Першая прэзэнтацыя забароненай у Беларусі кніжкі аўтарства Віктара Марціновіча пройдзе сёння ў Варшаве ў рэдакцыі “Res Publica Nowa”.
Кніга выйшла ў свет у маскоўскім выдавецтве, тры тыдні таму аўтар планаваў правесці прэзентацыю ў Менску ў адным з вядучых клюбаў, аднак за тыдзень да вызначанага дня прэзентацыя была адменена. “Параноя” – творчы дэбют журналіста Марціновіча стаў адначасова першай мастацкай кнігай забароненай ў Беларусі. Сённяшняя прэзэнтацыя ў Варшаве адметна тым, што ў аўтара на руках ёсць толькі адзін экзэмпляр сваей кнігі.
– Гэта мой дэбют у мастацкім жанры, гэта менавіта мастацкі твор, які ў значнай ступені прысвечаны каханню, і я быў проста збянтэжаны, калі я даведаўся пра тое, што гэты твор забаранілі. Забаранілі мабыць з-за таго, што дзеянні адбываюцца ў краіне, якая нагадвае сённяшнюю Беларусь, гэты твор прысвечаны супрацьпастаўленню ўнутранага свету двух закаханых суворай дзяржаўнай машыне. У гэты сусвет вельмі жорстка ўмешваюцца, што прыводзіць да трагічных наступстваў.
Кніга “Параноя” даступная зараз ў інтэрнэце. Гэта зараз адзін з самых папулярных мастацкіх твораў, які актыўна спампоўваецца. Прэзэнтацыя ў Варшаве праходзіць па запрашэнні выдавецтва “Res Publiki Nowej”, а таксама ініцыятывы “Вольная Беларусь” і інстытута Усходніх даследванняў ў Варшаве.
“Параноя” – гэта раман, галоўным героям якога выступае страх. Гэта гісторыя кахання, якая апавядаецца на падставе пратаколаў з падслухаў – кажа пра сваю кнігу аўтар.
Тэгі: Варшава