Хто такая чырачка, калі гукаюць вясну на Тураўшчыне, навошта на Масленіцу елку упрыгожваць кветкамі і па зямлі качацца? Калі вы чулі пра абрад «Чырачка», што ладзіцца ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна, то лёгка адкажаце на гэтыя пытанні. А калі не — прапануем наш рэпартаж са свята і запрашаем паўдзельнічаць у ім у наступным годзе.
Калі на Міншчыне ці Віцебшчыне яшчэ дзьмуць зімовыя ветры і ляжаць гурбы снегу, то на поўдні нашай краіны ўжо яскрава ззяе сонейка, а дзяўчаты водзяць карагоды па чорнай зямельцы і леташняй траве. Вясну тут сустракаюць раней, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці Гуканне вясны прымеркавана да Масленіцы і называецца «Чырачка» або «Чырка». Гэта мяцовая птушачка, што сваім вясёлым «чырканнем» абвяшчае прыход цяпла. Па адных звестках, гэта вадаплаўная птушка кшталту качкі, па іншых — адмысловы від вараб’ёў. А печыва ў выглядзе птушачак-чырачак — галоўная абрадавая ежа, якой павінен пачаставацца кожны.
«Чыркаваць» — значыць гукаць вясну, спяваць веснавыя песні. І працягвалася гэта ў старыя часы ўвесь ранневеснавы перыяд, зараз жа скарацілася да аднаго дня. Тонежская «чырачка» спалучае ў сабе рысы Гукання вясны і Провадаў зімы. Збіраліся пераважна падлеткі, незамужнія дзяўчаты, нежанатыя хлопцы. Спявалі, каталіся на конях, гушкаліся на арэлях, да свята варылі яйкі, кісель, кашу, пяклі бліны. Адбывалася гуканне звычайна на гары ці на высокіх стагах. Нараджалі елку, нараджаліся і самі: дзяўчаты завязвалі «тарноўкі» — хусты ў кветкі. Спальвалі старое адзенне, дзіравыя кошыкі. Гаспадары растаплівалі снег і паілі кароўку, кабы яна была здаровая і давала малако, а таксама самі ўмываліся талаю вадою.
Свята традыцыйна ладзіцца ў нядзелю, а сёлета прыпала на 26 лютага. Каб пабачыць «Чырачку» на ўласныя вочы, у Тонеж прыехалі аматары беларускай традыцыйнай культуры з розных куткоў Беларусі, у тым ліку з Мінска. І гэта зразумела — традыцыя яскравая, унікальная, «сапраўдная» і жывая. Яна ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пачалася дзея каля мясцовага сельскага клуба. Перад гасцямі выступілі з вітальнымі словамі, песнямі, карагодамі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — дарослыя, пажылыя, дзеці і падлеткі. Гаспадары свята гасцінна запрасілі ўсіх у клуб, дзе мясцовыя жанчыны і дзяўчаткі нараджалі елачку — абавязковы атрыбут абраду. Паводле адной з тэорый, гэта сімвал новага году, які мог адзначацца з прыходам вясны. Елачку, як нявесту, упрыгожваюць рознакаляровымі кветкамі і стужкамі. У Тонежы гэта робяць не толькі на Масленіцу, але і на вяселле. Маладое дрэўца чымсьці і нагадвала дзяўчыну-нявесту ў вяночку. Затым зялёную прыгажуню з гонарам пранясуць праз усю вёску, каб усталяваць на гары — у цэнтры абрадавай дзеі, а ў канцы святкавання усцягнуць на высокае дрэва.
Свята толькі пачалося, а радасны настрой ужо авалодаў і старымі, і малымі. Падлеткі з імпэтам сэлфіліся ў клубе і на дварэ з клюбным Зюзяю, чырачкамі, конікамі. Да свята жывёлак упрыгожылі папяровымі кветкамі, запрэглі ў вазы, каб везці на горку галоўных завадатараў свята — тонежскіх жанчын сталага веку.
Паступова сабралася вялізная працэсія, не меней за сотню, а то і дзьве чалавек, і ўрачыста рушыла праз вёску. Наперадзе мясцовыя падлеткі і моладзь, першыя — хлопчыкі з той самай упрыгожанай елачкай і пудзілам у руках.
Усю дарогу бабулі спявалі песні:
Ой, чырочко-пташэчко, не залетай далечко.
Не занось мого венчыка, бо мой венчык — потрэбчык.
Трэба братка жаніці, а сестрыцу й отдаваць.
А сестрыцу отдаваць да вяселейко спраўляць.
Поехав мілы по дрова — загорэлась дуброва.
Стала міла тушыці, рэшэтом воду носіці.
Сколько ў рэшаце водзіцы, столько в мілого правдзіцы.
І адразу, без перапынку, зацягвалі наступную:
Ой, гу, вясна, ой, гу, красна!
Ой, што ж ты нам вунесла?
