Арганізатары альтэрнатыўнай музычнай прэміі вырашылі раздаць выканаўцам кеды. Статуэтка цырымоніі “В кедах” уяўляла з сябе гэты прадмет абутку, пакрыты пазалотай. І хоць досыць сумнеўна выглядала сістэма адбору ўдзельнікаў мерапрыемства, можна з пэўнасцю сказаць, што яно атрымалася цікавым і насычаным. Нават у залі, абсалютна не прызначанай для рок-канцэртаў.
IQ48
Addis Abeba
Першую БЕСпапсовую музычную прэмію “В кедах” зладзілі дзве дзяўчыны — Святлана Рамонка, маці ў дэкрэтным, якая зарабляе на жыццё тым, што вядзе святочныя вечарыны, ды Лада Ліндэрман, прадавачка ў краме брэндавага адзення. Задума іхная, безумоўна, вартая ўвагі. “У Беларусі нічога падобнага не праводзіцца. Хацелася зрабіць выдатны канцэрт і цырымонію ды парадаваць народ”, — кажа Лада. Дзяўчаты назвалі сваю прэмію “В кедах”, бо менавіта ў іх прахадзілі большую частку жыцця. Параўнанне з альтэрнатывай “Рок-Каранацыі” Святлане не падабаецца, яна мяркуе, што гэта зусім розныя мерапрыемствы, і параўноўваць іх не варта.
Алег Хаменка і “Разбітае Сэрца Пацана”
“З аднаго боку, мы хацелі адрадзіць дух беларускага року другой паловы 90-х гадоў, — кажа Света. — Ды яшчэ паказаць найлепшыя маладыя сілы нашай альтэрнатыўнай музыкі”. Дух паспрабавалі адрадзіць тым, што паклікалі ў журы лідараў трох знакавых каманд — Алега Хаменку з “Палаца”, Аляксандра Кулінковіча з Neuro Dubel і Аляксея Цеціна з Happy Face. “Не было б гэтых негалосных забаронаў, дык запрасілі б зайграць, але хацелі хоць неяк аддаць даніну павагі, таму Аляксандра і Алега паклікалі ў журы”, — тлумачыць Лада. У выніку хэдлайнерам вырашылі зрабіць IQ48. Дарэчы, арганізатарам у апошні момант забаранілі разгортваць чырвоную дарожку, на якой меркавалася сустракаць гасцей. Палічылі гэта вялікай вольнасцю ў самым цэнтры сталіцы.
Жнюв
No Comment band
Света і Лада сцвярджаюць, што ўдзельнікаў цырымоніі “В кедах” назваў сам народ. Спачатку яны апыталі маладых людзей нефармальнага выгляду, каб тыя назвалі вядомыя ім альтэрнатыўныя каманды. “Крытэраў у нас асаблівых не было. Галоўнае, каб названыя каманды былі маладыя, цікавыя ды перспектыўныя”, — кажа Света. Складзены пасля вялікі спіс камандаў паказваўся ўжо нямэтавай аўдыторыі — пенсіянерам, настаўнікам, гандлярам. Света кажа, што было ахоплена ля 3 тысяч чалавек. Тыя называлі ўлюбёныя каманды са спіса, арыентуючыся, відаць, толькі па назве. 15 камандаў, якія прайшлі праз такі адбор, і выйшлі на сцэну 15 кастрычніка ў клубе “Цэнтр”.
Мутнае Вока
Лідару кожнай быў уручаны “Залаты кед” — статуэтка, якая “сімвалізуе свабоду і альтэрнатыўную моладзь”. “Калі сапраўды залаты, дык панясем у ламбард”, — заявіў са сцэны лідар гурта “Мутнаевока” Яўген Змушка, спрабуючы кед на зуб, а потым працягнуў: “А насамрэч вельмі прыемна атрымаць хоць нешта ў гэтай краіне”.
Вечна малады гурт “Жнюв” выйшаў атрымліваць прэмію “В кедах” у спартовых майтках. Вакаліст Алег Рыпенка заўважна скінуў вагу, падстрыгся пад Бона ды падчас сэта актыўна скакаў па сцэне. Дзіма Іваноў з гурта “Аддис Абеба” напужаў арганізатараў і парадаваў публіку, калі выканаў песню “Менты”, абгарнуўшыся ў бел-чырвона-белым сцяг.
Нягледзячы на тое, што пераможцамі было прапанавана лічыць усіх 15 выступоўцаў, былі названыя два гурты, якія атрымалі дадатковыя прызы. Адзін з іх назвала журы. Каманда
J-J Bingz атрымала права запісу адной песні на студыі FORZ. Другі назвалі гледачы — “Мутнаевока” атрымалі магчымасць бясплатна зняць кліп высілкамі Мінскай кінашколы. Да ўсяго, здымачная кампанія PROSTA вырашыла зрабіць зніжку ў 90% на здымку кліпа тром камандам — J-J Bingz, NoVa і “Без Паники”.
Света і Лада мяркуюць праводзіць прэмію штогод. Яны нават атрымалі прапанову зладзіць яе ў 2012-м у Кіеве. Засталося толькі падумаць над адэкватным прынцыпам адбору — і ў добры шлях.