Васіль Якавенка выступіў на Моладзевым фэсце ля вёскі Лунна Мастоўскага раёну Гродзенскай вобласці 26 ліпеня.
Моладзевы фэст быў прысвечаны памяці паэта Міхася Явара, які нарадзіўся і памёр у гэтых мясцінах.
“Я б не назваў гэта фэстам, – кажа спадар Васіль. – Гэта хутчэй маёўка, якая ладзілася дзякуючы аднаму вельмі ініцыятыўнаму хлопцу – Алесю Зарэмбюку”.
На “маёўцы” прысутнічала каля 25 чалавек. Большай часткай гэта была моладзь, як мясцовая, так і тыя, хто спецыяльна прыехаў з Мастоў, Гродна, суседніх вёсак.
В.Якавенка: “Для мяне гэты прыезд і выступ быў адкрыццём. Што Купала, які жыў на той час у Савецкай Беларусі, што Явар з Заходняй Беларусі – усе задаваліся адным пытаннем: жыць ці не жыць? Тут рэпрэссіі, там прыгнёт… Такая доля беларускага творцы… Наогул усіх беларусаў.. Але, канечне, ёсць і добрае. Нашая сучасная моладзь, якая цікавіцца сваімі паэтамі, сваёй гісторыяй, якая прыязджае і шануе сваю культурную спадчыну”.
Акрамя выступу была доўгая гутарка, як з пісьменнікам, так і з мясцовымі жыхарамі, у якіх засталася вельмі добрая памяць пра паэта Міхася Явара. Жыхары шмат апавядалі пра Міхася, з павагай, з гонарам.
Таксама ўсе прысутныя схадзілі і ўсклалі кветкі на магілу паэта.
Прыезд празаіка Васіля Якавенкі адбыўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”