• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
01.06.2022 | Грамадства Літаратура

«Не шукай ты шчасця, Долін»: як беларусы пасварыліся праз фестываль «Прадмова»

Змарнаваўшы два гады на жыццё ў еднасці ды салідарнасці, беларусы ўсё ж змаглі пасварыцца. Нагодай стаў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», на які апроч беларускіх аўтараў запрасілі замежнікаў. Праблемай сталі не шэраговыя «добрыя замежнікі», а расіяне. Ад таго, каб стаць прычынай расколу сярод беларусаў, іх не выратавала нават выразная антываенная пазіцыя.


136.jpg
Далі слова бакам гарачай спрэчкі / калаж Улада Рубанава, «Еўрарадыё»

Градус абмеркавання ў сацсетках падвысіўся да таго, што арганізатары ўзялі тайм-аўт, каб падумаць, што рабіць далей. За гэты час некаторыя беларускія аўтары адмовіліся ад удзелу ў адным фестывалі з рускімі.

«Еўрарадыё» выносіць гэтае рэзананснае абмеркаванне са старонак фэйсбука. Пагаварылі з арганізатарамі і ўдзельнікамі «Прадмовы», каб вы маглі зразумець іх пазіцыі, не заходзячы ў каментары ў фэйсбуку. То-бок мінімум таксічнасці і максімум дыялогу — прынамсі, завочнага.

Павел Баркоўскі: «Галоўная праблема — кінакрытык Антон Долін»

З боку арганізатараў сваёй пазіцыяй з намі падзяліўся Павел Баркоўскі. Прыводзім яго адказы на нашыя пытанні.

— Арганізатары фэсту бралі тайм-аўт пасля крытычных каментароў з нагоды ўдзелу прадстаўнікоў рускай культуры. Ці быў раскол сярод саміх арганізатараў і якім стаў фінальны аргумент, пасля якога вы вырашылі не адмаўляць расіянам ва ўдзеле?

— Асноўнай прычынай узяцця тайм-аўта стала не да канца вывераная праграма, дзе значыліся ўдзельнікі, што не далі сваёй канчатковай згоды на мерапрыемствы. Крытычная хваля і дэнансацыі свайго ўдзелу праз яе некаторых удзельнікаў сталі яшчэ адным аргументам для перагляду праграмы. Мы далі магчымасць кожнаму ўдзельніку самастойна вызначыцца, ці прысутнічаць у праграме на актуальных умовах.

132.jpg
Павел Баркоўскі / фота Сяргея Ждановіча

У камандзе былі розныя меркаванні наконт скандалу з расійскімі ўдзельнікамі — насамрэч у асноўным вакол Антона Доліна. Але пры запрашэнні гасцей мы кіруемся не іх нацыянальнасцю ці грамадзянствам, а выключна прафесіяналізмам і светапогляднай пазіцыяй чалавека.

Ва ўсіх нашых гасцей яна выразна антываенная і праўкраінская. Таму для мяне асабіста не зразумелая прычына такога рэзкага стаўлення да гасцей фестывалю. Мы заўсёды запрашалі і запрашаем творцаў з розных краін і дакладна аддзяляем асабістыя перакананні чалавека і яго грамадзянскую прыналежнасць.

133.jpg Стэнды «Прадмовы» ў мінулыя гады / фота з афіцыйнага акаўнта фестывалю ў сацсетках

— Ці сутыкаліся вы раней з такой вострай рэакцыяй на спіс удзельнікаў фестывалю?

— У нас здараліся лакальныя нязгоды і крытыка пры запрашэнні асобных гасцей, але гэта заўсёды творчы працэс. Яркія асобы, якія ствараюць сучасную культуру, могуць выклікаць як прыхільнасць, так і раздражненне. Таму мы нармальна да гэтага звычайна ставімся.

Не вельмі зразумела, навошта рабіць з гэтага хвалю асуджэння і называць фестываль прарасійскім толькі праз тое, што ў межах яго праграмы будзе некалькі чалавек, што асацыююцца з сучаснай расійскай культурай? У нас у праграме ёсць таксама шмат польскіх, грузінскіх, літоўскіх, яўрэйскіх удзельнікаў, пераважная большасць беларусаў.

— Хто для вас на фестывалі хэдлайнеры, а хто «паравозік» па тэрміналогіі Максіма Жбанкова?

— Нават у першым нашым рэлізе абвяшчэння праграмы фестывалю на першае месца мы вынеслі беларускіх аўтараў, бо прапагандаваць нацыянальную кніжную культуру для нас істотна.

