Грамадскага актывіста і публіцыста не стала пасля доўгай хваробы 23 ліпеня, яму было 77 гадоў, паведамляе Hrodna.life.
Міхась Патрэба нарадзіўся ў 1945 годзе ў вёсцы Падчарнейкі Свіслацкага раёна, каля Белавежскай пушчы.
У 1980-я за незалежніцкія погляды яго звольнілі з універсітэта. Каб аднавіцца на працы, яму давялося прайсці ўсе суды, нават Вярхоўны. У канцы 1980-х ён змог вярнуцца на працу.У 1990-я Міхась Патрэба неаднойчы вылучаўся ў дэпутаты ад дэмакратычных сіл. Аўтар кніг «Нацыянальная ідэя і сацыял-дэмакратыя» і «Ніколі болей...».
Актыўна працаваў з Гродзенскай абласной асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсій. Укладальнік кнігі ўспамінаў «Ніколі болей» са сведчаннямі жыхароў Гродна, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў савецкага часу.
Пахаванне адбудзецца 26 ліпеня ў Гродне. Развітанне — а 12.00 у царкве ў імя святой прападобнай Марфы на гарадскіх могілках па вул. Антонава (дакладны адрас — вул. Прыгарадная, 1). Адпяванне пачнецца там жа ў 13.30.
Рэдакцыя budzma.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Міхася Патрэбы.