Прэзентацыі кнігі “Нацыянальнасць – беларус” Алега Латышонка прайшлі ў гарадах Масты і Ваўкавыск Гродзенскай вобласці 21 ліпеня.
Прэзентацыі вялі аўтар кнігі Алег Латышонак і галоўны рэдактар часопіса “ARCHE” Валер Булгакаў.
Выданне апавядае пра сапраўдную гісторыю Беларусі і змяшчае 4 раздзелы, прысвечаныя паходжанню крывічоў і русаў, Еўрапейскай Сарматыі, паходжанню назвы “Беларусь”, фармаванню беларускай мадэрнай нацыі.
Паводле аўтара кнігі, першай вядомай гістарычнай навуцы дэкларацыяй беларускасці з’яўляецца запіс Саламона Рысінскага пры паступленні ва універсітэт у Альтдорфе ў 1586 годзе − Solomo Pantherus Leucorussus. “Leucorussus” у перакладзе на беларускую мову азначае “беларус”.
На прэзентацыях быў падняты вялікі спектр пытанняў ад слухачоў: ад генэзісу і станаўлення беларускай нацыі да становішча беларускай меншасці ў Польшчы.
Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, і, па словах арганізатараў, абедзве прайшлі ў цёплай сяброўскай атмасферы.