Адной з адметнасцяў традыцыйнай беларускай культуры ёсць культ продкаў. У нашым афіцыйным календары ёсць вызвалены ад працы дзень, у які сем’і выпраўляюцца на месцы пахаванняў сваіх бацькоў і прадзедаў, каб прыбраць магілку і ўшанаваць іх памяць. У народным календары такіх дзён было болей – восеньскія, дзмітраўскі, троіцкія Дзяды, Асяніны і іншыя дні, калі людзі збіраліся на могілках і ўрачыста паміналі пачынальнікаў свайго роду. Найбольш вядомыя, паўсюдна адзначаныя сёння – Радуніца і восеньскія Дзяды.
Такі дзень быў абавязковай нагодай ушанаваць памяць памерлага, прыбраўшы магілу, прыпасці да зямлі і папрасіць пра заступніцтва для жывых. Дзяды — так звалі памерлых сваёй смерцю сваякоў. Яны, паводле народных уяўленняў, час ад часу з’яўляліся ў свеце жывых, а ахвярапрынашэнні, якія ўскладаліся ім, мусілі залагодзіць продкаў і здабыць спагадлівае стаўленне да нашчадкаў. Радуніца, або Радаўніца, радунiцкiя Дзяды, Вялікдзень мёртвых, «снеданне па радзіцелях», адзначалася вясною. Гэта было адно з першых святаў новага года, які для земляроба пачынаўся не ў зімку, а вясною, з выхадам у поле. У наш час такія памінальныя дні звычайна прымацаваны да рухомага царкоўнага календара. Сёння Радуніца ў большасці рэгіёнаў адзначаецца на дзявяты дзень пасля Вялікадня.
З распаўсюджаннем хрысціянства найбольш архаічныя кампаненты паганскіх абрадаў выцясняліся або перайначваліся ў адпаведнасці з рэлігійнымі нормамі, аднак такія старыя звычаі, як трапеза на могілках, пакіданне ахвярапрынашэнняў у выглядзе яек, цукерак, грошай і іншага, царква так і не змагла выкараніць з народнага ўжытку. Сама назва Радуніца мае розныя тлумачэнні і некалькі магчымых варыянтаў паходжання: ад агульнаславянскіх словаў «род», «радзіцца», «радавацца», ад імені міфічнага бога Рады, ад літоўскага слова raudа (галашэнне), ведыйскага radаnh (ахвярадаўства), у якіх раскрываецца сімвалічнае значэнне свята.
Людзі прыходзілі на могілкі з раніцы, згадвалі памерлых, звярталіся да іх у замовах і малітвах, жанчыны галасілі. Тут жа, на засланым на надмагільным насыпе абрусе, хустцы або ручніку раскладалі памінальныя стравы – яйкі, куццю, мясное, печыва. Памерлых запрашалі далучыцца да снедання са словамі: «Святыя радзіцелі, хадзіце к нам хлеба і солі кушаць, старыя і малыя». У некаторых месцах на магілах качалі яйкі. Лічылася, што так можна ажывіць нябожчыка. Абавязкова крыху ежы і гарэлкі пакідалі «для мёртвых». Паўсюдна на крыжы навешвалі адмыслова вытканыя і аздобленыя ручнічкі, фартушкі, вяночкі, стужачкі. Часткова гэтая традыцыя захавалася, аднак замест ручнікоў прыносяць штучныя кветкі, замуроўваюць надмагільныя насыпы каменнымі плітамі, усё больш з’яўляецца запушчаных, парослых пустазеллем магіл з пахіленымі помнікамі невядомых нам дзядоў, пахаваных на гэтых месцах. Сумна і балюча, што разам з памяццю беларус страчвае сувязі са сваімі продкамі, без якіх не можа ўзрасці радавое дрэва.
Алеся Раманюк
Фотаздымкі Міхася Раманюка з альбома “Беларускія народныя крыжы”