Наста Грышчук піша на budzma.by пра новыя сэнсы, якія можна расчытаць у творах школьнай праграмы. Сёння гаворка пра вядомае апавяданне Максіма Гарэцкага «Літоўскі хутарок».
У школьных уроках белліта мне не падабалася менавіта «школьнасць». Мы мусілі адказваць на правільныя пытанні, у якіх былі правільныя адказы.
Напрыклад, пра гераізм простага чалавека на вайне. Што гэта ўвогуле такое — просты чалавек? Хіба бываюць простыя людзі? І які можа быць гераізм у забойстве?
Цяпер я разумею, што нас, дзяцей ХХІ стагоддзя, змушалі адказваць на пытанні савецкіх ідэолагаў. Ад ідэолагаў не засталося нават спарахнелых трупаў. Пытанні — засталіся. З героямі і ворагамі народа, з кулакамі і беднымі сялянамі. Чорнае і белае, дакладней чорнае па белым: зацверджаны Мінадукацыі тэкст для школьнай метадычкі.
Белліт штучна зрабілі анахранізмам. Неактуальна, сумна, нецікава — гэтыя рысы прыпісалі самой літаратуры, хоць належаць яны насамрэч толькі погляду на яе; ракурсу, зададзенаму даўным-даўно і так і не змененаму. Крывая савецкая оптыка, цэнзурныя фільтры.
Я паспрабую ад іх пазбавіцца.
*
«Літоўскі хутарок» Максіма Гарэцкага чытаюць у 10-м класе.
Першая сусветная вайна, у цэнтры ўвагі — літоўскі хутар і яго насельнікі. Паўз хутар праходзяць рускія, нямецкія, зноў рускія войскі. Гарэцкі як апавядальнік адстаронены, тым страшней назіраць драму раскіданага гнязда.
Мінула стагоддзе, а тэкст жывы, нібы ўчора напісаны. Мова своеасаблівая (на той момант літаратурная норма яшчэ не склалася), але Гарэцкі выглядае не тое што цалкам сучасным аўтарам — ён трапляе ў балючыя кропкі 2020 года. Фантастыка? Не, усяго толькі варта адкінуць праграмны погляд на твор.
Падручнік факусуе ўвагу на тым, што гэта антываенная проза, а Гарэцкі быў першы, хто такую прозу ўзяўся пісаць. Слушна, хоць і абстрактна. Рэмарк толькі ў 1916 годзе быў прызваны ў войска («Літоўскі хутарок» апублікаваны ў 1915-м), а ваенныя прыгоды Швейка з’явіліся ў 1917-м. Але пра гэта мы не пішам, мы пішам пра тое, як паўплываў на Гарэцкага Леў Талстой.
(Трэба сказаць, у падручнікаў па белліце ўвогуле праблемы з кантэкстам. Калі ўключаецца гістарычная даведка, яна дублюе падручнік па гісторыі Беларусі. Іншым разам «кантэкст» выглядае анекдатычна: у раздзеле «Песні пра зубра», напрыклад, нам нагадваюць, што сімвалам ЧМ па хакеі ў Беларусі быў зубр Валера.)
*
Антываенны пафас — гэта, вядома, добра. Але, зноў жа, так агульна, што як бы й ні пра што. Адметна іншае: Гарэцкі аддае палову «экраннага часу» жаночым персанажам. Вачыма дзяўчыны дае самае моцнае мастацкае апісанне баявых дзеянняў (раздзел IV). А яшчэ піша пра сэксуальны гвалт і праблему абортаў, дакладней — права жанчыны абіраць.
Цікавая штука: у Беларусі ўзрост згоды — 16 гадоў, цяжарныя школьніцы нікога не здзіўляюць, але падручнік упарта пазбягае слова «згвалтаванне», якое ў «Літоўскім хутарку» мае месца.
Адкуль гэты страх — называць рэчы сваімі імёнамі?..
Падручнік звяртаецца да ўніклівых канструкцый: «сталі няшчаснымі дочкі Яна, Монця і Ядвіська», «роспач і адчай дачок». Сталі няшчаснымі...
Ядвіся ледзь не звар’яцела, стаўшы ахвярай гвалту нямецкіх салдат. Монця больш за месяц знаходзілася ў рабстве — быццам бы рыла акопы з іншымі паланёнымі жанчынамі.
Дзве гэтыя гераіні сімвалічна паказваюць, што з гвалтаўніком немагчыма дамовіцца.
