
Да харошага хутка прызвычайваешся.
Напрыклад, да таго, што папулярны пісьменнік можа быць беспартыйны. А папулярны паэт – не мець у сваім творчым партфоліё ніводнага верша пра Сталіна. Ні пра Сталіна, ні Леніна, ні пра бел-чырвона-белы… Пішы, што хочаш.
Сёння здаецца, што такі стан рэчаў быў заўсёды. Між тым, яшчэ ў 1996 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» нашы пісьменнікі амаль паўгода дыскутавалі: ці маюць яны права на «паэзію чыстай красы»?
Рэдакцыя «ЛіМа» прасіла адказаць на наступнае пытанне: «Што такое “паэзія чыстай красы” ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры – васілёк, які прыхарошвае нашу ніву, званіца, якая ўзвышаецца над мітуснёй быцця, ці нешта іншае?»
На думку крытыка, літаратуразнаўцы, філосафа і, перад тым, найлепшага беларускага даследчыка ў галіне эстэтыкі Уладзіміра Конана, «пытанне закранае самую актуальную праблему літаратурнага і ўсякага іншага мастацтва». Напэўна таму выказацца па гэтай праблеме вырашыла такая прадстаўнічая кампанія творчай інтэлігенцыі Беларусі.
Тая анкета яскрава адлюстравала мастацка-эстэтычны пераварот, які адбыўся ў свядомасці літаратараў пасля перабудовы і зафіксавала іх вяртанне да традыцыйнай эстэтыкі як выяўлення прыгажосці жыцця. Як слушна заўважыў Алесь Бельскі, беларуская паэзія доўгія гады выракалася сваёй існай прыроды, ідэалогія замінала ёй быць «мастацтвам высокай красы», і толькі ў другой палове 80-х паэзія разняволілася і выйшла на шлях эстэтызацыі. Крытык прыводзіць у прыклад творчасць Леаніда Дранько-Майсюка: «Над прозай, мітуснёй быцця, паэзія стала ратавацца Грэцыяй і Парыжам, духоўным узвышэннем, стварэннем тонкіх узораў паэтычнага жывапісу. І гэта выдатна. Бо эстэтычная прырода паэзіі – падкрэслім яшчэ раз – у выяўленчай прыгажосці слова, вытанчанасці пачуццяў, пластыцы, гарманічнай закончанасці формы верша. Права быць эстэтам, песняром красы – права, можна сказаць, адвечнае наканаванае Богам. І ніхто не павінен навязваць творцу нейкі іншы шлях».
Яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, Уладзімір Конан, лічыў, што наогул размежаваць «чыстае» і «нячыстае» мастацтва (сацыяльна ангажаваную творчасць) на эмпірычным узроўні амаль немагчыма. Аднак «паэзія чыстай красы» ў кантэксце сацыяльна-палітычнай сучаснасці мае стаць для беларусаў «светлым міфам – апошнім прыстанішчам для збалелай душы» («Святло ў цемры свеціць»).
На думку Пятра Васючэнкі, у «чыстым» выглядзе «паэзія чыстае красы» ў нас не прысутнічае ні ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры, ні ў кантэксце класікі. У артыкуле «Кветкі прарастаюць праз асфальт» ён выказаў меркаванне, што той кірунак паэзіі, які некаторыя крытыкі вызначылі як «багдановічаўскі», азначае арыентацыю на інтэлектуалізм, кніжную традыцыю, рацыянальны пачатак, а не на чыстую красу.
Зусім па-іншаму глядзеў ужо тады на праблему «эстэцтва» ў паэзіі Валянцін Акудовіч, чыя пазіцыя была агучаная ў матэрыяле «На пераправе ці ўжо на другім беразе». Ён лічыў, што пытанне пра «паэзію чыстай красы» ёсць пытаннем ХІХ стагоддзя, а яго актуалізацыя звязана з тым, што «чыстая краса» раз-пораз «брала на сябе ролю калі не апазіцыянера, то легальнага апанента афіцыйна канстытуяванага мастацтва».
Акудовіч лічыў, што «недарэчнасць падзелу мастацтва на “чыстае” і “нячыстае” ў постмадэрновым дыскурсе настолькі відавочная, што ідэя “мастацтва дзеля мастацтва” тут можа быць аб’яўлена толькі як чарговая містыфікацыя ці правакацыя». На прыкладзе літаратуры канца ХХ стагоддзя, і ў прыватнасці літаратурнай суполкі «Бум-Бам-Літ», ён пераканальна даводзіў, што ўласна апазіцыя «прыгажосць–сацыяльнасць» і ўзнікла толькі таму, што грамадства ўвесь час спрабавала ўзваліць на паэзію розныя сацыяльныя функцыі.
Менавіта дзякуючы той даўняй дыскусіі і было закрытае для беларусаў пытанне – ці мае творца права на свабоду выяўлення ці ён раб галерны на службе ў грамадства?