Але, натуральна, мы стараемся прыцягнуць і вядомых асоб з іншых краін, у меру сваіх здольнасцяў і гатоўнасці людзей ісці на кантакт. Мы даём пляцоўку для кожнага, хто хоча яе атрымаць, — маладым і невядомым аўтарам не ў меншай ступені, чым вядомым. Для нас кожны творца культуры — яркая асоба і не з’яўляецца чымсьці другасным. Таму мы б не ўжывалі падобныя стэрэатыпы.

— Асобныя беларускія аўтары былі пакрыўджаныя тым, што іх не запрасілі. Каго з удзельнікаў фестывалю арганізатары запрашалі асабіста, а хто самастойна падаваў заяўку?

— Мы звычайна даём магчымасць кожнаму творцу самастойна падаць сваю заяўку на праграму, дзеля чаго загадзя абвяшчаем адкрыты збор. Мы не можам у межах абмежаваных часавых і рэсурсных магчымасцяў запрасіць усіх творцаў. І гэта не ёсць задачай фестывалю. Але кагосьці з аўтараў мы можам запрашаць асабіста на тыя мерапрыемствы — звычайна дыскусіі ці калектыўныя праграмы, — дзе іх удзел нам падаецца карысным.

Мы не можам запрасіць да ўдзелу ўсіх, але мы ні перад кім не зачыняем браму і заўсёды радыя ініцыятыве. Бо такім чынам у нашай праграме з’яўляюцца новыя беларускія творцы і замежныя госці. Напрыклад, фінская пісьменніца Софі Оксанен, якую нам прапанавалі запрасіць і дапамаглі арганізаваць прыезд яе прыхільнікі ў Беларусі ў 2019 годзе. Ці па такім жа прынцыпе была арганізавана анлайн-сустрэча з Заміроўскай у 2020 годзе. Звычайна мы вельмі прыязна рэагуем на любыя творчыя прапановы ў свой адрас.

— Ці шмат высілкаў прыклалі арганізатары, каб запрасіць на фестываль расіян? Наколькі сур’ёзны іх «райдар»?

— Што датычыць тых, каго заносяць у кола «расіян», а гэта таксама і грамадзяне Ізраіля Лінор Гаралік і Віктар Шандаровіч, і зрэшты дакладна расіянін Антон Долін, — усе яны аказаліся вельмі дэмакратычнымі і талерантнымі асобамі, якія паводзяць сябе ў арганізацыйнай камунікацыі вельмі годна і тактоўна і не выстаўляюць нейкіх вялікіх умоў свайго ўдзелу. Іх запрашэнне не вымагае ад нас нашмат большых рэсурсаў, чым запрашэнне вядомых беларускіх аўтараў.

— Як для сябе вы вызначаеце прычыны рознагалосся? Ці можа гэтая сітуацыя сведчыць пра рост цікаўнасці да беларускай культуры?

— Асабіста для мяне дадзеная сітуацыя паказвае крызісныя моманты актуальнага развіцця беларускай культуры, а таксама слабасць і безабароннасць творцаў і творчасці ў часы глабальных канфліктаў.

На жаль, ніхто не звяртае ўвагу на цяжкасць працы арганізатараў у гэтых вельмі няпростых умовах і іх штодзённую працу на культуру, але затое акцэнтуюць штучныя і ўтрыраваныя канфлікты. Гэта дэматывуе прымаць далейшы ўдзел у беларускім культурным працэсе.

Алесь Плотка: «Я адказваю за сябе. Я не частка гэтага»

— Сярод аргументаў тых, хто падтрымлівае фестываль з яго актуальнай праграмай, — заклік ставіцца да расійскай культуры як да шараговай замежнай. Маўляў, калі нас не трыгерыць літоўскі аўтар, дык не павінны чапляць і расійскія. Для вас адмова ўдзельнічаць у адным мерапрыемствы з расійскімі дзеячамі культуры — гэта рэакцыя на вайну і кэнсэлінг ці спроба развесці беларускую і расійскую культурныя прасторы?

— Ідзе вайна, уцягнутыя ўсе беларусы, так ці інакш. Таму не варта называць кэнсэлінгам звычайную этыку. Вядзецца толькі пра салідарнасць з Украінай. З краінай у цэнтры кантынентальнага канфлікту (магчыма, Трэцяй сусветнай), па выніках якога ўсе выжылыя будуць мець нагоду падумаць, каму яны служылі так ці інакш — мёртвым ці забойцам.

