Віктар Марціновіч піша для budzma.by пра тое, чаго нам варта чакаць ад надыйшоўшага 2020-га году.
Не ведаю, як вы, а я дык выразна бачу, што палітычны праект, які існаваў без ніякіх змен з 1999 года (час расколу БНФ і канчатковай маргіналізацыі апазіцыі; час, ад якога на полі застаўся адзін гулец), у цяперашні момант хіліцца да сістэмнага скону. Выразней за ўсё гэта бачна ad marginem, па краях. Уладара заўсёды робяць тыя, хто яму супрацьстаіць. Бо дысідэнты і грамадзяне — заўсёды не ахвяры рэжыму, а яго частка.
Віктар Марціновіч: Калі нашы перамогуць
Восень-зіма 2019 года выразна прадэманстравалі, што “старая” апазіцыя страціла не толькі рэсурсы, але і здольнасць да нават кіраванай мабілізацыі. Падтрымка, некалі пераадрасаваная на больш “рэспектабельныя” праўладныя праекты і НДА, прывяла да непрагназаваных вынікаў: хістацца пачала ўся канструкцыя, бо той канструкцыі быў патрэбны які-ніякі, але вораг.
Пры адсутнасці магчымасці палохаць грамадства рэпрэсіямі ў дачыненні да палітычных актывістаў (бо тых не стала бачна) давялося палохаць усіх спрэс, ад чынавенства да нават не нейтральных, а прыязных да ўлады бізнесоўцаў. Так пачуццё глабальнай несправядлівасці, якое раней працінала толькі людзей, схільных да чытання тэлеграм-каналаў, распаўсюдзілася проста на ўсе глыбы і слаі. Калі ўжо нават дальнабоі, замест таго каб глядзець Галусцяна, запускаюць у аўтобусах, што кіруюцца ў Еўропу, той самы фільм DW, прызнаць, што нешта скранулася, трэба.
2019 год быў годам чакання перамен зверху. Нават чыноўнікі і дэпутаты гулі пра тое, што 5 снежня, падчас паслання парламенту, Лукашэнка абвесціць рэформу (усе чакалі ўвядзення выбараў па партыйных спісах і значнага ўзмацнення ППНС у выніку рэферэндуму і змен у Канстытуцыю). Гэтае чаканне было настолькі напятым, што пра яго нават казалі публічна. Тое ж тычылася асноўных сфер — чыноўнікі розных узроўняў абяцалі “вось-вось, зараз” кардынальных крокаў у галінах, дзе нават вожыку была бачная неабходнасць змен.
Але нічога не змянілася. І не ўпершыню, дарэчы. Я ўжо казаў, што ў Беларусі выбудаваная сістэма, якая ідэальна спраўляецца толькі з адной задачай: спускаць па тармазах. Гэта адбылося і цяпер. Чаканне, што “вярхі” ачомаюцца і тэрмінова пачнуць рабіць нешта (а не казаць, што нешта будзе зроблена), не апраўдалася.
Да выбараў у год дзвюх дваццатак Беларусь прыходзіць бы той пепелац з фільма “Кін Дза Дза”. Здаецца, і лётае, але ўжо згаданаму вожыку зразумела, што лётаць будзе нядоўга. Бо такое не лётае.
Ёсць два сцэнары выйсця, якое мусіць пачаць абазначаць сябе ў 2020-м: ці адбудзецца рэзкае амаладжэнне каманды з паралельным наданнем маладым права дзейнічаць за і замест дзядоў (што істотна, дзейнічаць так, як яны, маладыя, лічаць мэтазгодным, нават калі дзяды катэгарычна супраць; гэткая кіраваная зверху кадравая рэвалюцыя), ці — глыбінны і ўсеагульны крызіс, які прывядзе да рэзкай зменай усёй парадыгмы.
Віктар Марціновіч: Пераадолець барока
Гэта, ведаеце, як у “Опелі” дзесяцігадовай даўніны: дзевяць гадоў і адзінаццаць месяцаў ён сяк-так ездзіць нават на старым акумулятары, паквохтвае, але заводзіцца, падрыствае, але разганяецца. А як мінае дзесяць гадоў і дасягаецца закладзеная маркетолагамі “мяжа самаразбурэння”, у гэтым “Опелі” ляціць адразу ўсё. Ад лямпачак да магнітолы. Ад шклопад’ёмнікаў да інжэктара. І рамантаваць гэта не мае сэнсу: адрамантуеш дыскапрыёмнік магнітолы — сапсуюцца драты, што вядуць да калонак праз салон.
Нашаму “Опелю” дзевяць гадоў, адзінаццаць месяцаў і дваццаць дзён. Яго добра падшаманілі, закрыўшы плямы іржы, лічыльнік на спідометры адкручаны так, што паказвае толькі 90 тысяч прабегу. Але з першага погляду на сцёртую гуму педаляў, на абіўку крэсел, старанна схаваную пад кітайскімі чахламі, адразу бачны сапраўдны ўзрост гэтага монстра.
У прынцыпе, сустракаюцца “Опелі”, якім і па сорак гадоў. Сустракаюцца “Нівы” і “Лады”, якія жывуць даўжэй, чым некаторыя іх уладальнікі. Але чамусь у паветры разлітае чаканне змен. Будзем спадзявацца, што змены будуць памяркоўнымі, паступовымі і прывядуць да таго, што краіна будзе здольная трымаць дарогу і ганяць хутчэй за навюткую “Тэслу”.
Віктар Марціновіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!