…Вось жа дзіва – ніхто не чакае ад палітыкаў таго, каб яны займаліся літаратурай. А пісьменніка, які не палітыкуе, могуць і асудзіць, прычым публічна. Відаць, вядомае «паэтам можаш ты не быць, грамадзянінам – абавязаны» ўелася нам і ў плоць, і ў кроў. Як, дарэчы, і ўсім постсавецкім людзям. Не так даўно адна з самых пладавітых аўтарак украінскай літаратуры Марыя Маціас пабывала на прыёме ў прэзідэнта краіны Віктара Януковіча. І хоць літаральна перад гэтым яе калегі ўсур’ёз гаварылі пра пераслед гэтай пісьменніцы і ледзь не адозвы пісалі ў яе абарону, візіт да ўладнай асобы развярнуў грамадскую думку на сто восемдзесят градусаў. Некаторыя тут жа абвінавацілі яе ледзь не ў калабарацыянізме. Вось, напрыклад, Аляксандр Бойчанка напісаў пра сітуацыю так: «Замест таго, каб ладзіць яднаны супраціў чужой уладзе, украінскія майстры мастацтва прадаўжаюць шастаць уладнымі калідорамі ў пошуках пратэкцыі. Маюць права. Але няхай у такім разе не здзіўляюцца, што ўлада ставіцца да іх, як да дзяўчат па выкліку…»
Беларускія таксама «шастаюць», і іх таксама асуджаюць. Праўда не чытачы, а публіцысты. Напрыклад, Аляксандра Дынько вельмі катэгарычная ў сваім меркаванні пра тое, ці маюць пісьменнікі права сустракацца са сваімі чытачамі на дзяржаўнай пляцоўцы: «Менскі кніжны кірмаш Міністэрства інфармацыі цэніць нароўні са “Славянскім базарам”, “Тэлевяршыняй”, мэдыяфорумам “Партнёрства ў імя будучыні” і іншымі ідэалагічнымі імпрэзамі. Удзел у ім пісьменнікаў і выдаўцоў ёсць страшнай стылістычнай памылкай, што для творцы роўна самагубству. Сапраўды, творцу дазволена быць “над палітыкай”, але чуллівасць да настрояў грамадства – болю, несправядлівасці, салідарнасці – адрознівае сапраўднага творцу ад ардынарнага фіксатара штодзённасці. Да 19 снежня яшчэ можна было друкавацца ў “Звяздзе” і “СБ”, але пасля 19 сляпому і глухому мае быць зразумела, што, прамаўляючы на пляцоўцы, створанай і дазволенай дыктатурай, ты гаворыш яе голасам. Усё, што ты скажаш, будзе прысабечана ўладай і выкарыстана для яе мэтаў».
Даволі складана ўявіць, што можна выкарыстаць з выступу пісьменнікаў на кірмашы – прамовы Арлова і Бахарэвіча ў абарону палітзняволеных? Фотаздымкі натоўпу, які сабраўся на пятачку пад лесвіцай, каб падтрымаць «незалежнікаў» і купіць кнігі, адсутныя ў крамах? Тэлевыяву жонкі Фядуты, чыё выдавецтва таксама было прадстаўлена на дзвюх квадратных метрах?
Рэальныя падзеі пераканаўча давялі – удзел у кірмашы «вольных выдаўцоў» стаў не столькі падзеяй у сферы культуры, колькі грамадскім актам, які дэманструе салідарнасць незалежнага пісьменства. Як бы гэта нерэальна ні гучала ў святле таго, што выстава, сапраўды, найдзічэйшы ўзор нацыянальнага афіцыёзу.
Байкот быў бы зразумелы, калі б усе беларускія выдавецтвы і ўсе беларускія пісьменнікі адмовіліся ад удзелу ў форуме. Ці хаця б большая частка. Ці хаця б палова… Ці хаця б адна траціна. Чвэрць… Але, як выглядае, прапаноўвалася байкатаваць менавіта той «гарачай дзясятцы», якая і так знаходзіцца ў ізаляцыі ад афіцыйнага культурнага мэйнстрыму. Добраахвотная ізаляцыя прадугледжвалася выключна для «найлепшых імёнаў беларускай незалежнай літаратуры», прычым для таго каб яны, крый Божа, не змяшаліся з прыўладнымі графаманамі. Але асабіста я не ўяўляю такога змяшэння – пацалункаў, абдымкаў, сумеснага фатаграфавання. Наадварот, выяўная мяжа паміж «залежнымі» і «незалежнымі» з’яўляецца якраз тады, калі прадстаўленыя два бакі, дзве пазіцыі. Бо ў адваротным выпадку кожная з групаў з поўным на тое правам можа сцвярджаць: «Беларускія пісьменнікі – гэта мы, і ніякіх іншых ніколі не было і не існуе!» Зноў жа, «палітыку» варта шукаць не ў адозвах і выступах, а ў сіле мадэлявання мастацкага свету. Як ні парадаксальна гэта гучыць.
…Абсалютна натуральна, калі чалавек перажывае стрэс, згубіўшы блізкага. Зразумелае яго жаданне абмежаваць свае стасункі з навакольным светам.
Але ж жалоба не мусіць ператварацца ў пажыццёвую дэманстратыўную самаізаляцыю. Якім бы ні было гора, ты вымушаны разам з людзьмі адзначаць і дзевяць дзён, і сорак, і год. І гаварыць нейкія словы. Ніхто не чакае ад цябе весялосці. Але ніхто і не мусіць падштурхоўваць цябе да самаліквідацыі…
Як бы ні цяжка было нам усім пахаваць чарговую надзею, мы мусім вяртацца да жыцця, у тым ліку і грамадскага.
Як чалавеку, заангажаванаму сучаснай культурнай сітуацыяй, мне хочацца, каб нашыя пісьменнікі больш праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Але як літаратуразнаўца, я ведаю, што сапраўдныя творцы могуць быць і «не чуллівымі» да настрояў грамадства. Незалежна ад нашых чаканняў і спадзеваў яны прызнаюць толькі адну дыктатуру – дыктатуру творчасці.
І ўсе спробы перавыхаваць іх асуджаныя на правал. Праверана гістарычна.