Зусім нядаўна пабачыла свет кніга настаўніка, гісторыка і краязнаўцы Мёршчыны Вітаўта Ермалёнка “Паляўнічыя за таямніцамі”, прысвечаная дзейнасці археолага-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага” ў СШ №3 г., кіраўніком якога ён з’яўляецца з 1976 года. Па матэрыялах дзейнасці гуртка створаная папярэдняя кніга краязнаўцы “Чароўных вандровак пярсцёнкі”: выданне змяшчае два падрабязныя краязнаўчыя маршруты па Мёрскім раёне Віцебскай вобласці – Малы залаты і Бронзавы пярсцёнкі Мёршчыны.
Увогуле, Вітаўт Ермалёнак плануе выдаваць па дзве кнігі ў год. Наступныя ў плане – даведнік па Дзісненшчыне і гісторыя мёрскага касцёла Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. Адзінае, што можа перашкодзіць выданню кніг, – недахоп грошай, пошукам якіх вядомы краязнаўца займаецца на дадзены момант.
“Выданне з’яўляецца даведнікам па заходняй частцы Мёрскага раёна і адрасаванае ўсім, хто любіць гісторыю Беларусі, хоча падрабязна даследаваць кожны куток роднага краю, – распавядае Вітаўт Ермалёнак пра кнігу “Чароўных вандровак пярсцёнкі”.
Мы выбралі для вас пяць аб’ектаў з “Малога залатога пярсцёнка Мёршчыны”, якія абавязкова варта наведаць. Вядома, астатнія месцы з маршрутаў не менш цікавыя і вартыя ўвагі.
- Верхавое балота Ельня
Ельня, фота – Віктар Малышчыц
Адзінае такое ў Еўропе. Тут расце звыш 300 раслінаў, некаторыя з іх, кшталту марошкі і карлікавай бярозы, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Апошнія гады ўвосень на Мёршчыне праходзіць экалагічны фестываль “Журавы і журавіны”, які ладзіцца сумесна з гарадскімі ўладамі і ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Падчас фестывалю арганізуюцца экскурсійныя туры на Ельню, дзе ўсе ахвочыя могуць паназіраць за шэрымі журавамі – птушкі спыняюцца адпачыць на балоце на шляху восеньскай міграцыі.
- Лявонпаль: палац, царква і Калона
Фота: Палац Лапацінскіх у Лявонпалі
Мястэчка мае багатую гісторыю. Найбольш вядомым уладальнікам Лявонпаля быў род Лапацінскіх, пры іх у XIX – XX ст. тут былі пабудаваныя цагельны завод, млыны, ткацкая мануфактура, майстэрня па вырабе дываноў і капелюшоў, суконная фабрыка, друкарня і шмат іншых аб’ектаў. Пры маёнтку былі батанічны сад і аранжарэі, шыкоўная бібліятэка, якая складалася з розных раздзелаў, тут жа знаходзіліся старажытныя дыярыушы і творы перадавых вучоных і асветнікаў. На дадзены момант у мястэчку захаваліся помнікі архітэктуры XVIII ст. рэспубліканскага значэння – палац Лапацінскіх, які цяпер выконвае функцыю касцёла і Троіцкая ўніяцкая царква; Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1971 года. Тут жа, у Лявонпалі, можна наведаць два краязнаўчыя музеі “Радзімазнаўства” і “Хата бабкі Ядзвінні”, створаныя паэтам і краязнаўцам Сяргеем Панізнікам – ураджэнцам мястэчка.
- Вадаспад на р. Вята
Фота wikimapia.org
Так, у Мёрскім раёне на рацэ Вята ёсць сапраўдны вадаспад, такая сабе мясцовая Ніягара. У 50-я – 60-я гг. XX ст. тут размяшчалася электрастанцыя, яшчэ раней – фабрыка па вырабе кардону і млын: пра іх сведчаць рэшткі арматуры, ротара і вялікіх жорнаў. Вада тут заўсёды вельмі халодная, але асалода ад купання, калі асмялець і залезці пад плынь, гарантаваная.
- Палац у Дзедзіне
Упершыню Дзедзіна згадваецца ў летапісах у 1517 годзе. У розныя часы ўладальнікамі маёнтка былі Агінскія, Мірскія, Рудніцкія. У пачатку XX ст. Людвіка Рудніцкая выйшла замуж за вядомага на Браслаўшчыне доктара Станіслава Нарбута, сына гісторыка Тэадора Нарбута. Сядзіба пабудаваная ў пачатку XIX ст. па праекце архітэктара Віткоўскага. Пасля вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом, праўленне калгаса, клуб. Цяпер будынак стаіць закінуты і поўніцца прывідамі.
У Дзедзіне нарадзіўся вядомы дзеяч, арганізатар першага ў свеце музея і бібліятэкі імя Францыска Скарыны Чэслаў Сіповіч. Каля мястэчка працякае святая крыніца, якая вылечвае хваробы скуры, страўніка і вачэй.
Побач знаходзіцца в. Забалоцце – малая радзіма паўстанца, таленавітага скульптара XIX ст., вядомага ўсяму свету Генрыха Дмахоўскага.
- Гаспадарчы дом Святаполк-Мірскіх і стайні у Каменполлі
Фота: сядзіба ў Каменполлі
Амаль 450-гадовую гісторыю мае маёнтак Святаполк-Мірскіх у Каменполлі. Як і ўсе шляхецкія роды, Мірскія вылучаліся патрыятычнасцю, бралі ўдзел у паўстаннях, не шкадавалі грошай на пабудову святыняў. Росквіт Каменполля прыпаў на сярэдзіну XIX ст. Адзін з уладальнікаў маёнтка, Віслаў Адольф-Юльян, актыўна прадаваў лес, для зручнага транспартавання былі пракапаныя каналы ад маёнтка да мясцовых азёраў, праз якія лес трапляў па рацэ Мёрыца ў Заходнюю Дзвіну, а далей – у Рыгу. Па канале гаспадары плавалі на чаўнах і на імшы ў мёрскі касцёл. Пры маёнтку разводзілі вінаградных смаўжоў, якіх пэўны час прадавалі ў Францыі. Нягледзячы на ўсе неспадзяванкі часу, сядзіба XIX ст. ацалела амаль у першапачатковым выглядзе. Захаваліся і стайні пачатку XX ст. з чырвонай цэглы.
Кнігі “Чароўных вандровак пярсцёнкі” і “Паляўнічыя за таямніцамі. Аб дзейнасці археолага-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага” можна знайсці ў краме “Акадэмкніга”, пр-т Незалежнасці, 72.
Па ўсіх пытаннях наконт кніг можна звяртацца непасрэдна да Вітаўта Ермалёнка па адрасе ermaljonak@gmail.com.
Артыкул напісаны з выкарыстаннем матэрыялаў кнігі В. Ермалёнка “Чароўных вандровак пярсцёнкі”
Вітаўт Ермалёнак нарадзіўся на Браслаўшчыне. Настаўнік гісторыі, стваральнік чатырох музеяў СШ №3 г. Мёры: гісторыка-этнаграфічнага, адукацыі, кнігі і друку і этнаграфічнага музея “Сялянская хата”. Кіраўнік археолага-краязнаўчага клуба “Арганаўты мінулага”. Аўтар шматлікіх публікацый у друку і трох кніг – з не названых вышэй – кніга “Цярністы шлях паўстанца-скульптара” ( 2013 г.) пра паўстанца і скульптара Генрыха Дмахоўскага. Адзін з аўтараў кніг “Памяць” Мёрскага, Браслаўскага, Глыбоцкага раёнаў. Лаўрэат шэрагу дзяржаўных узнагарод.
тэкст: Аляксандра Дварэцкая