29 лістапада ў сярэдняй школе № 2 г. Смілавічы адбылася літаратурна-музычная сустрэча, прымеркаваная да дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У выкананні Віктара Сямашкі прагучалі інструментальныя кампазіцыі з нагоды падзеі. Раман Яраш выканаў песьні на вершы паэта. На сустрэчу прыйшлі вучні сярэдніх і старэйшых класаў. Яны змаглі пазнаёміцца з творамі Ул. Караткевіча ў новай для сябе музычнай інтэрпрэтацыі, а таксама прыняць удзел у віктарыне з прызамі й падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Харэограф Алена Прохарава прыняла ўдзел у школьным занятку спеву і танцаў. Разам з ёй вучні развучылі паланэз пад мелодыю “Развітанне з Радзімай” М. К. Агінскага. Можна ўявіць, як гэты матыў гучаў у сценах палаца Ваньковічаў, рэшткі якога й цяпер знаходзяцца ў парку ў цэнтры горада.
Пасьля выступу ўдзельнікі наведалі школьны музэй, прысвечаны мануфактурам Беларусі і ўтульны й густоўна аформлен
ы музэй “Прастора Хаіма Суціна”, які знаёміць з жыццём і творчасцю вядомага на ўвесь свет мастака – ураджэнца Смілавічаў. Адна з заляў “Прасторы” дазваляе адчуць атмасферу багемнага Парыжа ( горада, ў якім талент мастака раскрыўся напоўніцу) і нават пакаштаваць сапраўднай кавы пад мелодыі французскага кабарэ пачатку мінулага стагоддзя. Падчас наведвання Cмілавічаў можна было пераканацца, што гэты невялікі горад, які знаходзіцца зусім не далёка на ўсход ад сталіцы пры вялікай магістралі, мае надзвычай багатую і цікавую гістарычную спадчыну. Яшчэ сёння тут можна знайсці сляды даволі тыповага беларускага мястэчка, дзе жылі людзі розных канфесій і нацыянальнасцяў (акрамя беларусаў вялікую частку насельніцтва складалі габрэйская і татарская супольнасці), і якія зрабілі свой унёсак у беларускую і сусветную культуру.
Сустрэча адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.