Разумееце, беларускаму аўтару непагана быць салідарным з Украінай, калі перакладаюцца кніжкі, калі ёсць выступы на вялікіх украінскіх фестывалях, калі ёсць жывая зала і цікавая размова. Таксама няблага быць салідарным з Украінай, калі можна пафліртаваць з маладзенькімі гарэзлівымі суразмоўцамі, пакуль нясуць марозныя наліўкі, гарачы бограч і свойскае сала.

134.jpg
Алесь Плотка / фота з акаўнта суразмоўцы Еўрарадыё ў фэйсбуку

А вось калі нясуць кавалкі абгарэлых цел, калі не хапае зброі, дзеці становяцца сіротамі, тады, сапраўды, салідарнасць для кагосьці становіцца занадта складанай, хоць гэта не так і цяжка, нават без таго, каб лезці ў акопы. Дастаткова задумацца над пытаннем вышэй.

На фестывалі я планаваў чытаць свае вершы, што былі напісаныя ва Украіне падчас вайны, і вершы калег-украінцаў ваеннага часу. Натуральна, што пакуль збройны канфлікт цягнецца, складваць з іх дыялог з расійскай культурай проста немагчыма.

Ідэя фестывалю дужа важная, нацыятворчая, але ў першы ранак халоднага лета 2022-га мы маем сухі астатак: у часе вайны найбуйнейшы літфестываль салідарызаваўся не з культурай краіны-ахвяры, а з культурай краіны-агрэсара.

Не хочацца, каб нас асацыявалі з гэтай агрэсіяй, праўда? Наеліся ў фэйсбуках? Што ж, быў зроблены выразны крок для гісторыі, дзе і з кім «беларускія інтэлектуалы», віншую!

Я адказваю за сябе. Я не частка гэтага.

— Вы пісалі, што не маглі памысліць, што такі падыход да фармавання праграмы магчымы акурат цяпер. Ці быў для вас прымальным удзел расійскіх аўтараў у беларускіх культурніцкіх мерапрыемствах — і калі гэта стане магчыма зноў?

— Логіка мірнага часу ніколі не можа быць параўнаная з логікай часу ваеннага. Таму, пакуль не скончыцца вайна, месца для любога падобнага дыялогу папросту няма.

— Вы гатовыя да таго, каб больш не быць выдадзеным ва Украіне — ці азначае гэта згоду з кэнсэлінгам і беларускай культуры? Якія напрамкі для яе развіцця вы бачыце ў будучыні, калі цывілізаваны свет нас закэнсэліць?

— Кэнсэлінг я разумею як санкцыі, бо ён кропкавы, немагчыма закэнсэліць нейкую культуру цалкам, вось і ўсё.

Пра кэнсэл на фестывалі. Пакуль як факт — толькі кэнсэл беларусаў і ўкраінцаў самімі ж беларусамі. Вось спіс тых, хто застаўся, вось спіс тых, каго няма. «Яны ж сышлі самі», усё правільна, з хатняга гвалту таксама сыходзяць самастойна, ніхто не выганяе. Такімі тэмпамі свету і рабіць нічога не застанецца, беларусы самі справяцца.

Пра кэнсэл ва Украіне. Гісторыя, пра якую вы пытаецеся, скандал з вядомай паэткай Любоўю Якімчук, пасля якога ва Украіне быў закэнсэлены неапошні літаратар Хадановіч, канешне, мела ўплыў на ўсіх беларускіх творцаў з украінскімі сувязямі. Быў вялікі шухер, ляцела ва ўсе бакі. Думаю, гэта знаёма ўсім беларусам, калі нехта робіць нейкую дзічыну, а адказваюць потым усе астатнія.

Але па выніку мае стасункі з украінскімі перакладчыкамі і выдаўцамі якімі былі, такімі і засталіся, ніхто на мяне чужыя ўчынкі не пераносіў, не кэнсэліў. Гэта сумны, але павучальны прыклад таго, што а) не бывае агульнай адказнасці і б) кожны будзе адказваць за сябе і атрымае па справах сваіх. Тое самае з міфічным глабальным кэнсэлам, я не лічу, што ён магчымы, калі мы самі сябе не будзем знішчаць.

— Як вы трапілі ў спіс удзельнікаў фестывалю? Ці вымушаныя беларускія аўтары прыкладаць больш намаганняў дзеля прасоўвання сваёй творчасці ў тым ліку праз такія фестывалі, чым іх расійскія калегі?

