Тры новыя кнігі пра жыццё беларусаў замежжа прэзентавалі ў музеі Максіма Багдановіча, а таксама пагаварылі пра тое, што рабіць, каб не страціць каштоўныя факты эміграцыйнай гісторыі.
Няпростыя часы Рады БНР
Усе тры выданні пабачылі свет на пачатку гэтага года. Зборнік “Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы”, укладзены Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам, — гэта ўжо другая кніга, прысвечаная пасляваеннай дзейнасці самага старога ў свеце «урада ў выгнанні».
Кніга рэпрэзентуе перыяд кіравання Вінцэнта Жука-Грышкевіча. Тут можна знайсці дакументы, пратаколы паседжанняў, ліставанні і фотаздымкі. Гісторык Наталля Гардзіенка распавядае, што 1970-я гады былі няпростым часам для Рады, бо якраз назіраліся паляпшэнні ў дачыненнях паміж Захадам і СССР. Адпаведна ўвага да антыкамуністычна скіраваных эміграцыйных арганізацый з боку заходніх структур зменшылася, і Радзе БНР давялося шукаць новыя шляхі, каб працягваць дзейнасць. Ужо рыхтуецца і аналагічны працяг кнігі, які будзе адлюстроўваць перыяд кіраўніцтва наступнага старшыні – Язэпа Сажыча.
Алена Макоўская
Выданне стала 23-м у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», у якой ўжо 11 гадоў выходзяць кнігі, прысвечаныя беларускай эміграцыі. Кіраўнік Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская зазначыла, што нашая дыяспара сёння – гэта больш як тры мільёны людзей і каля 200 асяродкаў: «Для нас гэта не толькі велізарны чалавечы патэнцыял, але і культурніцкі. Бо гэта людзі, якія ў розныя часы запачаткоўвалі культурніцкія цэнтры, будавалі бібліятэкі, стваралі музеі, друкавалі кнігі, выдавалі газеты. Шмат нашых суайчыннікаў сталі вядомымі ў іншых краінах свету. Вялікая роля менавіта заходняй эміграцыі ў тым што яна захоўвала культуру, літаратуру і традыцыі, у той час калі тут быў Савецкі Саюз. Гэтыя людзі першыя віталі незалежнасць Беларусі, яны першыя працягнулі руку, калі ў нас здарыўся Чарнобыль. І сёння вельмі важна захаваць эмігранцкую спадчыну, перадаць яе нашчадкам”.
Наталля Гардзіенка
Смешная, сумная, незабранзавелая праўда
Другая прэзентаваная кніга – відаць, можа найбольш зацікавіць не толькі даследчыкаў. Называецца яна вузка-спецыяльным словам «Відымусы», што азначае завераныя вытрымкі з дакументаў. У кнігу якраз і ўвайшлі фрагменты з розных эміграцыйных дакументаў, якія паказваюць сумныя і смешныя эпізоды з жыцця беларускіх дзеячаў, а таксама мае каментары да іх. Аўтар кнігі Лявон Юрэвіч – архівіст і літаратуразнаўца, які з 1990-х гадоў жыве ў Нью-Ёрку і неверагодна актыўна апекуецца эмігранцкай спадчынай.
Літаратуразнаўца і крытык Ціхан Чарнякевіч распавёў, што Лявон Юрэвіч для яго чалавек унікальны і напаўміфічны: “Я знаёмы з ім толькі віртуальна, з цяжкасцю ўяўляю, як ён выглядае і які ў яго голас. Але ён пагрузіў мяне ў гэтыя матэрыялы і далучыў да даследаванняў”. На думку Чарнякевіча, які займаецца літаратурай 20-30-х гадоў, у Беларусі сведчанні тых гадоў вельмі стрыманыя, у лепшым выпадку гераічна-услаўляльныя, тады як эмігранцкі пласт наадварот дапамагае адчуць літратуру незабранзавелай – эпісталярый і мемуарыстыка даволі шчырыя і разняволеныя.
Ціхан Чарнякевіч
Кніга “Відымусы” складаецца з маленькіх займальных дэталяў, разнастайных сюжэтаў, якія дэманструюць асаблівасці пэўных сітуацый на эміграцыі і часу ў цэлым – да і пасля вайны. Напрыклад, можна пачытаць задачкі з падручніка па матэматыцы, па якім вучыліся дзеці ў лагеры для перамешчаных асобаў. Некаторыя асабліва ўражваюць, напрыклад такая: “Беларуская газета “Крыніца” пачала выходзіць 8 кастрычніка 1917 года і спыненая прыходам у Вільню бальшавікоў 19 ліпеня 1940 года, як доўга яна выходзіла?”. Тут можна прачытаць, напрыклад, лісты Наталлі Арсенневай, у якіх яна скардзіцца на нервовую дэпрэсію, знайсці выказванне Тамаша Грыба 1934 года, актуальнае і сёння, альбо гісторыю пра тое, як у лагеры для перамешчаных асобаў шавецкія курсы сталі савецкімі (пісалі лацінкай і забылі дадаць значок над літарай “с”).
