Новыя выданні ад “Галіяфаў”

10.09.2009 Культура

Выдавецтва “Галіяфы” прэзентавалае шэраг кніг серыі “Другі фронт мастацтваў” у канферэнц-залі мінскага Палаца мастацтваў 9 верасня.

У авангардзе другога літаратурнага фронту паўсталі сёлета Усевалад Гарачка з кнігай “Багі і героі” і Сяргей Календа з “Помнікам атручаным людзям”.

Калі Гарачка выдае ўжо трэцюю сваю кнігу, то для Сяргея Календы “атручаныя людзі” сталіся творчым дэбютам.

Павіншаваць літаратараў з днём народзінаў іх кніг завітала процьма паэтаў і шэраг музыкантаў. Вершы ў гонар народжаных кніг чыталі Васіліса Паляніна, Кацярына Макарэвіч, Ярыла Пшанічны, Зміцер Калейчык, Цімур Хоміч ды інш.

Сярод іншых песнямі паэтаў і літаратараў вітаў Серж Мінскевіч, а перформансам – “Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці”.

Вядоўца імпрэзы-прэзентацыі, паэт Зміцер Вішнёў, адзначае першую кнігу Календы як “літаратурную бомбу ў кантэксце брутальнай прыгажосці”, а шэф літаратурнага аб’яднання “Вобла” Ігар Жалткоў пяшчотна называе яе “пазітыўным максімалізмам”.

Колькасць наведвальнікаў склала больш за палову канферэнц-залі. У ходзе імпрэзы-прэзентацыі ладзілася віктарына, а яе пераможцы мусілі атрымаць каштоўныя прызы.

Прэзентацыі ад выдавецтва “Галіяфы” будуць адбывацца ў межах фестывалю “ДАХ-9” на працягу дзесяці дзён.

Афіша цалкам тут.

Тэгі: