Напяэдадні Дня Маці 10 кастрычніка ў Любаньскіх сярэдніх школах №1 і №3 у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступіла паэтэса Вера Буланда. Насамрэч, свята мацярынства супадае з цудоўнымі Пакровамі, калі
Прыгрэла сонейка ды нас аблашчыла,
Пад ногі восень сцеле дываны.
Пяшчотай боскаю і ласкай матчынай
Пакровы пестуюць святыя дні.
Прыгожымі вершаванымі радкамі вядомай паэткі з Барысава Лёлі Багдановіч пачала спадарыня Буланда размову з вучнямі. У сваім выступе падкрэсліла, што маці – гэта акно ў вялікі свет, прыгадаўшы мудрую думку В. Бялінскага: “Няма нічога больш святога і бескарыслівага ў параўнанні з ёю”. Звярнула ўвагу дзяцей на тое, як неабходна быць уважлівымі да мамы, дапамагаць ёй, не крыўдзіць, берагчы яе сэрца. Бо сама госця таксама не заўсёды разумела, якая мама лепшая сяброўка ў яе жыцці, і што аб хваробе сваёй доўга не прызнавалася:
Я ведала, што мама маладая,
Што прыгажэйшая за ўсіх жанчын вясковых,
Казалі, што і лепш за ўсіх спявае,
А што яна была зусім не так здарова,
Як думалася. Часта цяпер сніцца,
Як скаргі прапускаючы праз чэрствасць
Сваіх дзявочых планаў і амбіцый,
Я ўсё часцей прыгадваю маленства,
І ўжо матулю бачу Каралевай…
І прыходзіцца самыя цёплыя словы шаптаць “ў залеве слёзаў над магілай”…
Спадарыня Буланда сярод многіх загадак, якія некалі напісала для дзяцей – каб угадалі і загадку, і канцавую рыфму, звярнулася і з загадкай пра маму:
…Хто ставіць на локцях латкі
І хто нам прасуе бялізну?
…………………………….
Памылкі усе нам даруе,
І прачынаецца першай?
Каго я люблю і шкадую,
Каму я складаю вершы?
–Канечне, маме.
Самым актыўным вучням і пераможцам у адгадванні загадак ад культурніцкай арганізацыі “Будзьма беларусамі” былі ўручаны паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкі, майкі.