Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» падрыхтавала агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2022 года.
Аўтары агляду звяртаюць ўвагу на тое, што ў нашай краіне не выконваецца замацаваная заканадаўствам роўнасць моў, бо відавочная перавага надаецца рускай мове, тады як беларуская — у стане выжывання, а тыя, хто ёй карыстаюцца, — могуць атрымаць дадатковыя пакаранні.
Фота: Hrodna.life. На здымку — кніга Аліны Нагорнай «Мова 404»
Сярод зафіксаваных парушэнняў:
У лютым 2022 г. стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 3 ціснула на асуджанага і прызнанага палітзняволеным Валадара Цурпанава і пакарала яго карцарам з-за таго, што ў папраўчай калоніі ён сам размаўляў па-беларуску і патрабаваў таго ж ад супрацоўнікаў. Таксама не былі задаволены хадайніцтва Цурпанава аб падрыхтоўцы дакументаў па яго крымінальнай справе ў суд на беларускай мове. Падчас разгляду крымінальнай справы не было задаволена хадайніцтва, каб працэс вёўся па-беларуску.
На мерапрыемстве дзяржаўнага значэння — рэферэндуме, які адбыўся 27 лютага 2022 года, — камісіі не мелі бюлетэняў на беларускай мове.
З атрыманага ў лютым 2022 г. ліста асуджанага Алега Кулешы адміністрацыя папраўчай калоніі №2, у якой ён адбывае пакаранне, праводзіла тлумачальныя мерапрыемствы, каб данесці, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-руску.
10 сакавіка 2022 г. мастакі Алесь Цыркуноў і Віталь Борыс былі арыштаваныя на 15 сутак у памяшканні Мінскага гарадскога суда за тое, што размаўлялі па-беларуску.
У сакавіку 2022 г. выкладчыка фізічнай культуры фізічнага факультэта БДУ Сяргея Моўчана звольнілі праз тое, што ён пачаў весці свае заняткі па-беларуску.
14 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць выдавецтва «Медысонт», 18 красавіка — выдавецтва «Галіяфы», 13 траўня — выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Прычына прыпынення дзейнасці незалежных выдавецтваў — ва ўсіх адна і тая ж: «Своечасова не звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў». Пазначаныя выдавецтвы выпускалі кнігі пераважна па-беларуску.
16 траўня 2022 г. ГУБАЗІК зладзіў ператрус у новаадчыненай краме выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове. 200 кніг былі адпраўлены на экспертызу па прыкметах экстрэмізму. Самаго Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую неаднаразова пакаралі арыштам.
Аўтары агляду таксама звяртаюць увагу на наступныя тэндэнцыі:
• пастаянна змяншаецца колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай (згодна з вынікамі перапісу насельніцтва ў 1999 годзе, 85,6% беларусаў лічылі сваёй роднай мовай беларускую, а ў 2019 годзе колькасць такіх беларусаў скарацілася да 61,2%).
• Адбываецца русіфікацыя адукацыі. За апошнія 5 гадоў колькасць вучняў сярэднеадукацыйных школ, якія навучаюцца па-беларуску, зменшылася са 128,9 тысяч чалавек (у 2016/2017 навучальным годзе) да 107,6 тысяч (у 2020/2021); а па-руску, наадварот, павялічылася з 851,7 тысяч вучняў (у 2016/2017) да 949,2 тысяч (у 2020/2021). За апошнія 6 гадоў у Беларусі зніклі амаль у 3,5 разоў больш беларускамоўных школ, чым рускамоўных. Таксама ў Беларусі не існуе ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску, што фактычна перарывае поўны адукацыйны цыкл і вымушае бацькоў аддаваць дзяцей у рускамоўныя школы.
• Згодна з афіцыйнай статыстыкай (2019), на беларускай мове размаўляюць 28,47% беларусаў (або 2 275 243 чалавекі); а на рускай — 70,96% (або 7 990 719 беларусаў).
• Мова пераважнай большасці беларускіх СМІ — руская. Па стане на 1 траўня 2020 года ў Беларусі было зарэгістравана 1160 выданняў, з іх беларускамоўнымі з’яўляліся толькі 118 выданняў (каля 10%), 209 дэкларатыўна выходзяць па-беларуску і па-руску, 271 — па-руску і па-беларуску. Рэчаіснасць паказвае, што так званыя «двухмоўныя» выданні ўжываюць беларускую мову выключна ў назве і выходных даных.
• Культурная сфера. Улады забараняюць выставы і канцэрты, закрываюць незалежныя кніжныя выдавецтвы і крамы, фарміруюць спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў беларускамоўных кніг (усе кнігі, унесеныя ў гэты спіс сёлета, — на беларускай мове).
• Мова ў кніжным друку. Паказчыкі выпуску беларускамоўных выданняў за апошнія пяць гадоў дэманструюць адносную стабільнасць. У агульнай колькасці доля кніг на беларускай мове ў гэтым часовым адрэзку складала 12-13% у розныя гады, а агульны наклад — у межах 14-15%.
• Мова дзяржаўнага справаводства, як і мова арміі, — руская.
Стваральнікі агляду плануюць і далей сачыць за станам беларускай мовы, таму тых, каму вядомыя прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, просяць дасылаць інфармацыю на адрас naszamova@gmail.com.