Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведалі вясковыя школы на Любаншчыне 8 кастрычніка.
Творчы візіт у Любанскі раён пракаментаваў Эдуард Акулін: “Усе чатыры выступы на Любаншчыне прайшлі найлепшым чынам і сабралі велізарную колькасць слухачоў – каля сямісот. Урэчанская школа № 2 нават не змагла змясціць усіх ахвотных спаткацца з беларускай паэзіяй і песняй, і таму сустрэча адбылася ва Урэчанскім доме культуры. Найбольш запомнілася апошняя сустрэча, якая прайшла ў Сарачынскай СШ. Там, упершыню ў жыцці, я адчуў сябе, кажучы жартам, “філіпамкіркоравым на Славянскім базары”. Пасля кожнай песні на сцэну падымалася па тры- чатыры вучні з велізарнымі восеньскімі букетамі кветак. А Леанід Дранько-Майсюк нават пагадзіўся з тым, што ад гэтага часу кветкавая сталіца Беларусі не Давыд-Гарадок, а Сарачы. За цудоўна арганізаваныя сустрэчы мы вельмі ўдзячныя спадарыні Настассі Кухарэнка, якая адкрыла нам сваю малую радзіму – Любаншчыну…”