Калі мястэчка не мае сваіх легендаў, іх варта прыдумаць. Менавіта так зрабілі жыхары пасёлка Зялёны Бор, які быў пабудаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны сярод балот і лясоў Міншчыны. Дзіва, што ў гэтых балоцістых мясцінах аднекуль з’явіўся Вялікі Камень – “сёмы цуд” Зялёнага Бору, на думку саміх жыхароў. Камень і стаў героем конкурсу легендаў, абвешчанага ў пасёлку некалькі месяцаў таму. А ўрачыстае ўганараванне пераможцы адбылося 28 чэрвеня падчас спецыяльнага фэсту. Ён быў зладжаны мясцовым СДК у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Шмат цікавых і незвычайных паданняў пачулі ўдзельнікі свята. Тут і згадка пра слаўнага князя Вітаўта, якому камень дапамог перамагчы мядзведзя. Трагічныя гісторыі кахання, калі ў камень злыя сілы ператваралі закаханых. Камень — падарунак буслоў, каб было дзе прысесці адпачыць людзям. І кожны твор быў напоўнены шчырай любоўю і захапленнем да сваіх родных мясцін.
Усе аўтары легендаў атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а суперпрыз — магчымасць наведаць міжнародны фэст “Наш Грунвальд” — атрымала Любоў Мініч. Яе вершаваная легенда пра трагічнае каханне дачкі бога балот і імклівага ветру выклікала ў гледачоў найбольшае захапленне.
Хэдлайнерам фэсту і сапраўдным “генератарам” добрага настрою стаў гурт “Рэха”. Танчылі ўсе — дарослыя, дзеці, нават сабакі. Найбольш актыўныя і смелыя атрымалі прыемныя падаруначкі ад лідара гурта Андруся Такінданга і кампаніі “Будзьма”. Словам, свята сапраўды атрымалася.
Скончыўся фэст. Заціхла музыка. А пад стромкімі соснамі мясцовага парку ляжыць Вялікі Камень — злая помста бога балот сваёй непакорнай дачцэ. І доўгія-доўгія гады закаханы вецер будзе калыхаць яго ў сваіх абдымках.
Святлана Чакушка
Фота — Кастусь Лісецкі, Валерый Гусеў