Аўтар прадмовы да кнігі, літаратуразнаўца і крытык Ганна Кісліцына распавяла, што знайшла тут праўду пра мінулае, але не загладжаную і стэрылізаваную, як часта бывае з беларускімі дзеячамі, а жывую і цікавую: “Матэрыял тут самы розны. Ну, напрыклад, прачытала, як Тамара Стагановіч лечыць валасень. І здзівілася: я ж помню, як мяне ў дзяцінстве вучылі гэта рабіць, хоць за ўсё сваё жыццё (а я працавала медсястрой) я потым таго валасня ні разу не бачыла. Альбо чытаю, што ў Багушэвіча быў унук, а ў Каліноўскага быў сын. Увесь спектр дэталяў, якія могуць разбранзавець нашых герояў, ёсць у гэтай кнізе”.
Мінска-нью-ёркскі альманах
І апошнім у шэрагу прэзентаваных выданняў стаў новы 37 нумар традыцыйнага альманаху “Запісаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва”. Першы выпуск БІНІМ выдаў ажно ў 1952 годзе, і з таго часу альманах працягваў выходзіць у Нью-Ёрку і змяшчаць самыя розныя матэрыялы пра беларускую эміграцыю. Цягам апошніх 10 гадоў праект можна лічыць нью-ёркска-мінскім, бо выдаецца ён па-ранейшаму сумесна з БІНІМ, але ў Беларусі. Наталля Гардзіенка распавяла, што прэзентаваны нумар аказаўся аб’ёмнейшым за усе папярэднія і самым разнастайным. Тут і біяграфічны даведнік дзеячаў ваеннай эміграцыі, і вялікая рубрыка пра гісторыю беларусаў у Францыі, і раздзел, прысвечаны беларусам Прагі з адмысловай мапай беларускіх месцаў, ды шмат чаго іншага. «Гэта адзін з самых важкіх і выдатных тамоў выдання, – сказаў навуковец Арсен Ліс, – поўна прадстаўленая дзейнасць беларусаў у Празе. Вельмі важны і цікавы раздзел – бібліяграфія эміграцыі, тут змешчаныя кароткія біяграфічныя даведкі, але гэта важна, бо людзі не зніклі”.
Захаваць для гісторыі
Мовазнавец Зміцер Саўка распавёў, што асабіста знаёмы з не менш як дзясяткам асобаў, пра якіх ідзе гаворка ў прадстаўленых выданнях. “Лявон Юрэвіч – мой сусед з бульвара Шаўчэнкі, нашыя гады маладосці – канец школы і пачатак універсітэта – прайшлі разам, мы разам сталелі як беларусы, разам шукалі сваёй беларускай дарогі”. Апроч таго, ён згадаў, як у канцы 90-х два гады жыў у Нью-Ёрку і Кліўлендзе сярод беларускіх эмігрантаў і ведае, як пасля смерці беларускіх дзеячаў іх архівы цэлымі мяхамі выносяцца на сметнікі, бо проста фізічна няма дзе захоўваць. Хоць, безумоўна, дзякуючы такім людзям, як Лявон Юрэвіч і Вітаўт Кіпель многае ўдаецца ўратаваць.
Тэму працягнула дырэктарка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. “У наш архіў дакументы з эміграцыі трапляюць ад розных людзей, але ў асноўным гэта Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік. Я вельмі ім удзячная, бо ў іх узросце апекавацца гэтым даволі няпроста”. Яна распавяла, што праца з дакументамі беларускай дыспары ідзе вельмі даўно, у фондах маецца некалькі дзясяткаў архіваў дзеячоў беларускай эміграцыі, у тым ліку спевака Міхася Забэйды-Суміцкага і пісьменніка Сакрата Яновіча. А летась па прапанове Наталлі Гардзіенка быў заснаваны Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа. “Вось так да нас сцякаюцца сведчанні і дакументы пра беларусаў з розных краінаў, ператвараючыся ў вялікую рэчку”, – дадала Ганна Запартыка і нагадала прысутным, што кожны можа дадаць да яе і сваю кроплю.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай