атрымлівалася: маладыя працавалі як маглі, каб зарабіць на сям’ю, а старэйшыя былі занятыя ўнукамі і ахвяравалі сваімі асабістымі інтарэсамі. У такіх умовах нашы людзі жылі дзесяцігоддзямі, а сёння мы бачым, што для многіх людзей сталага веку ўвесь сэнс жыцця замыкаецца на дзецях і ўнуках, а калі тыя сталеюць і раз’язджаюцца, робіцца ўвогуле незразумела, навошта жыць далей.
— Гэта стэрэатып, тыповы для нашага рэгіёна?
В.Р.: Хутчэй не стэрэатып, а асаблівыя сацыяльныя ўмовы жыцця пажылых беларусаў. На Захадзе людзі сталага веку маюць значна больш свабоды праз матэрыяльны дабрабыт, на Усходзе (краінах Азіі ці Каўказа) пажылых даглядаюць дзеці і ўнукі. У нас жа свая, адметная сітуацыя.
— Хіба ў нас так было заўсёды?
В.Р.: Калі я чытаю літаратуру ці нават прыгадваю, што казала мая бабуля, мой прадзед, то прыходжу да высновы, што раней старыя жылі да самай смерці ў сям’і, пры адным з дзяцей, а цяпер многія аказваюцца фактычна адзінокімі.
— А што здарылася?
В.Р.: Мне здаецца, усталяваўшыся тут, камуністычная дзяржава пачала руйнаваць два вельмі важныя фактары грамадскага жыцця — рэлігію і традыцыі, якія акурат сцвярджалі павагу да старэйшых, міласэрнасць, выхоўвалі перакананасць у тым, што кінуць нямоглага чалавека — грэх.
— Вось лічыцца, што традыцыі найдаўжэй жывуць у вёсцы. А якая там сітуацыя сёння?
В.Р.: Складаная. Больш-менш актыўнае жыццё ідзе ў так званых аграгарадках, але яны ствараліся ў былых цэнтрах калгасаў. Вёскі ж на перыферыі літаральна выміраюць: моладзь з’язджае, застаецца вельмі многа адзінокіх старых з сумнай перспектывай.
Л.Р.: Яны, пакуль ёсць сілы, займаюцца гаспадаркай — вось і ўвесь занятак. З забаў застаецца хіба што тэлевізар, нават у больш-менш вялікіх вёсках тыя ж дамы культуры часта пустуюць. У зносінах старыя таксама абмежаваны, а тут яшчэ і сямейныя сувязі робяцца ўсё менш трывалымі…
— Чаму?
В.Р.: Цяпер людзі раз’язджаюцца ўсё далей адно ад аднаго, ад сваякоў — чыста геаграфічна. Я памятаю сваё дзяцінства: тады здавалася, што калі нехта паехаў з вёскі ў суседні райцэнтр ці ў іншую вёску, за 10 кіламетраў, гэта ўжо далёка. Цяпер дзеці і ўнукі едуць з глыбінкі і ў Мінск, і ў Маскву, і далей. Таму, відаць, назіраецца тэндэнцыя, што ў некаторых раённых цэнтрах ствараюцца дамы часовага пражывання адзінокіх людзей сталага веку. Гэта значыць, што ў такі складаны сезон, як зіма, напрыклад, дапамагчы, дагледзець старога няма каму — часта праз тое, што сваякі жывуць далёка.
— Мы гутарылі пра тое, што ўмовы і лад жыцця беларусаў змяняюцца, а разам з імі — і адносіны паміж сваякамі, і светапогляд. З’яўляюцца і новыя магчымасці, і новыя праблемы. Як у сучаснай сітуацыі людзі сталага веку бачаць свае праблемы і як адаптуюцца да новых умоваў?
В.Р.: Адказ на вашае пытанне мог бы стаць тэмай цікавага і важнага даследавання, вось толькі ніхто яго пакуль не правёў. Таму мы можам абапірацца толькі на ўласны досвед працы з пажылымі людзьмі. Ёсць некалькі даволі тыповых катэгорый людзей сталага веку, якія звяртаюцца да нас. Напрыклад, чалавек, які толькі што выйшаў на пенсію: ён мае ясны розум, вялікі вопыт, сілы для актыўнай дзейнасці, ён не хоча бавіць час на лавачцы каля пад’езда, але адчувае сябе незапатрабаваным. Такі чалавек шукае асяроддзе, дзе ён зноў зможа адчуць сябе патрэбным, наладзіць паўнавартасныя зносіны.
