Публічныя лекцыі, арганізаваныя Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры прайшлі ў вёсцы Пераброддзе Мёрскага раёну Віцебскай вобласці 11 ліпеня і ў горадзе Любань Мінскай вобласці 13 ліпеня.
Сустрэча ў Пераброддзі прайшла ў будынку сельскага савету. Выступалі старшыня Таварыства Антон Астаповіч, гісторык Зміцер Яцкевіч. Таксама ўзяла ўдзел старшыня сельсавету і кіраўнік ініцыятыўнай групы па ўстойлівым развіцці вёскі Галіна Уладзіміраўна Паўловіч.
Асноўнымі тэмамі былі даклады “Інтэрпрэтацыя гістарычна-культурнай спадчыны Пераброддзя і ваколіцаў у кантэксце развіцця турызму ў рэгіёне” і “Архіўныя крыніцы вывучэння гісторыі Пераброддзя”.
На лекцыі прысутнічала каля 13 чалавек. Жыхары праяўлялі вялікую актыўнасць у абмеркаванні праблемаў свайго раёну і іх рашэння.
Арганізатары з задавальненнем пабачылі на сустрэчы трох школьнікаў, якія разам са сваёй настаўніцай гісторыі прыйшлі на сустрэчу.
“Так файна бачыць, што маладыя цікавяцца сваім краем і так актыўна ўдзельнічаюць у размове! І асабліва прыемна зазначыць, што гэтай сустрэчай мы канчаткова завязалі супрацоўніцтва паміж Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і сельсаветам Пераброддзя”, – кажа Антон Астаповіч.
Прыемныя нечаканасці падараваў лёс арганізатарам публічных лекцый – старшыню таварыства Антону Астаповічу, намесніку старшыні Ігару Лялькову і дырэктарцы Музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іне Герасімавай у горадзе Любань Мінскай вобласці.
У мястэчку “Урэчча” Люблінскага раёну арганізатары выпадкова знайшлі 3 помнікі, якія нават не занесеныя ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны РБ. Абсалютна ўнікальныя для Беларусі пахаванні габрэяў савецкіх часоў, 1941–1943 гадоў. Унікальнасць у тым, што на мемарыялах прысутнічае выява зоркі Давіда і надпіс: “Тут пахаваныя савецкія грамядзяне габрэйскай нацыянальнасці”.
Справа ў тым, што Любань і гісторыя габрэяў шчыльна звязаныя. Пры канцы ХІХ стагоддзя ў гэтых мясцінах габрэі складалі каля 90% усяго насельніцтва.
Да пачатку Другой сусветнай вайны – 70%. Таму тэмы “Праблемы аховы гістарычна-культурнай спадчыны Любаншчыны” (чытаў Антон Астаповіч) і “Гісторыя і культура габрэяў Любаншчыны” (чытала Іна Герасімава) былі выбраныя невыпадкова.
На сустрэчы ў Любанскім райвыканкаме прысутнічала даволі шмат людзей з мясцовай адміністрацыі, што сведчыць пра неабыякавасць і зацікаўленасць лёсам Любанскіх мясцінаў.
Лекцыі выклікалі шмат пазітыўных водгукаў ад публікі.
“Добра, калі адміністрацыя і людзі могуць адкрыта супрацоўнічаць, асабліва на тэмы сваёй, адзінай спадчыны”, – зазначыў Антон Астаповіч.
На фота: Любанскі райвыканкам.
Фота: minsk-region.gov.by.