Такім Нойза МС яшчэ не бачылі. Расійскі альтэрнатыўны выканаўца з вялікім поспехам даў у беларускай сталіцы два канцэрты запар. Адзін з іх прайшоў у фармаце unplugged. Найлепшыя песні прагучалі ў суправаджэнні цэлага “камернага” аркестра.
Дзіўная справа — Noize MC яшчэ ніколі дагэтуль не прасіў цішыні ў зале і прыглушанага святла на сцэне. Канцэрт у такім фармаце — чысты эксперымент з боку вядучага расійскага альтэрнатыўнага выканаўцы ды яго каманды, які было вырашана правесці менавіта ў Мінску. Да гэтага горада ў яго асаблівае стаўленне. Іван Аляксееў нязменна збірае тут аншлагі, пачынаючы з 2008 года, і выдатна памятае кожны са сваіх мінскіх выступаў. На пачатку канцэрту ён кажа пра лічбы, якія сышліся ў гэты дзень: гэта яго 10-ты сольны канцэрт у беларускай сталіцы і ўпершыню ён прыехаў адразу з двума выступамі, каб адзначыць 10-годдзе свайго гурта. На пачатку ён вырашыў не раскрываць усе карты і выйшаў на выкананне першага “Фрыстайлу” разам з бітбоксерам. Прыпеў, узяты з даўняга хіта Лінды “Мало огня”, адразу ж падхоплівае ўвесь танцпляц. На “Жадине” далучаецца яшчэ пара музыкаў, на гук саксафона публіка рэагуе з надзвычайным захапленнем. З кожным наступным трэкам да Нойза далучаюцца ўсё новыя і новыя музыкі — на “Мерине” ўжо гучаць і клавішы, у “Кури бамбук” ролю паліцэйскай сірэны выконвае жывая электраскрыпка, гучаць таксама перкусіі ды віяланчэль — часам на сцэне адначасова знаходзіцца каля 10 чалавек, і з’яўляецца адчуванне, што Нойзу падыгрывае сапраўдны камерны аркестр (на наступны дзень да ўсяго гэтага вэрхалу далучыцца духавая секцыя). Калі колькасць музыкаў дасягае крытычнай мяжы, Іван раптоўна кажа: “Валіце ўсе!” — і застаецца на сцэне адзін з гітарай і зацягвае пачатак “Моего моря”: “Чистый воздух как едкий дым…” — і зала выбухае.
Слухачы з першых шэрагаў, перакрыкваючы адно аднаго, просяць выканаць свае ўлюбёныя песні, і Нойз выбачаецца — не ўсе творы ў акустыцы паспелі падрыхтаваць — і абяцае выканаць парачку запатрабаваных хітоў наступным разам. Такім чынам, не прагучала, напрыклад, “R’N’B”, затое была «Ниже нуля» з прысвячэннем “зіме, што аніяк не хоча адыходзіць”. Адзін з сюрпрызаў — версія песні “Это был дождь” гурта “Рычаги машин”, у якім Іван граў на бас-гітары, калі яму было 16.
Між песнямі выканаўца анансуе кліп і новы альбом. Відэа на песню “Бассейн” яго прыхільнікі ўжо зачакаліся. Сам Нойз жартаўліва параўнаў падрыхтоўку роліка з тым, як сланіха выношвае сваё дзіця, ды паабяцаў, што прэм’ера адбудзецца ў жніўні гэтага года. Вось-вось выходзіць новы альбом, які, са слоў выканаўцы, паўстаў абсалютна раптоўна. Дыск будзе звацца “Protivo Gunz” — гэтак калісьці называўся склад акампаніятараў Нойза. У кружэлку ўвойдуць у асноўным песні, добра вядомыя з канцэртнага выканання, але не выдадзеныя дагэтуль. Але і гэта яшчэ не ўсё — выканаўца рыхтуе на восень яшчэ і свой сольны альбом, запісаны ў артадаксальным рэп-рэчышчы практычна без выкарыстання жывых інструментаў. Без сумневу, можна чакаць, што прэзентацыя новых рэлізаў ад Noize MC абавязкова пройдзе ў беларускай сталіцы. “Мінск — гэта горад, які нас чакае больш за ўсіх!” — заяўляе музыкант пры канцы канцэрту.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч