Заяўка Фундацыі пабудовы адкрытага грамадзтва «Яны — гэта мы» (Гайнаўка) дзеля збору сродкаў на рэалізацыю праекту «Rodzinne bajanie — bajek czytanie» (Сямейнае казаньне — казак чытаньне). Патрэбна 7000 злотых.
Зусім нядаўна кнігі былі для дзетак адным з найістотнейшых крыніцаў інфармацыі пра сьвет. На жаль, у наш час іх выцясьняе тэлебачаньне і ўсё ў большай ступені кампутары ды сеціва. З аднаго боку назіраем зьяву «лічбавага выключэньня», якая датычыцца найперш людзей старэйшага веку і ў горшым становішчы, зь іншага — зьяўляецца культурнае выключэньне, зьвязанае з заняпадам чытэльнасьці сярод дзяцей і моладзі. Як папярэджваюць навукоўцы, гэтая другая сітуацыя пагражае асновам ня толькі адукацыі й выхаваньня, але таксама выхаваньню правільных эмацыйных паводзінаў і рысаў асобы. Нашая прапанова скіраваная на сем’і зь дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Дзейнасьць мае на мэце заахвочваньне дзяцей і іхніх бацькоў да агульнага, сямейнага чытаньня і вывучэньня дзіцячае літаратуры. Падчас рэалізацыі праекту адбудуцца сямейныя спатканьні, агульныя забавы і чытаньні казак. Выбраныя дзеткамі казкі будуць адаптаваныя для чытаньня па ролях. Таксама дзеці зробяць малюнкі да казак. На заканчэньне зь сем’ямі-ўдзельніцамі праекту будзе зроблены запіс на радыё. Запісаная аўдыёдарожка трапіць у дашкольныя ўстановы, школьныя і грамадзкія клюбы, дамы дзіцяці і сем’і асобаў, якія адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі. Дабраахвотнікі падтрымлівацьмуць апякунскую, выхаваўчую і адукацыйную дзейнасьць дашкольных установаў, школаў і грамадзкіх установаў. Адрасатамі дзейнасьці дабраахвотнікаў будуць таксама сем’і з рызыкай сацыяльнае ізаляцыі, няпоўныя сем’і, дзеці з дамоў дзіцяці, а таксама дзеці асобаў, пазбаўленых волі.
Атрыманае фінансаваньне будзе выкарыстанае на закуп дыктафону, аплату гуказапісу і зьвядзеньня, запіс CD-кружэлак з радыёвыступам, а таксама на падрыхтоўку да друку кнігі, у якую ўвойдуць аўтарскія казкі (напісаныя падчас конкурсу «Байка», арганізаванага сярод асуджаных польскіх папраўчых установаў).
Чытаць казкі ніколі ня позна. Раз іх палюбіўшы, будзеш любіць заўсёды. Казкі любяць усе, хоць ня ўсе ў гэтым прызнаюцца, некаторыя проста ня ведаюць пра сваю любоў да іх, бо яшчэ яе не адкрылі. Казка здольная ператвараць зло ў дабро, паскудны настрой у жыцьцярадасныя паводзіны. Казка можа быць сховішчам ці прычынай клопатаў. Казка — гэта лекі на шматлікія хваробы.
На жаль, не існуе казачнай вакцыны, а як было б цудоўна, каб, нібыта як з адзёрам ці воспай, яна паскорыла справу замілаваньня чытаньнем. Нажаль, фармакалёгія тут бясьсільная, але сытуацыю можна выправіць. Прышчапіць любоў да казкі, да кнігі, да чытаньня можа кожны, хто мае ў сабе жарсьць — неістотна, колькі яму гадоў — чатыры, сорак ці болей.
Неабавязкова нават умець чытаць, байкі ж можна распавядаць, уяўляць ці граць, маляваць і напяваць.
Мы ўмеем і дзелімся з Вамі.
Вы сустрэнеце нас у дзіцячых садках, кабінэтах, шпіталях і ў дамах дзіцяці.
Туды, дзе нас няма, дашлем нашыя запісы — слуханкі, якія ствараем для Вас.
Любоў да казак па-над узростамі і па-над часамі.
Пераклад адсюль.