Лаўрэату сёлетняй прэміі Тухольскага не дазволілі прыехаць у Швецыю

З 1985 года частка прэміі Тухольскага прысуджаецца пісьменнікам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у свабоду слова. Лаўрэатамі прэміі ў свой час былі Салман Рушдзі, Бей Дао і Нурудзін Фара. У  гэтым годзе Шведскі ПЭН-цэнтр вырашыў прысудзіць прэмію Тухольскага беларускаму аўтару і грамадскаму дзеячу Уладзіміру Някляеву, які праявіў сябе як выбітны паэт і сапраўдны змагар за свабоду слова.  У снежні 2010 года, падчас пратэстных акцый з нагоды прэзідэнцкіх выбараў, на якіх ён выступаў у якасці кандыдата ў прэзідэнты, Някляеў быў жорстка збіты сіламі бяспекі, трапіў у шпіталь, адкуль яго забралі прадстаўнікі КДБ і змясцілі ў пастарунак, дзе ён быў пазбаўлены магчымасці звярнуцца да доктара. Дасюль Някляеў пакутуе ад наступстваў такога жорсткага абыходжання і звярнуўся па выязную візу ў Швецыю, дзе ён змог бы атрымаць спецыялізаваную дапамогу. Падчас гэтага візіту ён планаваў узяць удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Тухольскага, што праходзіць у Стакгольме 15 лістапада, дзе і павінен быў атрымаць прэмію за гэты год.

Цяпер мы атрымалі інфармацыю, што Беларусь адмовіла Някляеву ў магчымасці паехаць у Швецыю. Прычына ў тым, што ён знаходзіцца пад так званым хатнім арыштам, то бок, яму забаронена пакідаць Мінск. Гэта значыць, што ён не зможа атрымаць медычную дапамогу, што  патрэбная яму пасля збіцця. І што ён не зможа атрымаць прэмію Тухольскага ўласнаручна, як планавалася.

Шведскі ПЭН-цэнтр лічыць, што стаўленне да Уладіміра Някляева з’яўляецца крайняй праявай  палітыкі дыктатуры, якая пануе ў краіне, што знаходзіцца ўсяго толькі за 500 кіламетраў ад межаў Швецыі. Сітуацыя нагадвае тую, што стварылася ў дачыненні да дысідэнтаў пры савецкай дыктатуры.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца, як запланавана, у залі Дома культуры Стакгольма ў аўторак, 15 лістапада, у 19:00, у рамках праграмы Дня зняволеных пісьменнікаў.

У цырымоніі таксама возьмуць удзел беларускі пісьменнік Андрэй Хадановіч, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра, і вядомая журналістка і пісьменніца Святлана Алексіевіч. Тыя, хто пажадае ўзяць у нашых гасцей інтэрв’ю, могуць звязацца з сакратаром міжнароднага аддзела Шведскага ПЭН-цэнтра Улам Валінам (08-669 65 76) або з ягоным  намеснікам Марцінам Каўніцам (08-6968640). Запрашаем!