У афішах Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з’яўляецца ўсё больш запрошаных зорак з Расіі, заўважыў Reform.by.
У афішы Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з’яўляецца ўсё больш запрошаных зорак з Расіі. Толькі ў гэтым месяцы спектаклі «Багема» і «Пікавая дама» дырыжуе галоўны дырыжор Башкірскай оперы Арцём Макараў, а партыю Германа ў згаданай вышэй «Пікавай даме» будзе выконваць саліст Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Міхаіл Пірагоў.
Трэба прызнаць, што з расійскімі дзеячамі мастацтваў Вялікі тэатр Беларусі супрацоўнічаў і раней.
У прыватнасці, заслужаны артыст Рэспублікі Буратыя, запрошаны саліст «Новай Оперы» і Вялікага тэатра Расіі Міхаіл Пірагоў выконваў партыю Калафа ў оперы Дж. Пучыні «Турандот» у Вялікім у мінулым годзе. Пра ягоны дэбют на беларускай сцэне актыўна пісалі дзяржСМІ.
Народны артыст Рэспублікі Башкартастан, лаўрэат прэміі «Залатая Маска» Арцём Макараў дырыжыраваў операй Дж. Вердзі «Макбет», а таксама працаваў над стварэннем «Багемы» ў Мінску.
«І вось зараз — яшчэ два новыя спектаклі ў Вялікім — «Аіда» Дж. Вердзі і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, у якіх, магчыма, мы пачуем нешта новае», — адзначаецца на сайце тэатра пра працяг супрацоўніцтва з маэстра .
Няма падстаў сумнявацца ў кампетэнцыі артыстаў, аднак можна заўважыць, што, у прыватнасці, Арцём Макараў працуе на спектаклях, у якіх раней удзельнічаў беларускі дырыжор Алег Лясун. Нагадаем, што маэстра быў зняты з рэпертуару ў канцы мінулага года за грамадзянскую пазіцыю, якую выказаў ў 2020 годзе. Лясун з’яўляецца адным з дырыжораў опер «Пікавая дама», «Багема», «Аіда» і многіх іншых пастановак, як і яго калегі Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін, якія працавалі над стварэннем адметных спектакляў у тэатры, але таксама трапілі ў няміласць і «звольненыя» за пазіцыю. Як бачна, папоўніць такія кадравыя страты кіраўніцтву тэатра ўсё цяжэй, і даводзіцца прыцягваць кадры з боку.
З партыяй Германа крыху іншая сітуацыя — Вялікі тэатр Беларусі неаднаразова запрашае на яе артыстаў. Напрыклад, вясной 2022-га партыю выконваў саліст опернай трупы Марыінскага тэатра Міхаіл Векуа. Хоць першапачаткова, пачынаючы з прэм’ернай пастаноўкі, ролю Германа грае народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі.
На сайце Вялікага ўжо даецца анонс выступу салісткі Дзяржаўнай капэлы Масквы ім. Вадзіма Судакова Ліі Красілоўскай — яна выканае ролю Царыцы Ночы ў оперы В. А. Моцарта «Чароўная флейта» ў сакавіку.
Што далей?
Разабрацца, дзе праходзіць мяжа між прыцягненнем увагі да тэатра, супрацоўніцтвам на роўных, і, уласна, заменай беларускіх спецыялістаў на расійскіх, — у хуткім часе не стане праблемай. Але тое, пра што казалі многія, ужо адбываецца — каб закрыць недахоп кадраў, на месцы звольненых беларусаў прыцягваюцца аўтары з Расіі.
Дарэчы, на сайце тэатра размешчана аб’ява аб конкурсе на замяшчэнне вакантнай пасады канцэртмайстра па класе вакалу. Ці значыць гэта, што на яшчэ адно месца прыйдзе зорка з найбліжэйшага замежжа?