18 чэрвеня ў мінскім клубе IMAGURU ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася прэзентацыя рамана Аляксея Шэіна “Сем камянёў”. Паслухаць пра гісторыю напісання кнігі сабралася блізу 60 чалавек, некаторыя з іх ужо размясцілі свае водгукі ў фэйсбуку.
“Вечар распачала неверагодная Кацярына Ваданосава, гралі музыкі – дзве гітары, цымбалы, флейта. Урыўкі з рамана чыталі акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Сяргей Рудзеня, і наогул было так атмасферна, што маё дзіця пачало чытаць першае беларускае высокае фэнтэзі проста ў электрычцы. І гэта ўлічваючы наяўнасць рыдара з Гары Потэрам у мамінай сумцы”, – дзеліцца ўражаннямі літаратурны аглядальнік velvet.by Ганна Севярынец.
“Аляксей Шэін аказаўся харызматычным аўтарам і вядоўцам; дасціпна, нязмушана, без залішняга пафасу, але ўзнёсла расказаў пра каштоўнасці і каштоўныя камяні, пра мары і мэты”, – піша адна са стваральніцаў сайта dzietki.org Крысціна Вітушка.
Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарыне на веданне літаратуры і мовы, прыдумаць слоган, які заахвочваў бы людзей чытаць беларускую літаратуру, а таксама выйграць цікавыя прызы кампаніі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і атрымаць аўтограф аўтара на памяць.
Для дзяцей былі арганізаваныя асаблівыя забаўкі: майстар-клас па вырабе кніжных закладак ад Таццяны Крыцкай і Віталя Саболькі (ініцыятыва “Альтанка для чытанкі”), акрамя таго дзеткі маглі сфатаграфавацца з дзіцячымі рыцарскімі даспехамі і ўпрыгожаннямі для юных дам.
Аўтар, пішы яшчэ!
Наталля Кабелка, фота Яўген Ерчак