Паліна Качаткова: “Уплыў асобы”

kacatkovafota

— Калі я была маленькая, то зусім не ведала, што існуе беларуская мова.  Неяк так атрымалася… Нават не ведаю чаму.  Жылі мы з маці і бацькам ў гарадах – Воршы, Магілёве, Гомеле. На вёсцы свякоў не мелі. Зусім не мелі. Хто-небудзь можа не паверыць, але гэта сапраўды так. Бацькі мае скончылі Маскоўскі ўніверсітэт, гістарычны факультэт. У доме былі кнігі і на расейскай мове, і на польскай мове, і на беларускай. Але пакуль я не магла чытаць,  усе яны былі для мяне аднолькавыя.

У 1975 годзе, я пайшла ў школу ў Гомелі і пачала самастойна чытаць кнігі. І тут я зразумела, што ёсць кнігі двух кшталтаў – адны, якія я ўмею чытаць ды іншыя, якія я чытаць не магу. Прычым “кнігі, якія я чытаць не магу” былі больш прываблівыя з выгляду і мелі шмат малюнкаў, але браць іх у бібліятэцы было бессэнсоўна – усё адно не зразумееш. І я навучылася адрозніваць кнігі па беларускай літары “І” ды нескладовым “Ў”. І нават навучыла гэтаму іншых дзяцей. У тым сэнсе, каб не браць гэтыя кнігі.

Калі мы пераходзілі ў трэці клас, мой сябра, які быў старэйшы на два гады, паведаміў, што ў школе мяне чакае новы прадмет “беларуская мова”. Я адразу не паверыла. Але давялося навучыцца чытаць уголас на ўроках, вучыць вершы, але сэнсу я ўсё адно не лавіла. Пасля я захварэла, і  неяк адначасова ў  нас дома з’явілася (ці ўжо была) кніга Даніэля Дэфо “Рабінзон Круза”, з тым самым беларускім “І”. У мяне была тэмпература і маці чытала мне кнігу, перакладаючы на расейскую мову. Я пачала выздараўліваць, брала ў рукі кнігу сама, але… магла разглядаць толькі ілюстрацыі.

Калі я была ў 9 класе, а гэта 1983 год, маці (яна выкладала і працягвае выкладаць у Гомельскім універсітэце) аднойчы сказала мне, што можа затрымацца на працы, што прыйдзе студэнт, які гаворыць па-беларуску. Маці папярэдзіла, каб я адчыніла дзверы і не смяялася і наогул паводзіла сябе адэкватна, быццам бы нічога надзвычайнага не адбываецца. Я адказала, што не абяцаю не смяяцца, бо як так можна – гаварыць у жыцці, а не на на спецыяльным уроку па-беларуску. У той час пачуць у Гомелі жывую беларускую мову можа і можна было, але мне не пашчасціла… .

Хлопец сапраўды прыйшоў, і беларуская мова з ягоных вуснаў не гучала смешна, наадварот адразу (сапраўды – ў адзін момант) захацелася навучыцца гаварыць так, як ён. Гэта быў Алесь Бяляцкі, пасля ён падараваў мне самаробную паўштоўку з выявай экслібрыса Уладзіміра Караткевіча – вершнік забівае цмока. Пасля прыходзіў да нас часцей распавядаў пра вандроўкі па Беларусі, а перад сыходам у войска сказаў мне: паступай ў Менск на беларускі філфак”. Я так і зрабіла, а калі Алесь Бяляцкі вярнуўся з войска, я магла ўжо гаварыць па-беларуску.

Паліна Качаткова, пісьменніца

Аб праекце “Як я стаў беларусам”