Габрэйска-беларускія стасункі сягаюць у сівую даўніну і налічваюць больш за 600 гадоў… На Беларусь габрэі шматлікай грамадой прыйшлі па запрашэнню князя Вітаўта Вялікага. У той час, калі па ўсёй Еўропе былі ганенні . Але князь быў чалавекам прагрэсіўным і мудрым. Ён даў габрэям магчымасць вольна жыць на тутэйшых абшарах ды займацца гандлем, а сінагогі нават вызваліў ад падаткаў. Жарт ці не, але акурат праз дзвесце гадоў ВКЛ, прарадзіма Беларусі, стала адной з самых моцных і квітнеючых дзяржаў у свеце

Доўгае ж сяброўства двух народаў адбілася на самых розных культурных перакрыжаваннях, у тым ліку і на мовах… Шмат якія габрэйскія словы даўно і надзейна перайшлі ў беларускую, абраслі сваімі адценнямі і сталі зусім роднымі. Відавочна, што паразумецца сучаснаму беларусу і карэннаму ізраільцяніну будзе, мякка кажучы, складана. Але сэнс асобных слоў вельмі лёгка зразумеюць абодва.
Рух – сапраўды сакральнае слова на беларускай мове і мае безліч сэнсаў. Яно знітавана з рэвалюцыяй, адраджэннем, адданасцю справе, актыўнасцю, дзейнасцю… Гэтым словам названы газеты, часопісы і менавіта яму прысвечаны шматлікія вершы. Ад яго з’явіліся цудоўныя “рухацца” і “рухавік”. А паходзіць яно ад іўрыцкага – רוּחַ (руах ) – што ў сучасным іўрыце значыць вецер, але таксама яшчэ і душа, дух. “Так паўстаў шматтысячны рух”, - спяваецца ў галоўнай пратэснай песні гэтага лета “Муры”. Рух для беларусаў абавязкова абазначае святую барацьбу са злом. Калі беларуская рэвалюцыя толькі пачалася нехта з маіх сяброў прыкмеціў: з кім габрэі – той і пераможа… Дык вось, дарагія беларусы, самыя клёвыя габрэі даўно з вамі і ваш цудоўны рух падтрымліваюць. У Беларусі не павінна быць месца праявам фашызму. А беларуская рахманасць зусім не такая бясконцая, як гадамі вучылі “ідыёлухі”.
Рахманасць – слова, без якога немагчыма ўявіць беларусаў. Слова ў якім хаваецца культурны код народу. Гэта такі беларускі вырыянт таго самага Дзэну ў будызме. А паходзіць яно ад іўрыцкага знаёмага ўсім ізраільцянам – רחמים (рахамім). Што значыць міласэрнасць. Быць рахманым на беларускай мове– гэта быць добрым, разважлівым, чуллівым, гатовым прыйсці на дапамогу чалавеку ці нават дробнай птушцы… Варта памятаць, што ў маленькай Беларусі адзін з самых высокіх адсоткаў праведнікаў свету- людзей, якія падчас Другой сусветнай ратавалі габрэяў. Менавіта такім чалавекам быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі – стваральнік святога для беларусаў сучаснага бел-чырвона- белага сцяга… Можа па-гэтаму мітынгі супраць гвалту ў Беларусі праходзяць ў Ізраілі толькі пад гэтымі сцягамі. Ніхто за гэта ў Тэль-Авіве не кіне цябе ў турму ды не абразіць фашыстам. Таму, перш чым называць бчб сцягам экстрэмістаў – спытайце габрэяў, мо яны такі што пра яго і раскажуць. Тым больш, што ўсяму свету сёння зразумела, што нехта прайграў выбары, а краінай кіруе вельмі злая хеўра.
Хеўра – не самае прыгожае слова ў беларускай мове, што абазначае банду, групу бандытаў. Ёсць і куды больш прыемны варыянт гэтага слова “хаўрус” – што абазначае аб’яданне, саюз сяброў ці прыхільнікаў ідэі. Абодва слова пайшлі ад іўрыцкага “חֶברָה” (хевра) – што значыць фірма, кампанія. Ізраільцяне жартуюць, што калі ім прыходзяць звышвысокія рахункі па электрычнасці, то сапраўды падаецца, што грошы з цябе вымагае сапраўдная шайка. Тым не менш, у Дзень Роднай мовы беларуская дыяспара ў Ізраілі зычыць беларусам быць сапраўдным хаўрусам шчырых сяброў і ня гледзячы ні на што працягваць змагацца з хеўрай, якая чыніць злачынства ў краіне. Мова – культурны і самы каштоўны здабытак любога народу і адначасова яго вельмі моцная зброя.
Акрамя гэтага, ў мове ёсць яшчэ стос цікавых слоў, якія будуць адразу зразумелыя і сучасным беларусам, і ізраільцянам… Гэта , напрыклад, цацка (іўрыцкае – צעצוע – цацуа) і цукар (іўрыцкае – סוכר – сукар). Ўсё гэта яшчэ не зважаючы на ідыш, носьбіт якой без праблем зразумее беларускія “тата”, “хабар”, “вячэра”, “кат”, “шафа”… Але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая амаль забытая гісторыя. Кожная мова – люстэрка яго народу. З Днём Роднай мовы, сябры! Такой цікавай, мілагучнай і свабоднай. Вучыце і вывучайце, бо гэта, як кажуць беларускія габрэі – самы цымус!
Зміцер Копаць
Аўтар ілюстрацыі Андрусь Герынг