У Менску пачалі выдаваць пераклад «Паэтычнай Эды»

Са стараісландскай мовы пераклаў выкладчык Полацкага ўніверсітэту, піша svajksta.by.


Фота - выдавецтва "Галіяфы"
Фота — выдавецтва «Галіяфы» 

Шэраг перакладаў на навакрыўскую мову старадаўніх эпасаў еўрапейскіх народаў папоўніўся яшчэ адным — па-навакрыўску выдалі кнігу «Эда. Песні пра багоў». Перакладам парупіўся знаўца шведскай мовы і выкладчык у Полацкім універсітэце Яўген Папакуль.

Выдавецтва «Галіяфы», у якім выйшла кніга, анатуе:

«Песні пра багоў» — першая частка «Паэтычнай Эды», аднаго з найбольш вядомых шэдэўраў старажытнай скандынаўскай літаратуры.

У кнігу ўвайшлі як вядомыя паэмы з «Каралеўскага кодэкса», так і творы з іншых крыніцаў, да якіх рэдка звяртаюцца перакладчыкі. Гэта — першы поўны пераклад эдычных песень пра асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў на беларускую мову.

У дадатак да тэкстаў кніга ўтрымлівае змястоўныя каментары да кожнай паэмы, дзе апроч тлумачэнняў падаюцца і цікавыя факты па гісторыі твораў і асаблівасцях іх перакладу.

Перакладчык — кандыдат філалагічных навук, тры гады таму абараніў дысертацыю на тэму «Спецыфіка шатландскіх і англійскіх балад пра звышнатуральнае ў кантэксце рэгіянальнай літаратурнай традыцыі». Сярод тэмаў навуковых артыкулаў — «мерцвякі, што вяртаюцца», эльфы, магічная сіла рунаў у народных баладах. Таму згадка ў анатацыі пра «альваў, двэргаў, ётунаў» невыпадковая — гэта вобласць, што ня першы год натхняе перакладчыка.

Такім чынам, бібліятэчка пакрысе папаўняецца: у 2013-м выйшаў пераклад стараанглійскага эпасу «Бэўвульф» (пераклаў Антон Брыль), у 2015-м — пераклад фінскай «Калевалы» (пераклаў Якуб Лапатка), у 2016-м — пераклад пачатку стараіндыйскай «Рыгведы» (па-паэтычнаму вольна пераклаў Ігар Кулікоў — ён жа, дарэчы, і за «Эду» браўся, і залетась з кнігай-перакладам «Стараанглійскай паэзіі» выступіў). Цяпер на палічцы такіх друкаў з’яўляецца і Папакулева «Эда».

Для ня надта нюансаванага беларускага культурнага ўспрымання «Эда» — хіба нагадка пра прышлага князя Рагнвальда-Рагвалода і прышлага хрысціцеля Торвальда. А тым часам паэтычная «Эда» зачынаецца, напрыклад, знакамітым «Прароцтвам Вёльвы», у якім гаворыцца пра стварэнне свету з цела волата Іміра — так жа сама, як і ў «Рыгведзе» свет стварыўся з цела першаволата Пурушы. Цяпер, згадваючы Іміра, можна хоць бы цытаваць па-нашску і спасылацца.

Але калі хто належна падступіцца да латышскіх дайнаў? у іх старыны і міфалагічнасці і старой маральнасці ніяк ня меней, а то і паболей. Не забывайма: Поўнач — тут.

svajksta.by