— Падаў заяўку і шчыра хачу выбачыцца перад менеджментам за змарнаваны ў выніку час, гэта выйшла непрадукцыйна.

137.jpg
 Ці варта кэнсэліць усіх? / калаж Улада Рубанава, «Еўрарадыё» 

Так, безумоўна, расклад сілаў абсалютна крэольскі. І тут у нас адзін дэкаланізацыйны воз з украінцамі. Самі бачыце, Гаралік, Шандаровічу і Доліну нічога асабліва не трэба было рабіць для беларускай культуры і яны хэдлайнеры, вялікія белыя людзі з метраполіі.

А Слава Лявіцкі, амбасадар беларушчыны ва Украіне, прамоўтар спадчыны Караткевіча, укладальнік анталогіі «Бум-Бам-Літ» ідзе партызанскімі сцежкамі з праграмы. У яго, я пэўны, былі і ідэі, і патэнцыял на шматлікія прабеларускія праекты, і важныя, і дужа энергазатратныя. Хто цяпер іх будзе рабіць? Пушкін? Шандаровіч?

— Каго б з беларускіх аўтараў, якія не трапілі ў праграму, вы б запрасілі асабіста?

— Аляксандра Ісаевіча Фядуту. Зразумейце, калі ласка, гэты адказ максімальна глыбока ў кантэксце ўсёй нашай размовы, дзякуй.

Анхела Эспіноса: «Я давяраю арганізатарам»

— Я не надта шмат сяджу ў фэйсбуку і прапусціла ўсе гэтыя спрэчкі. Я ведала ўдзельнікаў таго паэтычнага вечара, дзе буду чытаць вершы. Гэта беларускія паэты, якіх я паважаю, якіх прыемна чытаць, з якімі для мяне гонар чытаць у адзін дзень.

Я не ведала, хто акрамя іх ёсць у праграме. Але ведала, што ПЭН-цэнтр — гэта арганізацыя, якой можна давяраць. І мне ў галаву не прыйшло б, што яны могуць запрасіць кагосьці неадэкватнага, кагосьці з непрымальнай пазіцыяй.

135.jpg
Анхела Эспіноса / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Я абмяркоўвала сітуацыю з калегамі. Яны казалі, што абодва бакі маюць пэўную рацыю. Сама я прытрымліваюся прабеларускай пазіцыі, мне прыемна, калі ў праграме пераважаюць беларускія аўтары і аўтаркі. Але, з іншага боку, гэта рашэнне арганізатараў, каго запрашаць.

Раней гэты фестываль праходзіў падчас навучальнага года, а я працую ва ўніверсітэце і ніколі нават не падавала заяўку. Гэтым годам таксама прапусціла тэрміны падачы заявак, бо шмат працую. Але сёлета мяне адмыслова запрасілі. Я не ведаю, чаму мяне асабіста запрасілі. Можа, таму што знаходжуся ў Варшаве.

Я ж насамрэч не ведаю расіян, якія будуць прымаць удзел у фестывалі. Нават чытала каментар, маўляў, калі ты не ведаеш, хто такі гэты расійскі крытык, дык табе няма чаго рабіць на фестывалі інтэлектуальнай кнігі. Але ж я не магу ведаць усіх расіян, мне і за ўсімі беларусамі сачыць становіцца ўжо складана.

Ці планую я глядзець выступ таго Доліна? Не, канешне, не. Я на рускамоўныя мерапрыемствы не надта хаджу, таму што не надта добра разумею рускую мову. Мне няма чаго рабіць там.

Аляксей Кудрыцкі: «Колькі б рускіх хтосьці з беларусаў не закэнсэліў, з тэрыторыі яго краіны ўсё роўна ляцяць ракеты»

— Наогул даволі цікава паглядзець на ўсю буру вакол фестывалю «Прадмова» з пункту гледжання месца Беларусі ва ўварванні Расіі ва Украіну. Сама дыскусія, як мне здаецца, паставіла пытанне пра тое, наколькі наогул адрэфлексаваны ўдзел Беларусі ў вайне, месца і адказнасць у гэтым прыхільнікаў, праціўнікаў рэжыму і проста назіральнікаў з сінім трохмоўным пашпартам.

