Віктар Марціновіч у межах праекту "Маё права" разважае на budzma.by пра інцыдэнт у Шчучынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэі, які здарыўся на мінулым тыдні і набыў надзвычай шырокі розгалас.
Ну як там у Шчучыне?
Скончылася праверка, якую анансавала ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама? Што высветлілася? Тыя, хто мацюкаецца на запісе, маюць дачыненне да педсаставу і кіраўніцтва ліцэя? Калі так, яны ўжо звольненыя? Калі не звольненыя — чаму? А калі нават і звольненыя — як, па выніках якіх сумоўяў, якой кадравай працы, трапілі на працу з вучнямі? Калі гэта былі не яны — хто гэта быў? Ці мелі гэтыя мацюкастыя дачыненне да ўстановаў адукацыі Гродзеншчыны? Што пра гэта думаюць віцэ-прэм’ер, міністр адукацыі? І калі не думаюць нічога, ці не патрэбныя нам новыя віцэ-прэм’ер і міністр адукацыі?
Бачыце, у грамадства шмат пытанняў. Я сам нарадзіўся на Гродзеншчыне, і, нягледзячы на тое, што не меў шчасця вучыцца ў яе сярэдніх школах і ліцэях, мне не абыякава, што там, у гэтых школах і ліцэях, робіцца.
Бо мне потым з гэтымі дзецьмі працаваць ва ўніверсітэце.
Бо потым гэтыя дзеці будуць чытаць мае кнігі. Мне трэба ведаць сваіх чытачоў.
І вось яшчэ які варыянт.
Можа, тое, што адбылося, — гэта норма?
Можа быць, так і трэба?
Я не магу выключыць, што ні настаўнікаў, ні кіраўніцтва ліцэя звальняць не трэба. Таму што яны гадавалі грамадзян Рэспублікі Беларусь у ключы, які пажаданы Рэспублікай Беларусь. Што яны выконвалі дзяржаўную замову, як і любая дзяржаўная адукацыйная ўстанова краіны.
Віктар Марціновіч: Ён, Яна і таварыш следчы
Каб праілюстраваць вам, што такое норма ў адукацыі, дазвольце распавесці гісторыю. Аднойчы я сустракаўся са швейцарскімі школьнікамі ў Мінску. Мы пазнаёміліся ў Цюрыху, падчас маёй паўгадавой літаратурнай рэзідэнцыі. Кіраўніцтва школы прачытала мае кнігі і запрасіла мяне на выступ перад навучэнцамі. Так мы пасябравалі. Гады два таму яны прыехалі ў Мінск і прапанавалі сустрэцца. Па маёй ініцыятыве сустрэча праходзіла ў толькі што адкрытай кавярні з нацыянальным ухілам. Мне хацелася паказаць швейцарцам беларускія кулінарныя цікавосткі.
Падчас гэтай сустрэчы пачало адбывацца нешта незвычайнае. Прагледзеўшы карту напояў, школьнікі пачалі адно за адным замаўляць наліўкі. Водачку. Старку. Настаўнікі пілі вадзічку. Кульнуўшы па адной чарцы, дзеткі замовілі яшчэ. Пачырванелыя, яны пайшлі на ганак пакурыць. У мяне мову заняло. Я не ведаю, ці было кожнаму з гэтых школьнікаў 18 гадоў. Можа, і было — у Швейцарыі заканчваюць навучанне позна. Мне было незвычайна бачыць, як вучні п’юць побач з настаўнікамі. Гэта не ўкладалася ў маё разуменне нормы.
Віктар Марціновіч: Як выглядала б Беларусь, калі б не было вайны
— Прабачце. Вы чулі, што яны замовілі алкаголь? Крамбамбуля, медавуха — гэта ўсё моцныя алкагольныя напоі, — “здаў” я дзетак.
— Так. Мы бачылі, — паціснулі плячыма настаўнікі.
— І гэта не праблема? — здзівіўся я.
— Не, гэта не праблема, — флегматычна адмахнуліся калегі.
— Я вось адчуваю сябе дыскамфортна ў кампаніі п’янаватых вучняў, — прызнаўся я. — Быццам сваёй прысутнасцю побач я ўхваляю іхную прагу алкаголю.
— Не. Усё не так, — не пагадзіліся са мной настаўнікі. — У чым задача школы?
— Выхаваць мальцоў, — спрабую згадацца я. — Паведаміць ім, што добра, што дрэнна.
— Не. Гэта задача сям’і. Царквы. Ну і крыху індывідуальнае выпрабаванне. Задача школы — падрыхтаваць да сапраўднага жыцця, — не пагаджаюцца са мной. — Вы ж бачылі 5- і 6-гадовых дзетак, што кожную раніцу боўтаюцца па вуліцах Цюрыха ў зялёных камізэльках?
— Так, бачыў. Яны ходзяць без бацькоў… А навокал — машыны, трамваі. Гэта небяспечна.
— Яны ідуць у садок. І ў школу. Самі. Бацькі праводзяць іх толькі адзін раз. Далей яны мусяць арыентавацца, запытваць дарогу. Гэта і ёсць сталенне.
— І якое дачыненне гэта мае да падлеткаў, што ўжываюць побач з намі алкаголь?
— Тое, што, калі б мы ім забаранілі піць, яны б накідаліся ў нумары. Без нас. А так раніцай ім будзе блага. Навука. У Швейцарыі алкаголь не забаронены. То свае адносіны з гэтай заразай трэба выбудоўваць свядома і з юнацтва.
— Вы думаеце, юнак можа свядома выбудаваць адносіны з алкаголем? — задумваюся я.
— Юнак, чалавек, якому 18 ці нават меней гадоў, — ужо цалкам сфармаваная асоба. Якая мусіць адказваць за свае ўчынкі.
Я думаю паспрачацца, але згадваю, што ў іх дзеці па гарах у садкі і школы дабіраюцца самі пешшу.
Дык я пра што? У Швейцарыі, бачыце, будучых грамадзян рыхтуюць да дарослага жыцця, закідаючы іх у неабходнасць знаходзіць дарогу да садка і школы. Потым дазваляюць піць побач з настаўнікамі. Не бачаць у гэтым праблемы.
Віктар Марціновіч: Беларуская магістратура сапраўды не патрэбная
Я не ведаю сапраўдных задач беларускай школьнай сістэмы. Я не пісаў канцэпцыяў, навучальных планаў, не выбудоўваў іерархіі. Але калі гэта ўсё праўда, калі настаўнік ці кіраўніцтва школы могуць мацюкацца на вучняў, калі тут — наша норма, дык выяўляецца, што задача такой сістэмы — падрыхтаваць будучага грамадзяніна да таго, што на яго будуць лаяцца мацюкамі ўсё астатняе жыццё.
А ён будзе маўчаць і трываць.
Бо ў яго кантракт, крэдыт і работа.
Файная навука!
Віктар Марціновіч, budzma.by
У якасці ілюстрацыі кадр з фільма "Pink Floyd The Wall", 1982
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!