Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра ўсё тое, што адбывалася вакол крамы Symbal.by на мінулым тыдні.
Я сачу за беларускай палітыкай з 1994 года.
Ніколі на маёй памяці рэпрэсіі і адвольныя затрыманні не прымалі такога татальнага характару, як сёння. У пераліку арыштаваных, забраных на суткі, змешчаных у ізалятар і пад варту можна ўжо, як у «Архіпелагу ГУЛАГ», вылучаць глыбы і слаі, тыпы і катэгорыі.
Сядзяць на бясконцых сутках актывісты «традыцыйнай» апазіцыі, Статкевіч і Севярынец; сядзяць пад следствам два з трох папулярных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва; сядзяць іх знаёмцы і нават родныя; сядзяць пад крымінальным падазрэннем папулярныя тэлеграм-блогеры. І гэта не згадваючы соцень адносна выпадковых людзей, якія былі затрыманыя, пабылі на сутках ці аплацілі штраф і ўжо паспелі выйсці (часам – страціўшы працу).
Я не пагаджуся з тым, што ўлада спалоханая, што яна панікуе і паводзіць сябе неразумна. Усё, што робіцца, цалкам укладаецца ў жалезную логіку: чым менш папулярная сістэма, тым больш карных высілкаў яна мусіць прыкладаць, каб захаваць панаванне. Калі супраць была меншасць, рэпрэсіі тычыліся меншасці і маглі мець кропкавы характар. Калі цяпер непрыхільных вельмі шмат – столькі ж мусіць быць і арыштаў.
Трэба біць па лідарах апазіцыі, бо яны здольныя арганізаваць і скіраваць велізарны разгублены натоўп на вуліцы. Трэба біць па канкурэнтах, каб паказаць бюракратыі, што канкурэнты не перамогуць нават калі перамогуць. Трэба ціснуць знаёмцаў і родзічаў, бо абвінаваўчыя паказанні ж аднекуль мусяць узяцца, іх нехта мусіць даць. Трэба закрываць сеціва ажно да поўнага адключэння, каб людзі забыліся, наколькі іх шмат, страцілі адчуванне лучнасці.
Усё напісанае вышэй апраўданае толькі ў тым выпадку, калі адзіная мэта – любымі сродкамі захаваць уладу, без роздуму пра тое, як кіраваць пасля краінай, як захаваць павагу да публічных інстытутаў, адкуль браць грошы (Захад ужо ў роспачы, засталася драбяза да рашэння Еўракамісіі пра аднаўленне санкцый і спынення нават роздуму пра крэдыты і інвестыцыі).
Але нават калі глядзець на сітуацыю праз акуляры гэтай людажэрнай логікі, на мінулым тыдні была зробленая адна яўная памылка.
Яна палягала ў накаце на людзей, якія гуртаваліся вакол беларушчыны, увасобленай у краме Symbal.by. Шмат каму можа падацца, што хапанне людзей з чаргі па саколкі нечым роўнае налёту на чэргі і ланцугі салідарнасці, але тут мы маем класічны стрэл у нагу.
Цалкам зразумела, што некаму вельмі не спадабаліся тавары з надпісам «ПСІХОЗ%». Абсалютна лагічным (з пункту гледжання прыгаданай логікі) было б папярэджанне, закрыццё вытворчасці тавараў і нават прэвентыўнае адключэнне святла. З мэтай запэўніць уладальнікаў, што тыя перайшлі мяжу дапушчальнага і мусяць вярнуцца ў утульнае гетайка, у якім «белмоўныя» заўзятары існавалі апошнія гады. Уладальнікі – я ўпэўнены – хутка б зрабілі высновы.
Але сістэма вырашыла адрэагаваць празмерна, і тут пачаліся глабальныя наступствы.
Павал Белавус быў сімвалам (даруйце за каламбур) таго, што чалавек можа насіць у сэрцы «Пагоню», гаварыць на роднай мове і пры тым паспяхова развіваць свой бізнес. Скіраваны менавіта на папулярызацыю мовы і «Пагоні». Ідэя, якая стаяла за Белавусам, прывабіла тысячы сімпатызантаў (54 тыс. падпісчыкаў у Instagram).
Яна змусіла моладзь з «Зыбы» і Кастрычніцкай задумацца, у якой краіне яны жывуць. І нават адчуць гонар за гісторыю і слаўнае мінулае гэтай краіны.
Не ўсе гэтыя людзі чыталі беларускія кнігі. Не ўсе яны нават валодалі беларускай. Але – зусім як у рамане «Мова» – яны, кожны ў сваім коле сяброў і знаёмых, зрабіліся тым «падполлем», якое нараджала трэнд.
І тут пачынаецца самае цікавае.
Для мяне зусім не відавочна, што ўсе прыхільнікі «Пагоні» былі гатовыя апрануцца ў саколкі «ПСІХОЗ%». Я нават далей пайду і зазначу, што зусім не ўсе яны былі настроеныя супраць улады. Тое, колькі абсалютна нейтральных інстаграмераў, зорак дзяржаўнага тэлебачання і радыё, беларускай «эстрады», вядоўцаў дзяржаўных шоу ўзняло голас у абарону разагнанай АМАП чаргі ў Symbal.by – таму доказ.
Сістэме, якая адчувае сваю ўразлівасць, трэба не толькі палохаць, але і спрабаваць злучаць вакол сябе. Страціўшы старых – шукаць новых прыхільнікаў.
І гэтая публіка з чаргі ў Symbal.by – тая, якую паліваў вадзічкай трактар – яна патэнцыйна магла б паставіцца да ўлады калі не як людзі дзяржаўныя, дык хаця б як патрыёты. Кожны з тых, хто стаяў у той чарзе, мог тэарэтычна падхапіць мантры ідэолагаў пра тое, што ў нас, маўляў, спрабуюць забраць краіну, што нам пагражаюць суседзі, а за кандыдатамі бачныя лялькаводы.
Трэба было толькі спадабацца гэтым людзям.
Зрабіць іх «сваімі».
Замест таго адбыўся хапун і трактар.
Ператвараючы ўсю чаргу ў патэнцыйных актыўных удзельнікаў Плошчы.
Чым далей, тым выразней бачна, што ў актыве ўлады застаюцца толькі грамадзяне, якія наўпрост атрымліваюць ад яе заробкі. Бюджэтнікі. Сілавікі. Спартоўцы. Тыя «зоркі эстрады», якія не паспелі набыць сабе світшот «Край Вольных». Гэта ў найлепшым выпадку чвэрць ад тых, што маюць права голасу.
То не здзіўляйцеся маштабам зваротнай хвалі.
Віктар Марціновіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!





