Пяць ідэяў агучылі аўтары на Кірмашы праектаў для Магілёва і вобласці. У гараджан вялікі попыт на гарадскія святы і ўпрыгожванне асяроддзя. Не абмінулі выступоўцы і патрэбаў меншых населеных пунктаў: для жыхароў вёсак таксама ёсць цікавосткі. Але пра ўсё па парадку.
24 кастрычніка ў тайм-кавярні “Неба” культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі і цэнтр грамадскага кіравання “SYMPA” зладзілі традыцыйны Кірмаш праектаў. Традыцыйны ён таму, што гэтая пляцоўка неаднаразова рабілася стартавай для шматлікіх ініцыятываў і гарадскіх актыўнасцяў. У горадзе добра ведаюць і памятаюць рэалізаваныя праекты: ад знакамітага стрыт-арт квартала каля цэнтральнага рынка да пікнікоў і фестываляў, якія праходзяць у абласным цэнтры кожны год. Спадзяемся, так будзе і з новымі ідэямі, якія аўтары агучылі гэтым восеньскім вечарам. Наступны этап — рэалізацыя падтрыманых праектаў.
Музей стрыт-арту M U o — R A L
Прадстаўнік “Грамадзянскага форуму” Ігар Нікіцін прэзентаваў ідэю стварэння ў горадзе сапраўднага музея стрыт-арту. У яго б увайшлі муралы на вуліцы Ціміразеўскай, лесвіца на ўзбярэжжы ракі Дубравенка і новыя аб’екты, якія паўсталі б падчас рэалізацыі праекта. Выступоўца падкрэсліў, што ён мае досвед перамоваў з уладамі, бізнесам і актывістамі, таму лічыць рэалізацыю такога праекта цалкам імавернай. Галоўныя мэты праекта — даць пляцоўку для рэалізацыі наватарскіх ідэяў маладых мастакоў, захаваць для спадкаемцаў інфармацыю пра вулічнае мастацтва, укараніць новыя падыходы ў развіцці індустрыяльных тэрыторый і аддаленых ад цэнтра раёнаў.
Фестываль творчасці Inspire_Fest
Прадстаўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Артур Апянько распавёў пра ідэю правядзення фестывалю творчасці. Мерапрыемства складаецца з некалькіх этапаў, першы плануецца правесці вясной на розных пляцоўках горада. Падчас гэтага адборачнага этапу будуць праходзіць выступы танцораў, паэтаў і тэатраў, музыкаў і выставы мастакоў. Завершыцца праект вялікім маскарадам, майстар-класамі, кірмашом, рознымі актыўнасцямі і канцэртам музыкаў і паэтаў. Артур цяпер шукае каманду журы, сродкі на візуальную рэкламу і арэнду музычнага абсталявання і сцэны.
Ініцыятыва “Каб памяталі — тут жылі людзі”
Дзіяна Крупская і Іна Валошына прэзентавалі ідэю ўсталявання на месцах, дзе раней былі вёскі, таблічак з іх гісторыяй. Дзяўчаты хочуць захаваць гістарычную спадчыну Беларусі, усталяваўшы 14 таблічак у сваім родным Ходасаўскім сельсавеце. Яны шукаюць сродкі на выраб такіх таблічак, а час і транспарт у іх заўжды знойдуцца.
Упарадкаванне крыніцы ў вёсцы Прудок
Алесь Крыжэвіч вельмі заклапочаны станам крыніцы ў вёсцы Прудок, пра што і быў яго праект. Гісторык адзначае: месца з гісторыяй, якая цягнецца з XVIII стагоддзя, цяпер занядбанае. Там бавяцца школьнікі падчас летнікаў, вялікі паток людзей, бо вада ў крыніцы добрай якасці. Гэта робіць месца забаўляльным і пазбаўляе яго святасці, лічыць Алесь. Выступоўца хоча вывучыць асаблівасці крыніцы і добраўпарадкаваць гэтае месца. Вынікам гісторык бачыць стварэнне грунтоўнага матэрыялу пра крыніцу, асвятленне гісторыі месца ў СМІ і захаванне крыніцы для нашчадкаў.
“Гарачы фэст”
Аліна Скрабунова, актывістка Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, прадставіла ідэю зімовага фестывалю на этна-хутары ў Магілёве. Плануецца зладзіць сапраўднае сямейнае свята з удзелам рамеснікаў, артыстаў, музыкаў, кінапаказам і цёплымі напоямі напярэдадні зімовых святаў. Знакамітая магілёўская журналістка лічыць, што такога мерапрыемства вельмі не хапае гораду ў зімовы час. І гэта можа стаць добрай альтэрнатывай для тых, хто не наведвае гарадскіх мерапрыемстваў.
Магілёўцы паказалі, што за апошні час у горадзе прайшлі значныя якасныя перамены ў галіне мерапрыемстваў ды актыўнасцяў, настала чарга пераходу ў колькасць. Найбліжэйшым часам экспертная рада абярэ найбольш цікавыя ідэі і ўсебакова паспрыяе іх рэалізацыі.
Васіль Дзянісаў
Фота – Юлія Кніга