У Мінску скончыўся Шосты з’езд беларусаў свету. У другі дзень з’езду яго ўдзельнікі прынялі шэраг важных дакументаў і абралі кіроўныя органы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Кіраўніком арганізацыі пераабраная Алена Макоўская. Ніна Шыдлоўская была пераабраная старшынёй Рады.
Першы дакумент, які быў зацверджаны агульным галасаваннем, тычыўся дачыненняў беларусаў замежжа з уладамі, найперш неабходнасці прыняць закон “Аб беларусах замежжа”. Пра яго неабходнасць вядзецца ўжо 20 гадоў — акурат ад першага з’езду, але ён дагэтуль не прыняты. Адпаведна, не замацаваны статус “беларус замежжа”. У сваім звароце да дэпутатаў, ураду ды кіраўніка дзяржавы ўдзельнікі з’езду гавораць таксама, што не прынятая дзяржаўная праграма “Беларусы ў свеце”, не створаны дзяржаўны камітэт па справах беларусаў замежжа, у парламенце няма камісіі па справах беларусаў замежжа, а ў Акадэміі навук навуковага цэнтра, які б вывучаў беларускую дыяспару. “Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларускай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Беларусі!” — зазначаецца ў дакуменце.
Таксама была прынятая праграма “Беларусы замежжа” (2013—2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
Усе дэлегаты з’езду пагадзіліся з рэзалюцыяй “Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі”. “Мы звяртаемся да ўсіх беларусаў у метраполіі і замежжы з заклікам актыўна, штодзённа выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці”, — вядзецца ў дакуменце.
Мова — сапраўды тое пытанне, наконт якога не было спрэчак, а вось абмеркаванне заявы “Аб акце добрай волі” заняло багата часу, бо менавіта ў ёй фігуравала пытанне пра палітвязняў. “Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні”. Частка беларусаў Украіны папрасіла зняць наогул гэты дакумент з абмеркавання, бо ён мае палітычны характар і з’яўляецца ўнутранай праблемай краіны. Адзін з удзельнікаў з’езду, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, наадварот, прасіў дадаць яшчэ пункт пра гарантыі палітуцекачам, якія мусяць даць улады, і поўную рэабілітацыю палітычных зняволеных. Гэтыя прапановы не прайшлі, і ўрэшце заяву зацвердзілі ў першапачатковым выглядзе.
Удзельнікі з’езду таксама прынялі рэзалюцыю, датычную захавання гісторыка-культурнай спадчыны, і рэзалюцыю пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў (каб далей выкарыстоўвалася беларуская лацінка). Дадаткова прынялі прапанову “Да 500‑х угодкаў бітвы пад Воршай”. Юбілей будзе спраўляцца 8 верасня ў наступным годзе, і дэлегаты звярнуліся да Міністэрства культуры Беларусі, каб належным чынам ушанаваць гэтую падзею на дзяржаўным узроўні.
Па выніковай рэзалюцыі з’езду заўваг не было. Усе прысутныя пагадзіліся, што “нацыянальная ідэнтычнасць ёсць апірышчам развіцця беларускага народу”, а нашы нацыянальныя сімвалы — герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг. З’езд выказаў спадзеў, што герб і сцяг будуць уключаныя ў пералік нацыянальна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Кіраўніком ЗБС “Бацькаўшчына” была пераабраная Алена Макоўская. У сваёй прамове яна найперш падзякавала ўсім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі з’езду, ды ўсім беларусам, якія “думаюць пра сваю краіну і падмацоўваюць сваю любоў да Радзімы канкрэтнымі дзеяннямі”.
Былі выбраныя новыя сябры Вялікай Рады ды іншых кіроўных органаў аб’яднання, а таксама папоўніўся спіс ганаровых сяброў арганізацыі — тых, хто 10 і болей гадоў актыўна працуе на яе карысць. Сярод тых, хто быў названы ганаровым сябрам на з’езде, — Рыгор Барадулін, Яўген Вапа, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава ды іншыя.
З’езд скончыўся агульным воклічам “Жыве Беларусь!”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч