Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра раман Аляксандра Пялевіна «Пакроў-17», які нядаўна атрымаў прэстыжную расійскую літаратурную прэмію «Нацбэст».
Пакуль у беларускай літаратуры прыгнечанае зацішша, самы час паглядзець, а што там у суседзяў.
У Расіі запалілася новая кніжная зорка — прэмію «Нацбэст» атрымаў Пялевін.
Але не той, якім зачытваліся ў 1990-я. Не той, які апяваў атмасферу ельцынскай свабоды і адначасова з тым — бардак, капіталізм і бандзюкоў.
Не той антысаветчык, які напісаў «Дзень бульдазерыста».
І ёсць усе шанцы, што з гэтага моманту прозвішча Пялевін будзе асацыявацца не з Віктарам Алегавічам, а з маладзейшым і нашмат больш публічным цёзкам, Аляксандрам.
Аляксандр Пялевін, бы той Анегін у Пушкіна, — стылёвы, актыўны і зусім не ўнікае ўвагі. Але нас цікавіць не пісьменнік, нас цікавіць ягоны раман і тыя працэсы ў Расіі, які ён падсвечвае.
«Пакроў-17» мае вельмі крутую фабулу. І калі б ён трымаўся менавіта той, першапачатковай, фабулы, магчыма, тон гэтай рэцэнзіі быў бы іншым.
Такім чынам, зноў дзевяностыя.
Але паказаныя без усякага захаплення, з непазбыўнасцю, уласцівай таму, як пра дзевяностыя (часы да прыходу збавіцеля-Пуціна) расказваюць у эфіры Салаўёва.
Журналіст Андрэй Ціханаў едзе ў закрыты рэгіён Пакроў-17, у якім робіцца нешта незразумелае. Час ад часу, з непрадказальнымі прамежкамі, тэрыторыю Пакрова-17 накрывае непраглядная цемра, у якой немагчыма перасоўвацца.
Апынуўшыся за ваеннымі кардонамі, якія не столькі абмяжоўваюць доступ цікаўных унутр, колькі берагуць вонкавы свет ад «пакроўскай» чартаўшчыны, герой уцягваецца ў супрацьстаянне вацскоўцаў, якія больш падобныя на злачынцаў, міліцыянтаў, якія яшчэ больш падобныя на злачынцаў, навукоўцаў, якіх прасуюць і першыя, і другія, і «супраціву».
Схаладнелы журналіст назірае, як па палях Пакрова гойсаюць мутанты, якіх называюць «шырлікамі» — пачвары палююць на «субстанцыю Кайданоўскага», загадкавымі «вугалькамі», якія выпадаюць на зямлю пасля кожнага змяркання. Адзін з суразмоўцаў тлумачыць Андрэю, што той «вугаль» і ёсць прычына мутацыі шырлікаў — некалі яны былі звычайнымі людзьмі, але ператварыліся ў пузатых і рагатых злыдняў, якія сілкуюцца матэрыяй Кайданоўскага.
Сюжэт яшчэ больш разганяецца, калі сам герой пачынае мутаваць і робіцца залежным ад «вугалю».
У гэтым сваім зрэзе «Пакроў-17» ёсць вельмі добра закручанай сацыяльнай фантастыкай. Якаснай, цікавай, роўнай творам братоў Стругацкіх.
Але ж, але.
Літаратура не можа існаваць асобна ад ідэяў, якія разлітыя ў дзяржаве. То тут з’яўляецца «Калужскі бальшак». Гэта назва рамана, які некалі напісаў пратаганіст, рамана, які быў зласліва сустрэты крытыкай 80-х за тое, што ў ім не знайшлося месца адлюстраванню сталінскіх перагінаў.
«Калужскі бальшак» — гэта твор пра Вялікую Айчынную, пра змаганне Чырвонай арміі акурат за тое месца ў Калужскай вобласці, дзе цяпер утварыўся Пакроў. «Калужскі бальшак» прылеплены да стройнай і звонкай фабулы «Пакрова-17», па маіх адчуваннях, даволі штучна — навошта, напрыклад, журналісту часоў Перабудовы звяртацца да ваеннай тэмы, якая ў 1980-я яшчэ не набыла таго важкага гучання, якое мае цяпер?
Чаму, напісаўшы раман, ён застаўся ў журналістыцы? Тым больш у рэпартажнай, з якой звычайна пачынаюць?
Неяк усё не клеіцца трохі.
Дык вось, тут у рамане з’яўляюцца «мёртвыя святыя» — здані з чырвонымі німбамі, якія час ад часу пужаюць мясцовых. І высвятляецца, што чэрнь, вугаль, мутанты і ўсе астатнія дзівосы закрытай зоны пайшлі ад баёў з фашыстамі — так увасобіліся перажыванні чырвонаармейцаў, якія тут змагаліся.
Аўтар «Калужскага бальшака» высвятляе, што прыбыў у Пакроў-1917 невыпадкова, што прыдуманы ім герой існаваў насамрэч і менавіта ён стаў прычынай утварэння анамаліі. Такім чынам, Андрэй Ціханаў вызваляе Пакроў ад праклёну, а раман заканчваецца парадам перамогі.
І вось гэта ёсць нейкім галоўным культурным кодам, які штораз прачынаецца ў сучаснай Расіі. І нават калі ты незалежны рэжысёр і здымаеш неблагі серыял «Перевал Дятлова», без фашыстаў тут не абысціся.
Чалавек, які не ўключае сябе ў гэты тэматычны рэй, мае ўсе шансы застацца незаўважаным.
Нават калі ён сто разоў геній і мае гучнае імя.
Так, напрыклад, Уладзімір Сарокін толькі што выдаў, магчыма, найлепшы свой твор, і гэты твор сустрэты страшэннай моўчаддзю — бо распавядае пра падзеі 2064 года, дзе Расія распалася на невялічкія дзяржавы, якія б’юцца адна з адной, а галоўны герой — доктар, што лекуе былых сусветных лідараў, сярод якіх ёсць і «Уладзімір».
Дык чакайце водгуку!
Віктар Марціновіч, budzma.by