
— Я ўсвядоміў сябе беларусам не раптоўна, а паступова – на працягу ўсяго майго, пакуль невялікага, жыцця.
Я лічу, што пачалося ўсё з беларускага наваколля… З бяскрайніх зялёных палёў, падобных да мора. З таго, як свежы вецер ствараў сапраўдныя хвалі на збожжы. Са спеву салаўя пад яркімі зоркамі. З агеньчыкаў вогнішча на беразе ракі і цеплыні кампаніі сяброў і блізкіх. З таго, як вялікія і магутныя крылы бусла лашчылі паветра ў мяне над галавой.
З рачулак, азёр і лясоў. Калі я бачыў усё гэта, я пачынаў адчуваць сябе часткай незвычайнага і казачнага краю… Але ж ці мела б сэнс наваколле без нашых незвычайных і непаўторных людзей? Дагэтуль памятаю, як грубаватыя і адначасова ласкава-цёплыя рукі бабулі налівалі мне свежы, амаль гарачы сырадой…
Наступнае, што давала мне гонар звацца беларусам, – беларуская літаратура і найпрыгажэйшая мова. Быкаў, Багдановіч, Купала, Караткевіч… Гэтыя людзі раскрывалі мне вочы і проста зачароўвалі сваімі творамі! Канечне, трэба сказаць “дзякуй” і маёй настаўніцы па беларускай мове. Менавіта яна дапамагала мне і маім аднакласнікам рабіць першыя крокі ў багатым свеце беларускай літаратуры і мастацтва.
Апошні і самы значны ўнёсак у рост маёй самасвядомасці зрабіла беларуская гісторыя. Адчуванне таго, што ты нашчадак такой вялікай гісторыі, давала мне натхненне і моц! Разуменне таго, што гісторыя маёй Бацькаўшчыны пачынаецца не з 1917 году, а на тысячагоддзе раней, прыносіла мне адчуванне адказнасці за лёс краіны, у якой я нарадзіўся.
З кожным днём я ўсё больш і больш ганаруся тым, што нарадзіўся на гэтай цудоўнай зямлі! Яшчэ я зразумеў адну рэч: каб быць беларусам, трэба проста быць беларусам, як ні парадаксальна гэта гучыць… Трэба проста не адмаўляцца ад усяго роднага. Не адмаўляцца ад мовы і гісторыі. Трэба любіць родны край, як сваю маці.
Трэба проста расплюшчыць вочы і азірнуцца… Цудоўней краю вы не знойдзеце!
***
Міхал Белкроў, студэнт