Навукова-практычны семінар “Ельскія чытанні”, прысвечаны спадчыне вядомага шляхецкага роду Ельскіх, які калісьці валодаў гэтымі ваколіцамі, прайшоў у музеі старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, што знаходзіцца каля в. Дудзічы, 25 жніўня.
У семінары ўзялі ўдзел старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч, а таксама мясцовыя аматары гісторыі і краязнаўцы. Імпрэзу аздобіла трыё “Вытокі”, якое на працягу гадзіны грала праграму, складзеную з твораў Ельскіх.
На семінары прысутнічала каля 25 чалавек.
Таксама ўдзельнікі семінару наведалі музейны комплекс “Дудуткі”.
На наступны дзень, 26 жніўня, удзельнікі семінару і валанцёры пабывалі на рыма-каталіцкіх могілках, дзе пахаваная сям’я Ельскіх. Валанцёры расчысцілі зарослыя кустамі пахаванні, а таксама наладзілі імшу, якую правёў ксёндз Уладзімір, пробашч Мар’інагорскай парафіі. На імшы прысутнічалі не толькі валанцёры і прадастаўнікі Таварыства аховы помнікаў, але таксама мясцовыя жыхары і нават старшыня Навапольскага сельсавету.
Навукова-практычны семінар адбыўся з дапамогай кампаніі “Будзьма беларусамі!”