У першыя дні лістапада вырабы нашых майстроў пабывалі ў Мінску – Глыбоцкі дом рамёстваў прадставіў свае творчыя набыткі (пляценне з саломкі, валянне з воўны, маляванкі, паясы, беларускую ляльку…) на ХІІ адкрытым гарадскім свяце нацыянальных культур “Сонечны птах”. На сталічнае мерапрыемства майстры з Глыбокага трапілі па запрашэнні арганізатараў. “Сонечны птах” аб’ядноўвае юных майстроў сталіцы, расказваючы ім пра традыцыі розных краін свету праз тканіну, а ў глыбачан ёсць чаму павучыцца.
– На свяце кожная з 14 каманд дзяўчынак і хлопчыкаў майстравала сонейка з тэкстылю, якімі потым упрыгожылі сімвалічную арку. Прыгожыя і разнастайныя вырабы атрымаліся, – адзначыла метадыст раённага дома рамёстваў, майстар роспісу па тканіне Святлана Скавырка. – Нашымі творамі мінчане таксама былі ўражаны.
На другі дзень мерапрыемства Святлана правяла майстар-клас для выкладчыкаў цэнтраў пазашкольнай работы горада Мінска і, канешне, расказала пра нашу слынную глыбоцкую маляванку.
– Навучыла іх старажытнай і самай лёгкай тэхніцы роспісу маляванак – штампа. Нашы продкі для гэтай справы скарыстоўвалі рэдзьку, бульбу. Я прывезла нарыхтоўкі з дрэва: кветкі, лісточкі і не прагадала. Многія з маіх “вучняў” і пэндзаля ў рукі не бралі, а штампаваць і размалёўваць акрылавымі фарбамі ім спадабалася, што вырашылі і сваіх гурткоўцаў вучыць гэтай тэхніцы, – згадала моманты паездкі ў сталіцу Святлана Анатольеўна. Дарэчы, ёй арганізатары ўручылі дыплом за правядзенне майстар-класа, а Марыне і другой Святлане – за ўдзел у выставе.