Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра нявывучаныя ўрокі гісторыі, якія беларусам даводзіцца праходзіць нанова.
Я зразумеў, навошта гэта ўсім нам трэба.
Усе гэтыя прысуды, астрогі, накіраванні ў вар’ятні, гэтыя прэсавыя канферэнцыі, якія прыводзяць ужо не толькі краіну, але і Еўропу ў стан сцюдзёнай жудасці. Пра тое, што паўднёвакарэйскі тэлеканал «Channel A» параўнаў Паўночную Карэю з Беларуссю, на што Паўночная Карэя пакрыўдзілася, вы ўжо напэўна ведаеце. І яшчэ раз: я жыву ў краіне, пры параўнанні якой з Пхеньянам крыўдзіцца Пхеньян.
Улады КНДР развязалі вайну супраць культур суседзяў
Асноўнае пытанне ў жыцці — не за што, а менавіта навошта.
Відавочна, апошнія 12 месяцаў зрабілі нас значна мудрэйшымі. Шмат хто пераасэнсаваў сваё жыццё і пачаў будаваць свой лёс так, як раілі стоікі.
Прызвычаіўся, зусім як гераіня рамана «Возера Радасці», да таго, што ўсё патрэбнае чалавеку змяшчаецца ў адзін заплечнік.
Стаў гатовы выправіцца ў незапланаванае падарожжа за некалькі гадзін, пасля першага допыту. Зразумеў, што дом наш — не добра абсталяваная кватэра ў Новай Баравой, а ўся планета Зямля. І што на свеце не так шмат сапраўды вартых рэчаў: любімая кніга, любімая мелодыя, магчымасць каўтнуць чыстай вады ў смагу — усё астатняе лёгка замяняецца.
Аднак калі казаць не пра прыватныя траекторыі асобных выгнаннікаў, а пра мудрасць мільёнаў, дык асноўнае, што да нас дайшло, — сэнс таго, пра што вельмі складана і не заўсёды грунтоўна казалі ў школе на ўроках гісторыі.
Гісторыя першай паловы ХХ стагоддзя заўсёды была для нас нечым далёкім, аддзеленым тоўшчай адносна ладных брэжнеўскіх часоў. Цяпер жа нават рускі фільм «Дзевятаеў» пра лётчыка, які апынуўся ў нямецкім канцлагеры, глядзіцца адсюль з пазнаваннем. Шмат якія тыпажы пазнаюцца з навінаў, што штодня праслізгваюць у ТГ-стужках. Прыгнёт, палон, фашысты і іх памагатыя, але аснова ўсяго — жудасць, за якой стаіць пытанне выбару: ці паддацца? ці пайсці на супрацоўніцтва? Ад гэтага патыхае нашым актуальным парадкам дня.
Пра што я падумаў, калі паглядзеў кадры з той самай прэсавай канферэнцыі? Пра той фрагмент з кнігі Францішка Аляхновіча, дзе апісваецца візіт Максіма Горкага на Салаўкі. Горкі ўсё зразумеў, і мы ўсё разумеем.
Віктар Марціновіч: Салжаніцын без Нобелеўкі
Пра што думае краіна, калі чытае тэлеграм-канал ТУТ.бая — самага папулярнага і ўплывовага партала, які проста спыніў сваё існаванне?
Напрыклад, пра справу «Саюза вызвалення Беларусі». Бо, разумееце, шмат якія гучныя затрыманні, пра якія з вялікім гонарам распавядае сістэма як пра сваё найвышэйшае дасягненне, — гэта ў чыстым выглядзе справа «Саюза вызвалення Беларусі». Самі прыдумалі, самі набралі «вінаватых», самі іх потым пакаралі. І зразумела, што не было ніякага «Саюза вызвалення Беларусі», што большасць нацыянальна апантаных інтэлектуалаў лічылася левакамі, а таму шчыра сімпатызавала савецкай уладзе, але калі спатрэбілася знішчыць патрыётаў як клас — прыдумалі СВБ.
І праўда, на які б год нашай гісторыі б мы ні паглядзелі ў перыяд з 1924-га па 1953-і, мы паўсюль знойдзем згадкі пра падзеі, якія былі сувымернымі з тым, што адбываецца цяпер.
І праз гэта пераасэнсоўваем і разумеем.
Выраз «карная псіхіятрыя», напрыклад, большасць народжаных у 90-я пакідаў абсалютна абыякавымі. Гэтаксама як і выраз «масавыя рэпрэсіі». Сёння ж чорныя старонкі жыцця нашай краіны напаўняюцца новым сэнсам. І так, цяпер мы нічога не можам зрабіць з гэтым нашым разуменнем. Але пасля 1937-га заўсёды прыходзіць 1985-ы, той самы Пленум ЦК КПСС, на якім Гарбачоў абвясціў «паскарэнне», а за ім — перабудову.
І гэта не палітыка, гэта арыфметыка.
Беларусь тую перабудову не ўспрыняла. За выняткам некалькіх тысяч інтэлектуалаў, сярод якіх былі Быкаў і Адамовіч. Інерцыя адносна спакойных брэжнеўскіх часоў, што аддзяляла генерацыю, якая прымала рашэнні падчас перабудовы тут, не дазваляла адчуць жудасць ад гэтых выразаў: «карная псіхіятрыя», «ГУЛАГ», «Курапаты», «Саюз вызвалення Беларусі».
І ніякага пераасэнсавання не адбылося.
Калі нейкі ўрок не вывучаны — яго даводзіцца праходзіць нанова. І адзінае, што мяне напаўняе аптымізмам, — якраз той факт, што пасля 1937-га заўсёды ідзе 1985-ы. У які мы ўсе скарыстаем тыя веды пра нашую гісторыю — старую і найноўшую, што атрымалі за апошнія месяцы.
Будзем спадзявацца, што чакаць гэтым разам давядзецца не 48 гадоў.
Віктар Марціновіч, budzma.by