«Віўся, як вуж на патэльні». З успамінаў пра невядомы візіт Максіма Танка ў Лодзь

Максім Танк — знаёмы ці не кожнаму беларусу хаця б са школы паэт. Рамантычны нацыянал-камуніст у маладосці, ён адзін з нямногіх дзеячаў з Заходняй Беларусі, хто перажыў сталінскія рэпрэсіі і пазней на працягу многіх гадоў прадстаўляў беларускую культуру на міжнародным узроўні, асабліва ў Польшчы — дапамагала добрае веданне польскай мовы. Каб гэтак высока падняцца ў іерархіі, часам даводзілася ісці на ахвяры, наступаць сабе на горла. Пра гэта сведчыць і адзін з эпізодаў не вядомай дагэтуль нашаму чытачу кнігі Альдоны Гавэцкай «Успаміны крэсавянкі».

aldona-gawecka-kniga.jpgАльдона Гавэцкая і яе кніга «Успаміны крэсавянкі»

Як звязаныя аўтарка кнігі і Максім Танк

Кніга з’яўляецца выдатным прыкладам літаратуры, створанай былымі жыхарамі «крэсаў» — Заходняй Беларусі, якія не жадалі або проста не маглі застацца на радзіме пад пагрозай смерці, былі сілком высланыя з роднага краю ў межах пагадненняў паміж БССР і новым камуністычным урадам у Варшаве. Успаміны народжанай на Нарачаншчыне ў беларуска-польскай сям’і Альдоны Гавэцкай прасякнутыя вялікай любоўю да радзімы, якую яна пакінула будучы яшчэ дзяўчынкай, уцякаючы з сям’ёй перад наступам савецкіх войскаў.

Дзед аўтаркі, Васіль Скурко, быў вялікім беларускім патрыётам і ў такім духу выхаваў сваіх дзяцей. Яе маці, Зоф’я, вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль была выключана за ўдзел у рабочай дэманстрацыі, а дзядзька Сяргей быў добрым знаёмым і калегам Яўгена Скурко (Максіма Танка), як і маці. Нягледзячы на агульнае сямейнае прозвішча і паходжанне з адной мясцовасці, пра сваяцтва з паэтам Альдона нічога не згадвае.

 
siamja-Skurko-01.jpg
Сям’я Скурко з маленькай Зоф’яй (на каленях у маці) і яе сястрой Марусяй. На заднім плане хросныя бацькі. 1909 год. Фота з кнігі «Успаміны крэсавянкі»

Выпадак на імпрэзе ў Лодзі

Некалькі старонак кнігі прысвечаныя асабістай сустрэчы з беларускім паэтам, якая адбылася ў Лодзі ў 1960 годзе на імпрэзе ў межах беларуска-польскага супрацоўніцтва. Арганізатарам быў Максім Танк, а мовай імпрэзы была... расейская. Абурыўшыся гэтым, Зоф’я пацікавілася ў беларускага дэлегата, які сядзеў побач, чаму яны не размаўляюць па-беларуску, на што той адказаў: 

«Запытайце Танка. Ён нават уласных дзяцей у Менску адправіў у расейскія школы».

maksim-tank-i-siarhiej-skurko.jpgЗоф’я, Максім Танк і Сяргей Скурко падчас імпрэзы. Фота з кнігі "Успаміны крэсавянкі"

Тады маці Альдоны папрасіла слова і выканала на сцэне песню на словы Канстанцыі Буйло «Люблю наш край, старонку гэту...», а пасля гучных авацый публічна звярнулася да Максіма Танка з пытаннем, чаму той не размаўляе па-беларуску і, як яна толькі што даведалася, паслаў сваіх дзяцей у расейскія школы.

«Шок. Пагатоў што тады яшчэ былі рэжымныя часы і афіцыйна існавала шчыльнае польска-расейскае сяброўства. Збянтэжаны беларускі паэт, уважаны за вялікага патрыёта, віўся, як вуж на патэльні».

Беларускі патрыёт і асцярожны функцыянер у адной асобе

Знойдзеныя ў мемуарах Альдоны Гавэцкай звесткі ў чарговы раз пацвярджаюць неадназначнасць асобы Максіма Танка. Выдатны беларускі паэт і беларускі патрыёт, абаронца мовы, з аднаго боку. З іншага — асцярожны функцыянер, які, як бачым, мог часам паступіцца тым, што ў маладыя гады так зацята бараніў ад знішчэння — родным словам.

Але ці маем мы маральнае права асуджаць яго за гэта? Цяжка ўявіць сабе тое пекла, праз якое прайшла наша інтэлігенцыя ў 1930-я і 1940-я гады. Ці ж не гэтая надзвычайная асцярожнасць дапамагла Максіму Танку выратаваць многіх выбітных беларусаў у самыя змрочныя часы?

Так, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, напярэдадні савецка-нямецкай вайны ён выцягнуў Наталлю Арсенневу з Казахстана, куды яна была высланая па загадзе НКУС. Бараніў Ларысу Геніюш ад цкавання і галечы, спрыяючы выданню яе кніжак, ведучы з ёй перапіску. Заступаўся за Міхася Стральцова, выкінутага з універсітэта за збор подпісаў супраць русіфікацыі ва ўніверсітэце. Багата для каго Максім Танк стаўся такім «анёлам-ахоўнікам».

Глядзіце яшчэ: 



 С.К., Budzma.org