Тэадор Адорна сказаў: «Пісаць вершы пасля халакосту — варварства». Ці можна праводзіць фестывалі беларускай культуры пасля таго, як рускія, прыйшоўшы з тэрыторыі Беларусі, зладзілі разню ў Бучы? Гэтае пытанне не падняў ні адзін з тых, хто выказваўся пра фэст і трапіў у маё поле зроку. Замест гэтага парад рэсэнтыменту, які прыкрываюць розным соусам ад «антыкаланіялізму» і «фемінімзу» да заяваў, што «цяпер іншая сітуацыя, бо Расія напала на Украіну».

Людзі скардзяцца, што ім даводзіцца даказваць, што «беларусы не фашысты», што Беларусь «пад акупацыяй» і г. д. і да т. п. Гэта зноў пеставанне сябе як ахвяры, спроба зноў стаць «добрымі» ў вачах еўрапейскай грамадскасці, праўда, без неабходнасці вынаходжання «пашпарта добрага беларуса». Спроба вярнуцца ў стан да 24 лютага 2022 года, дзе нас усе шкадавалі і любілі.

Вось толькі нельга вярнуцца ў стан «да 24 лютага», і колькі б рускіх хтосьці з беларусаў не закэнсэліў, з тэрыторыі яго краіны ўсё роўна ляцяць ракеты і самалёты і ехалі танкі.

Чытайце па тэме: Ганна Янкута: «Беларусы на беларускім фестывалі не мусяць цясніцца, каб даць прастору для выказвання расіянам, якімі б добрымі яны ні былі»

«Еўрарадыё»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Беларуская мова

Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў

Павел Севярынец стварыў хрысціянскую віктарыну. Павел складаў віктарыну каля двух год, седзячы на Валадарцы, у Магілёве...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як адвесці вайну ад Беларусі?

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны не адбываюцца ваенныя дзеянні, Беларусь, можна сказаць, апынулася...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая

Сёння год, як у турме знаходзіцца палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта SYMPA (Школа маладых менеджараў...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на Belarus Urban Fellowship 2022 Што такое Belarus Urban Fellowship? Гэта курс анлайн-навучання...

Апошнія навіны

    Культура Беларуская мова
    Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў
    Грамадства
    Як адвесці вайну ад Беларусі?
    Грамадства
    Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая
    Культура Грамадства
    Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship
    Грамадства Гісторыя
    У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
    Грамадства Вандруем разам
    Мар­шрут па Ку­па­ла­вым краі
    Грамадства
    Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
    Культура Грамадства Музыка Беларусы свету
    «Всё, что было, разделилось на до и после». Гурт «Би-2» выпусціў антываенны кліп на песню «Калыханка»
    Культура Літаратура Беларуская мова
    Бог беларускай паэзіі, які абудзіў краіну. Андрэй Хадановіч выпусціў новае відэа, прысвечанае Янку Купалу
    Спорт
    Галоўныя фаварыты Кубка Беларусі пацвердзілі свой статус
    Грамадства Гісторыя
    20 страчаных помнікаў архітэктуры Беларусі (з ілюстрацыямі!)
    Грамадства
    Звольнілі дырэктара бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандра Грушу
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    Як і чаму ўзніклі першыя дзяржавы беларусаў. 11-ы выпуск «Гісторыі за 5 хвілін»
    Культура Грамадства
    Паміж судом і «Славянскім базарам»: куды і навошта коціцца афіцыйная культура
    Культура Літаратура
    «Вялікае наша гора»

Афіша

  • 29.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Уладзімера Арлова «Стагоддзе змагання. Ад Агінскага да Багушэвіча» ў Варшаве

  • 29.06 — 24.07Выстава Марка Шагала ў Варшаве
  • 29.06 — 30.06Творы Руфіны Базловай на выставе «The Medium is the Message: Flags and Banners» у ЗША
  • 29.06 — 30.07Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» у Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава маляванак па матывах твораў Марка Шагала ў Мінску
  • 29.06 — 14.08Фотавыстава Віталя Бутырына «Паэтыка фотаграфікі» ў Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава разьбяра па дрэве Барыса Васількова ў Гомелі
  • 29.06 — 10.08Спаборніцтва па спартыўным арыентаванні Street-O ў Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • «Дзейнічай як ЕГУ»: студэнтка ЕГУ абвесціла сухую галадоўку ля ўваходу ва ўніверсітэт
    • «Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Украіну ў складзе расійскага войска?..» Адкрыты ліст Уладзіміра Някляева міністру адукацыі і навукі Украіны
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: ТОП-5 беларускіх трэкаў ад Сяргея Башлыкевіча
    • Здзек з Васіля Быкава
    • Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM