Міжнародная канферэнцыя “Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі”.

16.11.2010 У краіне

У Варшаве на базе Інстытуту грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Універсітэце Лазарскага, які з’яўляецца адным з вядучых прыватных універсітэтаў у Польшчы, была праведзена міжнародная канферэнцыя “Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі”.

img_3436
Тамара Мацкевіч, Паўліна Марыя Сурвіла, Дзмітры Карпіевіч і Захар Шыбека

Мультыдысцыплінарная трохдзённая канферэнцыя была прысвечана перакрыжаванням беларускай і еўрапейскай гісторыі, а таксама іх уплыву на сучасныя падзеі, міжнародную палітыку і парадак дня, а ўдзел у ёй узялі даследчыкі, практыкі ў галіне гістарычнай адукацыі, грамадскія актывісты і выдаўцы з Беларусі, краінаў Еўрапейскага Саюза і Злучаных Штатаў Амерыкі.
У першы дзень Павал Казанецкі правёў экскурсію па мясцінах Варшавы, звязаных з гісторыяй Беларусі й беларусамі, адбылося ўрачыстае адкрыцьцё канферэнцыі з удзелам Juliusz Madej, прэзідэнта Універсітэта Лазарскага, Jerzy Stepien, дырэктара Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі, куратара канферэнцыі Ірыны Віданавай, распачаў працу “Кніжны кірмаш”, на якім прэзентаваліся як навінкі так і рарытэты кнігавыданння.

img_3437
Вынікі канферэнцыі падводзіць Ірына Віданава

На пленарных паседжаннях пасля ўступнага слова Rodger Potocki, дырэктара еўрапейскіх праграм, National Endowment for Democracy, ЗША, былі прадстаўлены асноўныя акадэмічныя канцэпцыі, сучасныя навучальныя метадалогіі, міжнародныя даследчыя і адукацыйныя праекты, а таксама апошнія публікацыі па тэме Беларусі і Еўропы. Прагучалі і былі абмеркаваныя такія даклады як Adam Kozuszowski (Польская акадэмія навук, Польшча) “Вобраз Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў амерыканскіх падручніках”, Алесь Краўцэвіч (Беларускай гістарычнае таварыства, Беларусь) “Тварам да Захаду. Змена цывілізацыйнай арыентацыі беларускіх земляў (1240—1385), Леанід Смілавіцкі (Цэнтр дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэсе, Ізраіль) “Гісторыя Беларусі, адлюстраваная ў Ізраілі: агляд калекцый архіваў і навуковых цэнтраў”, David Marples (University of Alberta,Канада), “Рэжым Лукашэнкі і Вялікая Айчынная вайна: Пабудова нацыі праз поп-культуру”, Алег Латышонак (Беластоцкі універсітэт, Польшча) “Дзень Герояў і Дзень Беларускай Вайсковай славы”, Кірыл Касцян (Брэменскі універсітэт, Германія) “Элементы нацыяналізму ў канстытуцыйных актах Беларусі з 1918 г.”, Christian Ganzier (Geschichtwerkstatt Europa, Germany) “Памяць і забыццё: Шанаванне герояў Брэсцкай крэпасці”, Maria Paula Survilla (Southwestern College, ЗША) “Ініцыятыва па перакладах Цэнтра беларускіх даследванняў. Далучэнне да сусветнага дыскурсу…”, Захар Шыбека (Беларускі калегіюм, Беларусь) “Гісторыя як сродак патрыятычнага выхаваньня беларускай моладзі”, Тамара Мацкевіч (Nastaunik.info) “Сувязь гістарычнай і грамадзянскай адукацыі” і іншыя.
Бралі ўдзел у працы форума і такія знаныя гісторыкі, выдаўцы і грамадскія дзеячы як Stephan Malerius (Konran Adeneaur Stiftung, Літва), Алег Дзярновіч, Ірына Кашталян, Любоў Козік, Аляксей Літвін, Андрэй Масквін, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Аляксандр Пашкевіч, Сяргей Токць, Мікола Хаўстовіч, Ян Шумскі, Яраслаў Іванюк, Андрэй Дынько, Валер Булгакаў, Кузьма Козак, Алена Макоўская, Алесь Лагвінец і іншыя.

img_3431
Падчас працы канферэнцыі

На пяці працоўных секцыях (“Еўрапейская гісторыя і грамадства: як яны звязаныя?”, “Грамадзянскія кампаніі і мультымедыйныя платформы як як інструменты па ўдасканаленні гістарычнай адукацыі ў Беларусі”, “Адукацыйныя ўстановы і і грамадзянскія ініцыятывы: магчымасці супрацоўніцтва” і іншыя) былі разгледжаны важныя гістарычныя тэксты, якія варта перакласці і зрабіць даступнымі беларускай грамадскасці, адбыліся прэзентацыі міжнародных праектаў па навуковых стажыроўках, стыпендыях і выдавецкіх ініцыятывах, былі абмеркаваныя магчымасці развіцця далейшай супрацы паміж беларускімі і замежнымі гісторыкамі, а таксама выпрацаваныя практычныя рэкамендацыі.

Фота аўтара