Л.Р.: Такім людзям патрэбная нават не сацыялізацыя, а рэсацыялізацыя — каб навучыцца паўнавартасна жыць у грамадстве, але ў новых умовах і ў новай якасці. Напрыклад, ёсць катэгорыя людзей, якія дзякуючы сваёй прафесійнай дзейнасці мелі высокі сацыяльны статус, а пасля выхаду на пенсію гэты статус страцілі. Той жа былы чыноўнік: раней ён меў прывілеі, а цяпер стаіць у краме і паліклініцы ў адной чарзе з астатнімі. Такім людзям даводзіцца наноў адаптавацца да жыцця ў грамадстве.
В.Р.: Таксама ёсць людзі, якія хочуць здабыць новыя веды і навыкі, спрабуючы адаптавацца да новых умоваў жыцця. Напрыклад, дзеці жывуць за мяжой і прапануюць бацькам звязвацца праз скайп — так танней і зручней. Вось стымул для пажылога чалавека засвоіць камп’ютар і праз гэта палепшыць якасць свайго жыцця. Тыя, хто рэгулярна наведвае іншыя краіны (зноў жа, напрыклад, каб праведаць дзяцей, унукаў), імкнуцца вывучаць замежныя мовы. Частка людзей, якія прыходзяць да нас, хоча рэалізаваць сваю мару: вось працаваў чалавек усё жыццё доктарам, а марыў стаць мастаком. Выйшаўшы на пенсію, ён займеў вольны час для заняткаў творчасцю.
Л.Р.: У нашай працы ёсць два важныя акцэнты: па-першае, большасці пажылых людзей на пенсіі трэба дапамагчы паўторна сацыялізавацца, каб не быць ізаляванымі, не адчуваць сябе непатрэбнымі і пакінутымі. Па-другое, мы ж ведаем, што большасць людзей, якія самі да нас прыходзяць, — гэта людзі актыўнай пазіцыі, якія шукаюць магчымасці палепшыць якасць свайго жыцця. А ёсць і такія, хто дбае толькі пра якую-ніякую ежу на стале ды цяпло ў хаце, не думаючы пра ўласнае развіццё. Наша важная задача — сфармаваць у іх матывацыю да дзейнасці, пазнання, заахвоціць іх да актыўнасці. Так, напрыклад, мы прапануем нашым “студэнтам” варыянты таго, як мець дадатковы прыбытак са свайго хобі.
— А хто ў Беларусі пераважна займаецца праблемамі пажылых людзей?
Л.Р.: У асноўным дзяржаўныя структуры. Яны займаюцца размеркаваннем грашовай і гуманітарнай дапамогі, могуць пасадзейнічаць з рамонтам жылля, даслаць сацыяльнага работніка ці сядзелку на дом. Але, на жаль, магчымасцяў дадатковай адукацыі, перакваліфікацыі, маральнай падтрымкі дзяржаўныя арганізацыі не прапануюць.
— А наколькі добра яны выконваюць хаця б тую частку працы, за якую бяруцца?
В.Р.: Цяжка ацаніць аб’ектыўна, але нядаўна апублікавалі так званы Глабальны індэкс старэння — комплексны рэйтынг краін паводле ўзроўню жыцця людзей ва ўзросце ад 60 гадоў. Складаючы яго, спецыялісты ўлічвалі некалькі параметраў, у тым ліку звязаныя з сацыяльнай дапамогай пажылым людзям. У агульным рэйтынгу з 91 краіны Беларусь займае 60-е месца. Па ўзроўні даходаў — 44-е, па ўзроўні адукаванасці і занятасці людзей ва ўзросце ад 60 гадоў — 57-е. Комплексна ацэньвалі таксама тое, наколькі грамадскае асяроддзе спрыяльнае для пажылых людзей. Тут у нас 52-е месца.
