«Лунінская восень»… Свята паэзіі, якое даўно стала культурнай візітоўкай Брэстчыны, сёлета адзначыла першы юбілей – 10 гадоў таму ў мястэчку Лунін упершыню адбылася сустрэча беларускіх пісьменнікаў з мясцовай моладдзю. Мінуў час, і такія сустрэчы ператварыліся ў сур’ёзную літаратурную падзею, штогадовыя спатканні мастадонтаў і навічкоў слова пад крылом гасціннага Луніна. Сёлетняя сустрэча была не такой, як заўсёды: упершыню тут не было заснавальніка і натхняльніка свята, літаратара Мікалая Елянеўскага. Наш сябра і калега заўчасна сышоў з жыцця ў студзені гэтага года, а праз тое ў нейкім сэнсе асірацела і «Лунінская восень»…
Сям’я Мікалая Елянеўскага – жонка Надзея Мікалаеўна і сын Андрэй – каля мемарыяльнай дошкі.
Юбілейнае свята пачалося з ушанавання памяці творцы. На будынку школы, дзе калісьці вучыўся Мікалай Елянеўскі, з’явілася мемарыяльная дошка ў яго гонар. І гэта сімвалічна: ураджэнец Луніна, Мікалай Васільевіч пяшчотна любіў той куточак Палесся, дзе прайшло яго дзяцінства.
– Адкрыццё мемарыяльнай дошкі – важная падзея. Яшчэ адна чакае нас наперадзе. Сёння было заяўлена, што будзе заснавана прэмія імя Мікалая Елянеўскага: такім чынам мы ўшануем памяць нашага сябра, – сказаў старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч.
«Лунінская восень» сустракала гасцей з Брэсцкай вобласці і сталіцы. Па добрай традыцыі, у Лунінскай сярэдняй школе прайшлі паэтычныя чытанні. Падчас іх былі ўзнагароджаны пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва «Без дружбы мне, як без вады і хлеба», прысвечанага 70-гадоваму юбілею Ніны Мацяш. Таксама пісьменнікі Берасцейшчыны пазнаёміліся з работай Вулькаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, пабывалі ў Лунінецкай бібліятэцы, раённай школе мастацтваў, усклалі вянок да помніка Якубу Коласу.
…Няма Міколы Елянеўскага, але, як і раней, вітае гасцей выпеставаны ім літаратурны фестываль «Лунінская восень». А значыць, здзейснены галоўны запавет творцы, сфармуляваны калісьці Ларысай Геніюш: «Уся вартасць людскога жыцця – у тварэнні, калі застаецца раз’іскраны след!». След – і памяць.