Павал Хадзінскі:”Словы выклікалі захапленне ад вымаўлення”

paval-hadzinski

– Усведамленне сябе беларусам прыходзіла паступова, часам імклівымі і эмацыйнымі перажываннямі. Тады, калі ў дзяцінстве чыталіся кнігі гістарычныя і жадалася сказаць, падказаць, папярэдзіць асобаў краіны, каб стала інакш, каб стала бяспечней. Тады, калі словы пачыналі выклікаць захапленне ад вымаўлення, ад гукаў невядомай да часу прыгажосці, калі прагнулася дзяліцца адшуканым, павесіць тэкст на сцяне і глядзець, як яго чытаюць. Калі ў касцёле спявалі песні з моладдзю. Тады, калі першыя касеткі з музыкаю выклікалі шок пры сумесным праслухоўванні, з наступнай перадачаю яе ў чарговыя рукі.

Беларусам можна нарадзіцца, каб потым стаць кім заўгодна. Быццё ім убірае ў сябе і радасць ад катання не на самых дзівосных і ўтульных для кагосьці трамваях. Быць беларусам – у параўнанні з іншымі бачыць тыя дробныя рэчы, якія ў штодзённасці незаўважныя, тыя, якія дазваляюць адчуваць неабходнасць працы над ужо існым. Каб гэтае існае было і надалей прыцягальным для якога-небудзь іншага беларуса.

Безумоўна, сям’я не можа не ўплываць на чалавека, на яго фармаванне як асобы, у тым ліку беларускай, нават тады, калі, здаецца, яна ўплывае наадварот, насуперак, ці, здаецца яе не існуе. У маім выпадку было інакш, была радасная падтрымка, зацікаўленасць.

Пасля сканчэння універсітэта займаюся рэчамі, якія падабаюцца. І гэта прыемна. Прыемна быць беларусам.

Павал Хадзінскі

Аб праекце “Як я стаў беларусам”