Горшчок масла, галава красна,
Горшчок сыру, голова сіва....
Калі адзін з хлопцаў папрасіў: «Спявайце што весялейшае!» Бабуля строга адказала: «Нельга вясёлае, сёння толькі «Чырачку» спяваем». Маецца на ўвазе комплекс аўтэнтычных песень, што заўсёды суправаджаюць абрад — вядома ж, выконваюцца ўсе яны акапэльна, у мясцовай старадаўняй манеры. Апроч названых, гэта яшчэ «Ой, у лесе на верасе», «Раве бугай, у поле хоча», «За чарэтам зелененькім стаіць ніва не арана» і інш.
Шлях па вёсцы да месца святкавання паказаў: традыцыя жывая, любімая, паважаная сярод тутэйшых жыхароў, а не штучна падтрымліваецца культработнікамі. Бо не толькі ля клуба, але і каля сваіх хат, крамы збіраліся вяскоўцы, каб хоць павітаць удзельнікаў — а тыя адорвалі іх чырачкамі.
Напрыклад адна з бабуль сустрэла нас ля брамы свайго дома і абмянялася са сваімі сяброўкамі-спявачкамі пачастункамі, папрасіла даравання ў апошні дзень Масленага тыдня.
Нарэшце працэсія прыбыла на горку. У цэнтры ўсталявалі нараджаную елачку, паклалі пад яе абрадавае печыва і завялі карагоды са спевамі.
Прыемна было чуць, што спяваюць не толькі тонежскія бабулі, але і жанчыны сярэдняга ўзросту, пераймаюць майстэрства мясцовыя дзяўчаты (пры клубе дзейнічае Народны фальклорны калектыў «Таняжанка»), а таксама навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтва, якія прыехалі на свята. Дзяўчаты не толькі падпявалі, але і бясстрашна запявалі некаторыя песні — усё-такі моладзь на свяце мусіць весці рэй.
А з якім смехам, жартамі, агенчыкам у вачах моладзь гуляла ў гульні! І ўсе яны таксама мясцовага паходжання, менавіта веснавыя: «Яшчур», «Грушка», «Варотцы», «У нас Арынка была».
Адным з цікавых момантаў свята — качанне па зямлі. Гэта робіцца дзеля шчасця, дабрабыту, ураджаю, здароўя на будучы год. «Як пакачаешся, то год спіна балець не будзе!» — пераконваюць тонежцы. І паказваюць прыклад: апускаюцца на зямлю ды па-заліхвацку коцяцца з горкі па даматканых посцілках (іх сцеляць на глебу, калі няма снегу). «Я летась як пакацілася, ажно да самога нізу, ледзьве ўстала, потым цэлы тыдзень усё балела...» — скардзіцца адна кабета. А побач муж жартуе са сваёй жонкі: «Вось я пакачаўся, пяць год скінуў, а ты старая засталася!».
Трэба ж яшчэ спаліць пудзіла на вогнішчы, а таксама усцягнуць елачку на дрэва. Пакуль пудзіла дагарала, жанчыны акружылі дуб і пачалі вадзіць вакол яго карагоды пад песні. Пад іх хлопцы ўсцягнулі елачку наверх і пакінулі ў галінках — кажуць, раней і смялейшыя ды спрытнейшыя жанчыны таксама забіраліся на дрэва.
А якое ж свята без пачастункаў? Гасцінныя вяскоўцы падрыхтаваліся як мае быць: на горцы можна было пачаставацца паранай бульбай, смачнай кашай з чыгункоў, тоўстымі блінцамі, вялікімі свойскімі яйкамі, смажаным на вогнішчы салам, капустачкай, грыбамі, агуркамі, «вушкай» (мясным супам) і іншымі вясковымі прысмакамі. Але галоўнай стравай была тая сама чырачка — пляскатае печыва ў форме птушачкі з даўгой шыяй, вочкі — сушаныя чарніцы. У кожнай гаспадыні — свая «парода», некаторыя булачкі зробленыя як «жаваранкі» — цеста, скручанае вузельчыкам.
«Бяры на шчасце чырку, — бабуля працягнула з усмешкай мне печыва. — Дома паставіш на вакно, і яна прастаіць увесь год — не сапсуецца, бо цеста я раблю без соды. Прынясе табе шчасце, удачу, багацце». Што ж, паспрабую — паедзе палескі падаруначак-блаславенне ў сталічную кватэру...
Надвор’е цягам тых некалькіх гадзін, што доўжылася свята, змянялася шмат разоў: то весела і ярка, зусім па-веснавому ззяла сонейка, то хмары зацягвалі неба ды сыпаў мокры снег. Сярод тонежскіх жыхароў лічыцца: як толькі нагукаеш чырачку, «то прыйдзе вясна, будзе цёпленько, і ўжэ будзеце босіком гуляць». Спадзяемся, што прыкмета спраўдзіцца!
Вольга Загорская, budzma.org