19 траўня ў ДК пасёлка Зялёны Бор у межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ў межах літаратурна-музычнай праграмы “19-га а 19-ай” прайшла сустрэча з маладымі літаратарамі Кацярынай Зыкавай, Кірылам Дубоўскім і перакладчыцай Ганнай Янкута.
Вечар пачаў Кірыл Дубоўскі, які прачытаў два апавяданні са зборніка “Добры раман” (“Хороший роман”), а таксама новае апавяданне, якое яшчэ нідзе не друкавалася. Потым Ганна Янкута правяла сярод гледачоў гульню, у якой удзельнікам трэба было адгадаць значэнні словаў беларускай безэквівалентнай лексікі. Гледачы, асабліва дзеці, ахвотна бралі ўдзел у гульні і вельмі часта з першага разу давалі правільны адказ. Значэнне адных словаў яны ведалі, значэнне іншых — адгадвалі па гучанні. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма” — фірменную торбачку, кнігу Міхала Андрасюка і новыя паштоўкі.
Потым выступіла Кацярына Зыкава, якая расказала пра сваю кнігу вершаў “Тлумачальная” (“Объяснительная”), а таксама пра серыю “Пункт адліку” Саюза беларускіх пісьменнікаў, і прачытала некалькі вершаў са сваёй кнігі. Пасля Ганна Янкута прадставіла перакладныя выданні з серыі “PostScriptum” Бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет” і Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, прачытала адно з дэтэктыўных апавяданняў, надрукаваных у зборніку “Злачынства, сэр!” (“Кнігазбор”, 2013), расказала, як правільна пісаць дэтэктыўны твор, і прадставіла пераклады некалькіх вершаў Эдгара Алана По з кнігі “Маска Чырвонае Смерці” (“Кнігазбор”, 2011). Пасля заканчэння вечарыны кніга Кірыла Дубоўскага засталася ў бібліятэцы ДК пасёлка Зялёны Бор.