Ядвіся — вясёлая, жартаўлівая, адкрытая свету, але не праз наіўнасць, а, хутчэй, праз жаданне жыць з ім у згодзе. Монця — строгая, маўклівая, разважлівая; у яе іншая стратэгія паводзінаў: чым менш я судакранаюся са светам, тым лепш. Калі ў дом прыходзяць немцы, Ядвіся выбірае сяброўскую стратэгію паводзінаў, Монця — стратэгію адсутнасці. Яе не бачна і не чутно.
Якая стратэгія аказалася выйгрышнай?
Ніякая.
Тэкст 1915 года — выдатны матэрыял для развагаў над сучаснай праблемай — віктымблэймінгам, з’явай, калі ў гвалце вінавацяць саму ахвяру. Няважна, як ты апранутая, як ты паводзішся, няважна, што сустракаеш гвалтаўніка прыветна і з усмешкай, няважна, што застаешся халоднай. Ніякая форма паводзінаў не ўратуе, і іншы бок медаля — ніякая форма паводзінаў не апраўдвае гвалту.
Пра гэта варта пагаварыць з дзесяцікласнікамі.
Гарэцкі развівае гісторыю. Тут варта прывесці цытату:
«Дзяўчына прытулілася да хворай сястры, потым адарвалася, схапіла матку за руку і завыла.
— Мамулечка! Няхай бы забілі мяне, чым так зрабілі мне...
Цераз колькі дзён матка, баючыся, каб саўсім не выйшла з розуму дзеўка, павяла яе да кунігаса [святара].
Ківаў ён жалобна сівенькаю галавою.
— Калі будзе, то і твой гэта дзіцёнак, Монька. Маліся матцы Божай.
— Не хачу я яго, — залівалася слязамі Монця.
— Маліся, Монечка, — Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна.
— А калі не будзе дзіва? Не магу я маліцца і жыць не хачу».
Хто скажа, што такія дыялогі не адбываюцца сёння?
Фемінізм сцвярджае права жанчыны распараджацца сваім целам. Маніфестацыі супраць забароны абортаў адбываюцца (і яшчэ будуць адбывацца) па ўсім свеце. Замест таго каб казаць пра гаспадарчыя страты сялян у Першую сусветную вайну, варта паразважаць: што перажывае згвалчаная дзяўчына? Як і чаму так паводзіцца яе маці? Ці мае рацыю святар, спадзеючыся на Божае дзіва? І зноў жа — трэба абмяркоўваць гэтыя пытанні, а не вызначаць адзіны правільны адказ на дзесяць балаў.
*
Пацыфізм Гарэцкага таксама прыводзіць да глыбокага роздуму. Дакладней, тое, што ў тэорыі ўсе згодныя, што забіваць — кепска, а на практыцы культ гвалту квітнее, кажучы, у прыватнасці, пра Беларусь.
Смяротнае пакаранне па-ранейшаму дзейнічае ў нашай краіне.
Вайсковы культ па-ранейшаму вітаецца ў нашай краіне.
Пасля Гарэцкага і Рэмарка, пасля «Запаветаў юнацтва» Веры Брытан, пасля фільма «Ідзі і глядзі» адна толькі думка пра ваенны гераізм падаецца дзікунствам. Але ў школы вяртаюцца ваенрукі, кожны год у нас круглая дата Вялікай Айчыннай, а «Беларусьфільм» працягвае выдаткоўваць нашыя ж з вамі грошы на оды забойствам.
Калі ты, дзесяцікласнік/дзесяцікласніца, марыш пра геройства на полі бою, думаеш, што «не служыў — не мужык» і «можам паўтарыць», спыніся на хвіліну і падумай вось пра што: хутчэй за ўсё, з імавернасцю 99%, ты не будзеш героем на парадзе — ты будзеш трупам з адарванымі канечнасцямі ці прабітай галавой; яшчэ больш імаверна, што памрэш ты нават не на полі бою, а ў шпіталі з банальным паносам; што цябе, гэтаксама як безыменнага салдата ў «Літоўскім хутарку», кінуць у агульную спехам выкапаную яміну. Войны ўсіх эпох аднолькавыя.
Гарэцкі кажа не толькі пра тое, што вайна не гераічная. Варта зірнуць глыбей: любая форма гвалту — пройгрыш. Думка, што з гвалтам можна дамовіцца, — пройгрыш.
Адзінае, што ты можаш і мусіш рабіць, — развівацца, выціскаючы ведамі гвалт. Сумнявацца і задаваць пытанні.
Наста Грышчук, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!