Экспедыцыя на ўскрай Літвы
17 студзеня ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася экспедыцыя па праверцы стану захаванасці помнікаў гісторыі і культуры, вывучэння магчымасці іх шырокага ўключэння ў краязнаўчыя маршруты з мэтай папулярызацыі па тэрыторыі Ўздзенскага і Капыльскага раёнаў.
Практычна экспедыцыя праходзіла па ўскрайку гістарычнай Літвы. Шматлікія даследчыкі далучаюць Уздзеншчыну, асабліва правабярэжжа Нёману, да гэтага старадаўняга абшару. Падцвярджаюцца дадзеныя высновы балцкай гідранімікай і багатай колькасцю тапонімаў “Літва”. Так што пад час экспедыцыі яе ўдзельнікі некалькі разоў Літву праязджалі, і не адну Літву, не маючы Шэнгенскай візы.

Малая Люцынка. Круглы стол адбыўся
15 студзеня ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў в. Малая Люцынка, у сядзібе “Марцінова гусь”. адбыўся круглы стол па праблемах захавання і інтэрпрэтацыі жыдоўскай культурнай спадчыны Валожыншчыны, у якім прынялі удзел прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Музея жыдоўскай гісторыі і культуры ў Беларусі, лакальнай краязнаўчай супольнасці.
Ініцыятарам круглага стала выступіў гаспадар “Марціновай гусі”, вядомы знаўца нацыянальных кулінарных традыцый абшараў Вялікага Княства Літоўскага, доктар гісторыі (Рэспубліка Літва) Алесь Белы.