14 лістапада бягучага году у Баранавічах адбылася працоўная сустрэча старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча і польскага прадпрымальніка, мецэната, Антонія Анджэя Аскальдовіча.Пад час сустрэчы абмеркаваны накірункі сумеснай дзейнасці на 2014 г., якая ў першую чаргу будзе датычыцца прац па захаванню культурнага ланшафту і прыўнясення ў яго арганічных дапаўненняў у мястэчку Ленін, што знаходзіцца ў Жыткавіцкім раёне. Першы вопыт сумеснай працы ужо ёсць. У гэтым годзе агульнымі намаганнямі ўдалося ў мястэчку ўсталяваць і ганарова адкрыць мемарыялны знак у памяць 1200 жыхароў населеннага пункта, якія сталі ахвярамі бесчалавечнай нацыскай палітыкі пад час акупацыі ў Другую сусветную вайну (http://pomniki.budzma.org/news/ushanavannye-pamyaci-asvyachennye-myemaryyalnaha-kamyanyu-w-lyeninye).На наступны год мяркуецца таксама шэраг прац і па добраўпарадкаванні мясцовых ленінскіх могілак, і па папаўненню фондаў мясцовага музея, і самае галоўнае, абмеркаваны і значныя працы, такія як рэстаўрацыя драўлянай каплічкі, узведзенай коштам навакольных сялян у гонар вызвалення ад прыгону (эскізны праект рэстаўрацыі выкананы спецыялістам архітэктурнай секцыі Таварыства Юрыем Мацяшам), і іншыя значныя супольныя праекты. На наступны год зноўку будзе магчымасць у чарговы раз Беларускаму добраахвотнаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры, пры падтрымцы агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі” і ў партнёрстве з Антоніем Анджэем Аскальдовічам зрабіць шэраг карысных справаў не толькі для захавання помнікаў гісторыі і культуры, гістарычнай памяці у мястэчку Ленін і наваколлі, але і для разаіцця і для большага згуртавання лакальнай супольнасці.
Дарэчы, па выніках супольнай працы ў гэтым годзе, якая была па сапраўднаму ўвянчана адкрыццём невялічкага мемарыялу, мерапрыемствам, якое стала падзеяй не толькі для наваколля, але і для Беларусі, бо помнік быў асвечаны біскупам Пінскім Антоніем і япіскапам Мазырскім і Тураўскім Леанідам, намаганнямі Антонія Анджэя Аскальдовіча быў змантаваны відэафільм, сігнальныя экзэмпляры якога перададзены Таварыству аховы помнікаў, а асноўны наклад для распаўсюду будзе дастаўлены на Беларусь у пачатку наступнага году. У бліжэйшы час нашае грамадскае аб’яднанне плануе наладзіць прэзентацыю фільма.
Вокладка дыску з фільмам
Афармленне дыску з фільмам
Супольнае асвячэнне мемарыялу ў Леніне 12.05.2013 г.
Эскізны праект рэстаўрацыі каплічкі ў Леніне