Заняткі сабралі каля 230 чалавек. Напачатку азнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця Браніслава Тарашкевіча. Бо пра “тарашкевіцу” ведаюць усе, а вось з яе аўтарам “блізка знаёмыя” толькі некаторыя. Уласна, гэта стала прадмоваю да граматычнай часткі, дзе падрабязна разгледзелі адрозненні між наркамаўкай і тарашкевіцай, выканалі адпаведнае заданне.
Потым прачыталі падборку матэрыялаў па тэме “Адукацыя” з “Нашай Нівы” за 1909 год.
Госці заняткаў: выкладнікі БДУ Зміцер Галіноўскі і Аляксей Кульбіцкі, куратарка Лятучага Універсітэта Таццяна Вадалажская, журналістка Надзея Белахвосцік.
Гарачая дыскусія зацягнулася ажно да паловы на дзясятую (ці нават даўжэй). Аднак, па-першае, здолелі выказацца вельмі многія слухачы курсаў (да чаго будзем імкнуцца і надалей). А па-другое, было цікава!
Чакаем усіх праз тыдзень, 21 красавіка а 19.00 у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а).
Тэма: Вялікдзень. Госці — Святлана Сігаева, Ірына Дубянецкая (адзіная ў Беларусі жанчына-доктарка тэалогіі). Музычны госць — Руся і яе Shuma Voice
Фота Зарыны Кандрацьевай, www.budzma.by