Л.Р.: Адзін з найважнейшых паказчыкаў — медыцынскі; ацэньваючы яго, улічвалі, колькі ў сярэднім чалавек жыве пасля 60 гадоў і якую частку гэтага часу ён жыве ў добрым здароўі. І вось тут мы займаем ажно 82-е месца з 91! Пра што сведчыць такая сітуацыя? Пра тое, што дзяржаўная медыцына сёння не забяспечвае належнага ўзроўню абслугоўвання пажылых людзей. Мне падаецца, корань праблемы ў тым, што дзяржава эканамічна не зацікаўленая ў вырашэнні гэтай праблемы. Дактары намагаюцца як мага хутчэй вылечыць працаздольнага чалавека, каб вярнуць яго да працы. А пажылыя ў нас як-небудзь свой век дажывуць, якая з іх карысць? Таму, я думаю, дзяржава больш-менш клапоціцца пра старэйшае пакаленне, але не робіць і паловы з таго, што магла б рабіць.
— А якое выйсце з гэтай сітуацыі?
В.Р.: Дзяржава магла б стымуляваць стварэнне большай колькасці арганізацый, якія ўзялі б на сябе цяжар клопату пра старых: камерцыйных, дабрачынных, валанцёрскіх. У нас жа дзяржава пакуль спрабуе ўсё браць на сябе, а ў выніку мы маем нізкую якасць паслуг, якія аказваюць пажылым людзям, і малую колькасць арганізацый, якія гэтым займаюцца.
Л.Р.: Самае важнае, чаго можна было б чакаць ад дзяржавы, — дэлегаванне паўнамоцтваў. Патрэбна, каб розныя арганізацыі маглі працаваць на гэтым полі, каб была канкурэнцыя. Магу спаслацца на цікавы досвед Украіны. Нядаўна яны прынялі закон пра сацыяльную замову. Гэта значыць, калі існуе патрэба ў пэўных паслугах, у выкананні пэўнай работы, праводзіцца конкурс з удзелам арганізацый любой формы ўласнасці. Перамагае той, хто прадставіць найлепшую прапанову па аказанні паслуг, у тым ліку для пажылых людзей.
— А як працуюць недзяржаўныя структуры ў гэтай сферы? На якія сродкі яны існуюць?
В.Р.: Ёсць спонсарская дапамога: у суседніх краінах яе аказваюць прадпрыемствы, мясцовыя і міжнародныя фонды. Ёсць сістэма дабрачыннага кіравання — калі людзі самі збіраюць грошы на правядзенне нейкага мерапрыемства ці аказанне ўзаемнай дапамогі.
— Якія кірункі працы з пажылымі людзьмі ў Беларусі сёння найбольш актуальныя з пункту гледжання перспектывы?
В.Р.: Мой асноўны тэзіс такі: дапамога людзям сталага веку павінная быць комплекснай. Яна не мусіць ахопліваць толькі выплату пенсій, медыцынскае абслугоўванне і бытавыя моманты. Так мы прывучаем людзей да спажывецкай пазіцыі: мы вас, маўляў, так-сяк будзем утрымліваць, пакуль вы не памраце, але лепш бы вы памерлі хутчэй, і было б дзяржаве менш клопату. Выходзіць, так? Гэта вельмі кепскі падыход. Трэба стымуляваць актыўнасць, інтарэс да самаразвіцця.
Л.Р.: Сёння мы нячаста гэта ўлічваем, але і сусветныя тэндэнцыі, і дэмаграфічнае развіццё Беларусі кажуць пра тое, што чалавечая папуляцыя імкліва старэе. Паводле некаторых падлікаў, праз пару гадоў у Беларусі пенсіянеры складуць больш за чвэрць насельніцтва краіны, а ў 2050-м годзе — больш за траціну! І ўсё адно ў Беларусі мала захадаў робіцца, каб справіцца з такой сітуацыяй у будучыні. А пачынаць думаць над праблемамі недалёкай будучыні трэба ўжо сёння. І дзяржава, і ўсе мы абавязкова павінныя працаваць на тое, каб пажылыя людзі заставаліся здаровымі, актыўнымі, запатрабаванымі, бо мы не пазбегнем павелічэння пенсійнага ўзросту. Не будзем дзейнічаць цяпер — апынемся ў сітуацыі, калі працаздольнае насельніцтва будзе вымушанае плаціць непасільныя падаткі на ўтрыманне непрацаздольных людзей, альбо апошнія проста не выжывуць у такіх умовах.
Але варта памятаць, што падтрымка пажылых людзей, заахвочванне іх да актыўнасці, да развіцця не толькі дазволіць пазбегнуць эканамічнай катастрофы, але і дасць вялікае маральнае задавальненне людзям розных пакаленняў, дапаможа нам наблізіцца да ідэальнага грамадства, у якім няма адзінокіх, нікому не патрэбных людзей.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)