Няўжо ёсць на свеце людзі, якія ў дзяцінстве не зачытваліся “Байкамі робатаў” або “Кыберыядай” Лема пад партай падчас урокаў? Ці магчыма, што кагосьці абышла бокам філасофская думка вялікага мысляра, выкладзеная ў “Суме тэхналогій”? Не кажучы ўжо пра бясспрэчна чароўныя да рэалістычнасці “Салярыс” і “Непераможнага”.
Да 90-годдзя з дня нараджэння Станіслава Лема ў трох галерэях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (“Ракурс”, “Лабірынт” і “Атрыум”) распачаўся міжнародны мультыпраект “Лемарыс”. Упершыню аматары творчасці найвыбітнейшага фантаста ХХ стагоддзя на ўласныя вочы ўбачаць рэпрадукцыі аўтарскіх малюнкаў самога Лема – невялікія замалёўкі, выяўленчыя вобразы таго, пра што потым ён напісаў словамі. На выставе прадстаўлена каля дваццаці з лішнім працаў. Тут і хатняя кухарка, як ён сабе яе ўявіў, стары робат, такі недарэчны, механічны салавей, гарбаты робат у дэпрэсіі (гэта класна!).
Не менш цікавыя графічныя працы найвядомейшага польскага ілюстратара кніг Лема — Даніэля Мроза. На выставе можна ўбачыць малюнкі да “Кіберыяды” і да “Баек робатаў”.
Можна пазнаёміцца з творамі мастака з Санкт-Пецярбургу Аляксея Андрэева, што працуе ў рэчышчы камп’ютарнай графікі (ілюстрацыі да рамана Лема “Эдэм”), а таксама творамі беларускіх аўтараў, выкананымі ў самых розных жанрах, ад дэкаратыўнага-ілюстрацыйнага да фэнтэзі: фатаграфіі Вадзіма Качана, жывапіс Фёдара Ястраба, Мікалая Бушчыка, графіка Сяргея Балянка, шкляныя вырабы Алены Атрашкевіч і Дар’і Ціхай, нават кераміку і скульптуру.
Фёдар Ястраб
Гаспадар галерэйных памяшканняў, мастак, загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб на ўрачыстым адкрыцці праекта адзначыў:
“Гэты праект складаны, як і сама шматгранная асоба Лема, якая заўсёды цікавіла ўсіх, усю творчую інтэлігенцыю, чытачоў. Але асабліва да яго заўсёды ставіліся мастакі і літаратары. Я мяркую, што яшчэ можна было б дзве-тры такія выставы зрабіць, бо ў нашых мастакоў твораў на гэтую тэматыку дастаткова.
Віктар Язневіч
Малюнкі самога Лема мала хто ведае. Яны толькі на першы погляд здаюцца такімі “пачаркушкамі”. Насамрэч за гэтымі малюнкамі стаіць удумлівы, цікавы, дапытлівы мастак-даследчык, бо ён (зразумела, калі пісаў пэўныя творы) шукаў форму для сваіх новых герояў, ён маляваў іх, перш за ўсё выяўляў на паперы. І таму з такім добра развітым пачуццём гумару ён малюе вельмі цікавых асоб – сараканожак, вясёлых робатаў, бо без гумару ствараць новае немагчыма. Абавязкова на гэтых малюнках у яго прысутнічаюць цікавыя тэкставыя паметкі, суправаджальныя словы”.
Пра беларускія пераклады Лема расказаў пісьменнік, перакладчык твораў Лема, старшыня таварыства “Беларусь—Польшча” Анатоль Бутэвіч. На ўваходзе нават можна было набыць адзін з апошніх перакладаў – раман “Непераможны”, што выйшаў ў серыі “Бібліятэка сусветнай літаратуры” выдавецтва “Літаратура і мастацтва”.
“Сённяшняя імпрэза – пацверджанне таго, што асоба Лема як пісьменніка, філосафа, фантаста, проста чалавека – гэта не толькі з’ява польская, але агульначалавечая. Бо кожны творца, калі ён закранае праблемы, якія хвалююць не толькі пэўную частку народа, да якога ён належыць, ён робіцца міжнацыянальным, калі можна так сказаць, творцам. Ён быў усебакова таленавітым і пісьменнікам, і філосафам. Нездарма, ён уключаны ў літаратурныя энцыклапедыі. Але і ён яшчэ ўключаны ў філасофскія энцыклапедыі — як філосаф. Калі верыць нашым лемолагам, то першае такое ўключэнне было ў нашую беларускую энцыклапедыю.
У яго вельмі шмат словаў-наватвораў. Калі параўноўваць з беларускімі пісьменнікамі, з тых, хто стварае свае новыя словы, дык гэта наш Рыгор Барадулін. Ёсць даследчыкі, якія склалі слоўнік лемаўскіх наватвораў. А цяпер уявіце сабе, як цяжка даводзіцца любому перакладчыку, на любую мову.
Тое, што беларуская фантастычная літаратура развіваецца, — безумоўная заслуга Станіслава Лема”.
Праект “Лемарыс” чакае наведнікаў да 4 лістапада.