Уначы 3 траўня ў Мінску памёр Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміла яго жонка Ірына. Шушкевічу было 87 гадоў.
Станіслаў Шушкевіч на VII з'ездзе беларусаў свету МГА «ЗБС "Бацькаўшчына"», 2017 г.
Станіслаў Шушкевіч — сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка. Вядомы беларускі навуковец, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, сябра Рады ліквідаванага ўладамі міжнароднага грамадскага аб'яднання» «ЗБС "Бацькаўшчына"».
Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам БССР (з 1990-га), быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля жнівеньскага путчу 1991-га ачоліў беларускі парламент. Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савета быў зняты ў пачатку 1994-га. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995 годзе быў зноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне». Восенню 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандра Лукашэнкі. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей удзельнічаў у дзейнасці Вярхоўнага Савета, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.
Доўгі час ачольваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га — ганаровы старшыня).
У красавіку сёлета стан здароўя Шушкевіча пагоршыўся пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, нейкі час ён быў у рэанімацыі.
Развітанне адбудзецца ў суботу 7 мая ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску (плошча Свабоды, 9).